на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                       краязнаўчы сайт
 


Блужа

    Гісторыя

Успенская царква

Мацеевічы

Арэшкавічы

Суцін

Засценкі

 

Блужа


Археалагічных помнікаў у Блужы не зафіксавана, але восенню 1999 г. вучань Талькаўскай школы Аляксандр Лінчык, капаючы бульбу на агародзе, знайшоў крамянёвы наканечнік стралы эпохі неаліту (ІІІ тысячагоддзе да н. э.). Гэта сведчыць, што тут жылі людзі ўжо ў каменным веку.

На карце ВКЛ ХVІ ст. Блужа ўжо пазначана як вёска.

У 1714 г. блужскія землі належалі Лявону Замайскаму, а ў 1725 г. уладарамі тут былі Адам і Аўгусціна Троські.

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай нашы землі трапілі ў склад Расійскай імперыі. У 1795 г. землі Ігуменскага графства "были пожалованы генерал-майору Попову (что после был действительный статский советник) с количеством 1175 душ со всеми принадлежащими тому именью землями и угодьями 28 356 десятин 1599 саженей, в том числе деревня Блужа".

Але гэты генерал, відаць, валодаў Блужай нядоўга, бо ў дакуменце пачатку XIX ст. "Алфавитный реестр наследных селений Минской губернии Игуменского уезда" пра Блужу напісана наступнае: "Блужа, село, мужских душ 79, женских 90, в нём униатская деревянная церковь Успенья Пресвятой Богородицы, господской фольварк, мельница на реке Блужанке мелет временно. Наследственное владение Стефана Быковского, в закладе у старосты Тышкевича".

У 1832 г. у Блужы ўжо новыя ўладары - Пётр і Тэафілія Завадскія. Пры Тэафіліі ў 1844 г. на Беларусі праводзілася інвентарная рэформа, тады ж быў складзены інвентар маёнтка Блужа.

Маёнтку Блужа належалі вёскі: Падосава - 22 двары, Берлеж - 32, Бабы - 12, Арэшкавічы - 16, Слабодка - 8, Суцін - 15, усяго 105 цяглых двароў. У маёнтку жылі дваровыя людзі - 10 сямей: Баешкі, Галавінчыкі, Кульбіцкія, Прановічы, Палазнікі, Міклушы, Кавалевічы, Шаўцовы.

У 1863 г. Блужа з землямі ўжо належала Лауры Свентаржэцкай, бо дачка Завадскіх Лаура выйшла замуж за Баляслава Свентаржэцкага. Баляслаў Свентаржэцкі - цікавая асоба, у яго незвычайны лёс. Трэба расказаць пра яго, бо праз гэтага чалавека наша мясцовасць стала арэнай паўстання 1863 г. Нарадзіўся ён у багатай шляхецкай сям'і ў маёнтку Багушэвічы Ігуменскага павета (цяпер гэта вёска ў Бярэзінскім раёне) у 1831 г. Калі вучыўся ў Пецярбургу ва універсітэце, пазнаёміўся з рэвалюцыйнымі ідэямі ў асяроддзі шляхты, выхадцаў з Беларусі і Польшчы, стаў прыхільнікам вызваленчага руху супраць Расійскай імперыі.
У 1863 г. Баляслаў Свентаржэцкі прызначаны паўстанцкім камісарам Мінскага ваяводства
, удзельнічаў у паўстанні ў атрадзе Станіслава Ляскоўскага. Недалёка ад Блужы, у шляхецкай аколіцы Суцін, быў збор некалькіх паўстанцкіх атрадаў. Сем шляхціцаў з Суціна таксама пайшлі ў паўстанцы. Але блужскія сяляне дапамагалі ўрадавым войскам лавіць па лясах паўстанцаў і рабавалі разам з царскімі казакамі шляхецкія дамы ў Суціне. Пра гэта пішуць суцінцы - Фама Шпакоўскі і Яўхім Загорскі - у сваёй скарзе на казацкі атрад, які абрабаваў Суцін.

Пасля разгрому паўстання Баляслаў эміграваў на Захад, жыў у Францыі, скончыў там Ваенную акадэмію, прымаў удзел у франка-прускай вайне 1870-1871 гг. У 1888г. у Венецыі Баляслаў Свентаржэцкі скончыў жыццё самагубствам. Нашчадкі Свентаржэцкіх жывуць цяпер на Захадзе. Жонка Свентаржэцкага Лаура (з Завадскіх) вярнулася з-за мяжы разам з дачкой Соф'яй. 1/7 частка блужскага маёнтка была секвестравана (перададзена ў казну) як землі "палітычнага злачынцы". У дакуменце 1866г. гаворыцца, што "от матери Лауры Свенторжецкой имение Блужа перешло к малолетней Софье Свенторжецкой. Состоит в опекунском управлении по малолетству Софьи". Відаць, справы ў гаспадарцы ішлі не вельмі паспяхова, бо Ігуменская казначэйства данесла ў 1868 г. Казённай палаце, што па маёнтку Блужа налічана нядоімак 9439 рублёў 29 капеек.

У 1861 г. у Расійскай імперыі было адменена прыгоннае права - сяляне блужскай уладальніцы атрымалі волю. Казённы землямер у 1866 г. праводзіў размежаванне зямель - што былым прыгонным, што пані. Разгарнуўся канфлікт, што доўжыўся 4 гады - з 1866 да 1870-га. Спачатку ў 1866 г. землі былі падзелены на карысць сялян. Апякун Соф'і запатрабаваў перадзелу, бо "нанесена вялікая шкода ўладальніцы і маёнтку". Новым падзелам засталіся незадаволены сяляне. З Блужы, Берлежа, Бабоў, Арэшкавіч пайшлі прашэнні ў Мінск. Па гэтых дакументах добра відаць праблемы, якімі жыў вясковы люд у той час. Вось змест прашэння берлежскіх сялян:

- 2-я праверачная камісія павялічыла штогоднія выкупныя плацяжы з 7 рублёў 25 капеек да 10 рублёў;

- забрала ў іх 30 дзесяцін іх зямлі (адрэзкі?);

- з іх надзелаў батракам іншых вёсак аддалі 21 дзесяціну;

- з іх сядзіб адрэзалі 3 дзесяціны, гэтым іх вельмі сціснулі: 19 сялянскіх хат і 7 батракоў мусяць размясціцца з усімі пабудовамі і агародамі на 3-х дзесяцінах. Узрасла небяспека пажару з-за такой сціснутасці;

- надзелы ім дасталіся бедныя - усяго 2-3 зярняты прыросту;

- млын на рэчцы ля іх вёскі затаплівае іх выган і сенакос - 6 дзесяцін;

- загадана ім заплаціць нейкую нядоімку па 120 рублёў з кожнага двара, па 60 рублёў праз 6 дзён, а то пагражаюць, што прададуць маёмасць.

Падпісаліся пад гэтым прашэннем берлежцы - Ярмола Ліннік, Ілья Прановіч, Янка Паўловіч, Адам Гайдучонак.

Толькі ў 1870 г. быў складзены 3-ці акт продажу і размежавання. Шляхам саступак і кампрамісаў з абодвух бакоў канфлікт, нарэшце, быў вычарпаны.

З дакумента 1888 г. мы даведваемся, што Соф'я Свентаржэцкая стала Прозар - выйшла замуж.

"Всей земли у Софьи Прозор 11 564 десятины 1225 саженей. Земля преимущественно супесчаная, черезполосицы не существует. Нет поземельных споров, счетов, долгов и взысканий не числится, а поземельный сбор уплачен 583 рубля 86 копеек. Фабрик в имении нет, а есть один дегтярный завод в урочище Веселов, один смолярный и скипидарный в урочище Дегтярня и две водяные мельницы - в урочище Рудня и при деревне Берлеж".

Ад пачатку ХХ ст. і да рэвалюцыі 1917 г. уладальнікам Блужы быў ужо пан Булгак. Напэўна, гэта той самы Юльян Булгак, што набыў Мацеевічы і Каменку ў 1859 г. Відаць, Юльян Булгак быў гаспадарлівым шляхціцам і хутка разбагацеў, ды так, што прыкупіў і Блужу. Гэта яго сыны валодалі Блужай, Мацеевічамі, Угодзіным у 1917г., але вымушаны былі пакінуць сваю маёмасць. Блужане згадваюць, што блужскі Булгак пакінуў маёнтак пасля рэвалюцыі, з'ехаў на Украіну і стаў там дырэктарам цукровага завода. Ягоны нашчадак (сын ці ўнук) прыязджаў у Блужу на памяці Мікалая Іванавіча Рабізы, спыняўся ў Акулічаў. Быў гэты нашчадак Булгака афіцэр у вялікіх чынах.

Панскі маёнтак не захаваўся, а стаяў ён насупраць цяперашняй школы. Сёння тут знаходзяцца сельсавет, лясніцтва, жылыя дамы. Пра тое, што тут некалі быў дагледжаны шляхецкі маёнтак, вялікая гаспадарка, нагадваюць прысады з ліп, а таксама склеп на беразе рачулкі. Пасля вайны панскі дом яшчэ стаяў, у ім жылі людзі. Потым яго разбурылі.

уверх