на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                          краязнаўчы сайт
 


Блужа

Мацеевічы

Арэшкавічы

Суцін

Гісторыя

Сарафінава гара і касцёл св. Антонія

Адкуль у Суціне палякі

Мост цераз рэчку Талька

Замачак

Першая пісьмовая згадка пра Суцін

Хто жыў у Суціне

Панятоўскія

Суцінскія недасекі

Як "святкавалі" стары новы год

     Суцін у паўстанні 1863 г.

     Падзеі

Спіс сасланых суцінцаў

Вяртанне з Сібіры

Як салдатам зямлю давалі

Засценкі

 

Суцін у паўстанні 1863 г.


Шляхта Суціна прыняла актыўны ўдзел у паўстанні. Акрамя любові да свабоды і нянавісці да расійскай тыраніі гэтаму спрыяла і яшчэ адна акалічнасць. Дачка блужскіх памешчыкаў Завадскіх Лаура выйшла замуж за Баляслава Свентаржэцкага (саўладальніка маёнтка Багушэвічы, цяпер Бярэзінскі раён), які ў 1863 г. быў назначаны паўстанцкім урадам Літвы на пасаду ваеннага камісара Мінскага ваяводства. Такім чынам, суцінская шляхта апынулася ў блізкім знаёмстве з кіраўніком паўстання на Міншчыне. Відаць, некаторыя суцінскія шляхціцы арандавалі зямлю ў блужскім маёнтку і ведалі Свентаржэцкага.

Паўстанне ў Ігуменскім павеце пачалося 17 красавіка 1863 г. у маёнтку Б. Свентаржэцкага Багушэвічах. Тут сабраліся паўстанцы, узброеныя стрэльбамі, пісталетамі, шаблямі. З Багушэвічаў атрад накіраваўся ў Ляды, Рэчкі, Пагарэлае, Лапічы, аколіцу Французская Грэбля, а адтуль у Суцін. Тут сабраліся разам некалькі атрадаў - з Мінска Юльяна Сушчэвіча, са Слуцка настаўніка Дамброўскага, з Ігумена і Багушэвіч. Усе яны размясціліся ў дамах тутэйшай суцінскай шляхты. Тут камандзір Станіслаў Ляскоўскі пералічыў паўстанцаў - 150 чалавек, падзяліў іх на групы - шосткі, па 6 чалавек, і плутоны - 5 шостак. Штаб складалі: Ляскоўскі - галоўны ваенны начальнік, Свентаржэцкі - ваенны камандзір, Мельхіёр Ваньковіч - касір, Альгерд Гансецкі - загадчык правіянту і Баляслаў Акуліч.

Са шляхты Суціна ў атрад паўстанцаў пайшлі:

Казімір Захарэвіч, 25 гадоў,

Франц Корзюк, 25 гадоў,

Антон Гарэцкі, 32 гады,

Гіляры Татур, 19 гадоў (у іншым месцы Захарый),

Франц Акаловіч, 17 гадоў,

Іван Матус (Матусевіч ?)74.

На беразе Талі ля Суціна паўстанцы зрабілі ўмацаванне, але, як ужо расказвалася вышэй, карнікаў тут не дачакаліся і бою ля Суціна не далі.

Як высветлілася з дакументаў, у Суціне Цітоў са сваімі казакамі не толькі адпачывалі і збіралі звесткі пра атрад С. Ляскоўскага. Казакі дашчэнту абрабавалі аколіцу Суцін. У гэтым ім дапамагалі сяляне.

8 мая 1863 г. суцінскія шляхціцы Фама Шпакоўскі і Яўхім Загорскі пішуць скаргу начальніку 3-яй пяхотнай дывізіі генерал-лейтэнанту і кавалеру Гольтберу. Падобнага зместу скаргу яны накіроўваюць у Мінск губернатару Кажэўнікаву. А іншыя скаржнікі з суцінскай аколіцы пісалі нават у Вільню - самому галоўнаму начальніку краю Мураўёву.

Вось што пішуць пакрыўджаныя суцінскія абывацелі.

22 красавіка на іх аколіцу Суцін напалі мяцежнікі - палякі. Акружылі, маўляў, Суцін з усіх бакоў, каб ніводны чалавек не мог выйсці, "ибо достанет пулю в лоб". Таму яны не змаглі данесці ўладам пра мяцежнікаў. Узялі гвалтоўна 7 чалавек маладых у атрад - мы казалі ім, каб яны пры першай жа магчымасці ўцякалі. Калі стала вядома, што сюды ідзе "наше российское войско и казаки", паўстанцы 24 красавіка сышлі. 25-га прыйшлі расійскія войскі, і іх начальнік (ужо вядомы нам Цітоў) дазволіў ім учыніць рабункі (так у дакуменце, хаця напісаны ён па-руску) над шляхецкімі дамамі. Рабункі ўчыняліся з дапамогаю сялян. Узялі збожжа, адзенне, грошы - у каго колькі было - дакументы, што пацвярджаюць шляхецтва. Потым іх начальнік "принудил нескольких человек подписаться на квитанции, а что там написано, не дал прочитать". Узялі казакі ў Суціне маёмасці на 12 тысяч рублёў серабром. "Это наши доходы за 10 лет. Как нам жить теперь?" - пытаюць няшчасныя. Калі суцінцы паехалі са скаргай у Мінск, то сяляне Блужы "арестовали нас и поступали с нами буйно. Они были подстрекателями рабунку".

Суцінцы звяртаюцца да губернатара: "Всепокорнейше просим ваше превосходительство сделать законное начальническое распоряжение и нам обиженным вспомоществовать".

4 студзеня 1864 г. Мураўёў піша мінскаму губернатару, што ён атрымаў скаргу ад шляхты аколіцы Суцін Карла Жэрэйтэра і Мацвея Вернікоўскага пра тое, быццам бы войскі разрабавалі гэтую аколіцу. Мураўёў загадвае разабрацца на месцы. Разабраліся. Адказ дае ваенны начальнік Ігуменскага павета наступнага зместу: суцінская шляхта садзейнічала мяцежнікам - дапамагала ім ежаю і іншымі рэчамі, - таму і скаргі іхнія пра нейкія быццам бы рабункі не трэба прымаць да ўвагі. Аб гэтым і аб'явіць прасіцелям. Шмат павучальных высноў можна зрабіць з гэтай падзеі.

Па-першае, прыніжэнне шляхты і прадстаўленне справы так, быццам бы паўстанцы гвалтам прымушалі суцінцаў дапамагаць ім, - не выратавала няшчасных. Няма сэнсу прыніжацца перад ворагамі і прасіць літасці. Усіх прасіцеляў выслалі ў Сібір гэтак жа, як і паўстанцаў.

Па-другое, царскія ўлады і ў Суціне скарысталі даўнюю варожасць паміж сялянамі (праваслаўнымі, мужыкамі) і панамі (католікамі, "палякамі"), каб перамагчы паўстанне. Гэта была мэтанакіраваная палітыка, распрацаваная хітрым сатрапам Мураўёвым. Сялянам, што лавілі па лясах паўстанцаў ці даносілі пра рух атрадаў, улады плацілі грошы, давалі ім зямлю высланых. Ніколі не пераможа народ, што расколаты, раздзелены. А беларускі народ у той час (ды і цяпер) быў раздзелены - моўна, рэлігійна, маёмасна, адукацыйна. Гэта былі два светы - шляхта і сяляне, яны жылі побач - і быццам на іншых планетах. Пагаварыце сёння з людзьмі ў тых беларускіх вёсках, дзе жывуць католікі ("палякі" - кажуць пра іх, адкуль яны тут узяліся, цэлая вёска палякаў, з Польшчы пераехалі?) і праваслаўныя. Вы пачуеце шмат водгукаў той даўняй супярэчнасці "пан - селянін".

Шляхта ішла ў паўстанне, каб вярнуць страчаныя ў Расійскай імперыі вольнасці, што мела гэтае саслоўе ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Ім было за што змагацца. Словы "свабода", "воля", "годнасць" для гэтых людзей не былі пустым гукам. А што селянін мог атрымаць ад перамогі "польскага" паўстання? Улады спецыяльна распаўсюджвалі чуткі, што гэта паны, шляхта паўсталі супраць цара, каб вярнуць прыгон, які цар-бацюхна скасаваў у 1861 г.

А 1 сакавіка 1863 г. царскі ўрад вызваліў сялян Літвы, Заходняй і Цэнтральнай Беларусі ад усякай залежнасці ад памешчыкаў, скасаваў часоваабавязанае становішча, перавёў беларускіх сялян значна раней, чым у Расіі, у разрад сялян-гаспадароў. Вось які добры маскоўскі цар! Трэба ісці ў "сельскія каравулы", як загадаў Мураўёў, і лавіць ворагаў цара.

Ля Суціна бітваў паўстанцаў з урадавымі войскам не было. Асноўныя бітвы атрада С. Ляскоўскага і Б. Свентаржэцкага адбыліся ля в. Ляды, Юравічы, у пушчы паміж Юравічамі, Раванічамі і Дубаўруччам, а таксама ля Лочына.

Пасля Юравіцкай бітвы Б. Свентаржэцкі перадаў камандаванне С. Ляскоўскаму і з'ехаў за мяжу. У верасні С. Ляскоўскі з атрадам у 90 чалавек накіраваўся ў Царства Польскае, на захад. Той, хто не хацеў падзяляць іх лёс, або вярнуліся дахаты і былі арыштаваныя, або бадзяліся па лясах яшчэ некалькі месяцаў. Увесь гэты час і аж да 1868 г. ішлі арышты і расправы над паўстанцамі і іх сем'ямі.

15 верасня 1863 г. ваенны начальнік Ігуменскага павета генерал-маёр Русінаў даносіць мінскаму ваеннаму губернатару пра аколіцы і вёскі Ігуменскага павета, што прымалі ўдзел у паўстанні. Першы населены пункт у гэтым спісе - аколіца Суцін. "Чрез околицу Суцин неоднократно проходили мятежницкие шайки в апреле и мае месяцах, и при таковых переходах пользовались продовольствием от местных жителей. Из Сутина гораздо более, чем из других околиц, присоединилось шляхты к шайкам". Ігуменскі ваенны начальнік прапануе выселіць 7 сем'яў з Суціна ў Сібір. Але 5 мая 1864 г. у рапарце мінскаму генерал-губернатару ён ужо патрабуе значна большага пакарання для Суціна: выселіць усе 42 шляхецкія сям'і (адна, 43-я сям'я, можа быць пакінута на месцы, бо перайшла ў праваслаўе) і 17 сем'яў суцінскіх яўрэяў. Бо яўрэі суцінскія "сильно подозреваются в способствовании мятежникам, как в доставлении продовольствия, так и в передаче разных сведений, к чему по врождённому им корыстолюбию отказать не могут".

Што ж такое адбылося ў Суціне, што так рэзка павялічыла крыважэрнасць ігуменскага начальніка? 16 красавіка 1864 г. (праз год пасля асноўных падзей) двое сялян з в. Жыцін сустрэлі ў лесе паміж Жыцінам Бабруйскага павета і Суцінам Ігуменскага павета 7 чалавек узброеных мяцежнікаў. Тыя далі сялянам рубель серабром "за маўчанне" і пайшлі ў лес. Сяляне з задавальненнем данеслі ўладам пра ўбачанае. З Бабруйска быў адпраўлены на пошукі інсургентаў атрад салдат. "После 5 часов перехода по болотам, где люди часто брели по пояс в воде, солдаты попали на остров, на котором открыты шалаши со следами недавнего в них пребывания людей. По предположению житинского священника Голеневича, открытые мятежники могли просуществовать целую зиму только при содействии и укрывательстве шляхты околицы Суцін, которая доставляла бродягам продовольствие". Вы падумайце! 7 паўстанцаў амаль год хаваліся ў суцінскіх лясах, і невядома, колькі б часу яны маглі яшчэ хавацца, калі б не жыцінскія сяляне. Па даносу гэтых "дабрадзеяў" з Суціна вырашана выслаць не 7 двароў (як меркавалася раней), а 42 двары шляхты і 17 двароў яўрэяў. Ігуменскі начальнік патрабуе высялення ўсёй шляхты Суціна. "Все они находятся между собой в тесном родстве идружбе. Жители оной околицы показали крайнее упорство в зловредных действиях против правительства, до этого времени я удерживался от выселения оной только вследствии обширности околицы Суцін. В ней 43 двора с 284 душами обоего пола. Теперь же я убеждён, что выселить всю сутинскую шляхту тем более необходимо, что следить за Суціном нет возможности, так как околица расположена на острове, окруженном глубокими болотами, прекращающими сообщение не только с окрестными местностями, но и между отдельными домами самой околицы".

З прапановаю выселіць аколіцу Суцін мінскі губернатар звяртаецца да Мураўёва 5 мая 1864 г. 11 мая 1864 г. з Пецярбурга прыходзіць адказ па тэлеграфе ад галоўнага начальніка Паўночна-Заходняга краю: "Разрешаю немедленно выслать из Суціна только 22 двора менее благонадёжных в Томскую губернию, об остальных же донести, если признано будет вредным, оставить их на настоящем месте жительства. Имущество переселяемых продать, кроме домов и сельских хозяйственных снарядов, которые поступят тем, которые будут поселены на их местах, о чём и будет сделано особое предположение".

уверх