на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                       краязнаўчы сайт
 


Экскурсіі

Краязнаўчы музей

Абрадавыя святы

   Юр'я

    Юр'я сцэнарый

Юр'я 2008


Каляды

Гуканне вясны

Купалле

Беларускія народныя гульні

Паходы па краю

Талькаўскі фэст

Працы вучняў пра край

Краязнаўчая канферэнцыя

Cвята "Наш край"










 

Сцэнарый свята Юр'я

Гучыць свісцёлка.

Знахарка: Сябры, мы сёння сабраліся на свята Юр'я. То можа скажаце, што гэта за свята такое?

1. Гэта свята першага выгану кароў у поле.

2. А святы Юр'я - гэта бог, што сёння ў белым адзенні на белым кані праязджае па нівах - і ўсё пачынае расці-зелянець.

3. Юр'я адмыкае зямлю пасля зімняй спячкі, выпускае расу, якая вельмі карысная для глебы і травы.

На кані пад'язджае Юр'я.

Знахарка ўсім: А вось і наш Юр'я пад'ехаў!

Святы Юр'я, дзе ж ты бываў?

Юр'я: Па палях хадзіў, жыта радзіў,

Жыта-пшаніцу, усякую пашніцу.

Знахарка: Давайце прывітаем нашага Юр'ю песняй.

Песня "Юр'я, ўстань рана"

Знахарка: А што рабіць трэба на Юр'ю?

4. У гэты дзень гаспадыні першы раз пасля доўгай зімы выганяюць кароў у поле. Пры гэтым яны выконваюць магічны абрад.

Знахарка: Так.

5. На выгане моладзь паліць вогнішча, на якім пякуць абрадавую страву - яечню.

6. У полі трэба прынесці ахвяру зямлі, а яшчэ спяваць юраўскія і вясновыя песні, гуляць у любоўныя гульні, карагоды вадзіць.

Знахарка: Усё вы ведаеце! А зараз мы спяваючы накіроўваемся да выгану. А па дарозе паглядзім, як выганяюць карову.

У двары

Гаспадыня выганяе карову ў поле, пры гэтым выконвае магічны абрад. Яна качае па спіне каровы свянцоным велікодным яйкам і гаворыць:

Выганяю я сваю кароўку

На шырокую вуліцу,

На шаўковую травіцу,

У глыбокую крыніцу,

Па светлу вадзіцу.

Шаўковай травіцы наядайся,

У глыбокай крыніцы напівайся,

Карысці набірайся,

Сурокаў не пужайся,

Ведзьме не паддавайся.

Пасля гэтага гаспадыня выганяе карову, пасцёбваючы асвечанымі на Вербніцу галінкамі вярбы.

На выгане

Абрад ахвяравання зямлі.

Усе становяцца ў кола. Адна з дзяўчат трымае каравай. Другая закопвае рэшткі ежы з велікоднага стала ў зямлю - каб быў добры ўраджай і не расло пустазелле - , потым чытаюць малітву "Ойча наш".

Песня "Вол бушуе"

Пасля гэтага каравай ставяць у рунь. Калі ён схаваецца ў жыце - значыць хлеб у гэтым годзе добра ўродзіць. Асвячоную вербачку ўторкваюць у зямлю - каб абараніць ніву ад граду.

Песні:

"Падай Юр'ю да(й) ключы з неба", "У чыстым полі пад яваром".

Карагоды:

"Мядуніца", "Харашо вясной".

Удзельнікі абрада частуюцца яечняй, якую спяклі на вогнішчы.

Знахарка: У мяне тут цукеркі ёсць, але ўсім не хопіць. Можа хто ведае якія прыкметы, звязаныя з Юр'ем?

1. Трэба, каб да Юр'я было сена і ў дурня.

2. На Юр'я наесца вол травіцы.

3. Юр'я без снегу і дажджу - будзе неўрадлівы год.

4. Як на Юр'я раса - хопіць коням аўса.

5. На Юр'я дождж - скаціне лёгкі год, а на грэчку недарод.

6. Калі на Юр'я мароз - то будуць добрыя проса і авёс.

7. Ад Юр'я пачынае куваць зязюля.

Пасля пачастунку працягваюцца песні, карагоды, гульні, танцы..

Песні:

"Даўно, даўно тое было"ці Балада пра Юр'я","Чырвоная вішня", "Ой сівы конь бяжыць".

Карагоды:

"Ой у полі, у полі пава летала", "Ой у полі, у полі дый на раздоллі", "За рэчкаю за ракой".

Гульні:

"Баяры", "Явар", "Цяцерка", "Яшчур".

уверх