на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                       краязнаўчы сайт
 


Экскурсіі

Краязнаўчы музей

Абрадавыя святы

Паходы па краю

Талькаўскі фэст

     Гісторыя

Фэст 2007

Фэст 2008

Фэст 2009

Фэст 2010

Фэст 2011

Фэст 2012

Фэст 2013

Фэст 2014

Працы вучняў пра край

Краязнаўчая канферэнцыя

Cвята "Наш край"









Ля дубоў на беразе Талі. 2005 год.





Гурткоўцы ў дзень фэсту.
2004 год.





Выступае гурт "Калыханка"
з Міханавічаў. 2006 год.





 

Талькаўскі фестываль

Карагод ля Дома культуры. 2006 год.

Вось ўжо чацвёрты раз на беразе Талі, пад пажоўклай лістотай магутнага дуба збіраюцца прыхільнікі беларускай музыкі, паэзіі. Падставай для сустрэчы стала сугучнасць прозвішча аднаго з расейскіх бардаў Ігара Талькова назве нашай вёскі Талькі. Калі вы яшчэ не здагадаліся, то размова ідзе пра Талькоўскі фестываль, што меў месца адбыцца 2 кастрычніка ў Тальцы.

Крыху з гісторыі мерапрыемства.

Калісьці бард Андрэй Мельнікаў, учуўшы аднакаранёвасць Талькі і Талькова, выказаў меркаванне, што продкі музыкі былі яўрэямі і жылі ў нашым мястэчку. Справа ў тым, што пасля захопу Расійскай імперыяй беларускіх зямель была распаўсюджана з'ява хрышчэння: многія яўрэйскія сем'і дзеля таго, каб атрымаць прывілеі агульнарасійскіх грамадзян, бралі сабе прозвішчы ад месца, адкуль прыехалі, напрыклад: Крычаўскія, Магілёўскія, Слуцкія. Хаця мне гэта гіпотэза падаецца не зусім рэальнай, але ёсць добрая нагода для сустрэч.

Падрыхтоўка да фестывалю

Пачнем з самага пачатку, а менавіта, з падрыхтоўкі да фестывалю. Можа, не кожны з чытачоў ведае, што такое маленькая вясковая школа, і як цяжка сабраць на рэпетыцыю дзяцей для такога важнага мерапрыемства, калі палова вучняў ездзяць у суседнюю вёску дзеля падтрымкі сельскай гаспадаркі, Але ўсё ж неяк нам ўдалося сабраць некалькі чалавек, а калі казаць больш дакладна, то ўдзельнікаў школьнага фальклорна-краязнаўчага гурта "Талька". Менавіта гурток і стаў арганізатарам свята. Але каб свята адбылося на славу, неабходна матэрыяльная дапамога. З мэтай атрымання мецэнатаўскіх грошай наша кіраўнічка - Ільініч Наталля Валянцінаўна - звярнулася да ўладальніка мясцовай крамы "Несцерка". Юрчык Віктар Сцяпанавіч даў нам 10 тысяч рублёў. Як вы разумееце, гэтага хапіла нам толькі на 2 прызы, таму мы вырашылі, што нам можа дапамагчы толькі маці-прырода (а менавіта талькаўскае балота). Узялі мы вёдры і накіраваліся ў балота па журавіны. З Божай дапамогай сабралі невялікую суму, набылі прызы, заказалі і вырабілі каляндарыкі на 2006 г. з фотаздымкам ракі Таль і яшчэ некаторае абсталяванне, далі абвесткі ў "Пухавіцкія навіны" і "Нашу Ніву".

Фестываль 2006

Сёлета наш фестываль адбыўся не ў клубе, а на прыродзе. Каб свята выглядала больш прадстаўніча, мы вырашылі зрабіць там невялікі памост (сцэну). Месца вельмі прыгожае: бераг невялікай рачулкі Талі, пакрыты мякусенькай траўкай і прысыпаны лісцем з дубоў, якія, як волаты, узвышаюцца над поплавам, а за рэчкай - лес з залаціста-жоўтымі бярозамі і цёмнымі хвоямі. Яшчэ ў мінулым стагоддзі Якуб Колас любаваўся гэтай мясцінай і апеў яе ў сваёй паэме "Міхасёвы прыгоды", вершы "Загібелька". Паэт ў пачатку 30-х гадоў летаваў недалёка ад гэтага месца ў лесе ў "стражы" у лесніка Волеся Бранавіцкага. За Тальлю тады была маленькая вёсачка Загібелька. Як паэт ставіўся да нашых мясцін, чым ён тут займаўся - пра гэта гавораць яго радкі:

Быў я ў Парыжы на кангрэсе,

То ў Загібельцы, браце, лепш.

Грыбоў няма ў Булонскім лесе,

А ў Сене хоць бы адзін лешч.

На наша свята мы запрашалі бардаў, паэтаў, дзіцячыя фальклорныя гурты ды і ўвогуле ўсіх жадаючых. Прыехалі гурткоўцы са Свіслацкай школы са сваёй настаўніцай Рабцэвіч Святланай Эдуардаўнай.

Афіцыйная частка (калі яе можна так назваць, мне здаецца, што ў тых умовах усё было неафіцыйным) пачалася на гадзіну пазней з-за пэўных форс-мажорных абставін. На ёй амаль увесь час выступаў наш гурток, прадстаўляючы вёску і самое месца фестывалю. А вось ужо пасля невялікага перапынку з салам і гарбатай пачалася галоўная частка, на якой выступалі запрошаныя: барды Андрэй Мельнікаў і Ганна Чумакова з Гомелю, паэтка Таццяна Барысік з Магілёва, Аляксей Галіч з Менску, Цімафей і Васіль Хадневічы (сын і бацька) са Свіслачы. На фестывалі атрымаўся незвычайны сплаў народных, бардаўскіх і агульнавядомых (накшталт NRMа, народнаальбомаўскіх) песень, смешных і рамантычных вершаў.

На свяце большай часткай была моладзь, таму не абыйшлося без народных гульняў з пацалункамі, даганялкамі, кампліментамі накшталт "Явара", "Баяроў", "Цяцеркі", "Яшчура" і інш.

Але, напэўна, самым незвычайным быў факт з'яўлення на свяце Іллі Арыстава з Менску . Ён ішоў з журавінаў з Руднянскага балота, убачыў шмат народу, нейкае свята з народнымі неснямі, гульнямі, зайшоў на наш фэст і, мне здаецца, не пашкадаваў аб гэтым. Спадар Ілля - вялікі прыхільнік беларускага фальклору, і асабліва танцаў. Я вельмі люблю таньчыць, і таму ахвотна падтрымала прапанову развучыць беларускія танцы. Хлопцы і дзяўчаты з Мар'інай Горкі, Дружнага (некаторыя ніколі не танцавалі народных танцаў пад гармонік) праз паўгадзіны ўжо скакалі "Падыспань", "Базар", "Жыдовачку", "Лявоніху", "Шабасоўку", "Юрачку". Пачалася самая гарачая частка фестывалю. Бясконцае мноства розных цікавых беларускіх і літоўскіх танцаў, зноў спевы пад гітару і пад гармонік, гульні і танцы, танцы, танцы...

Было цудоўнае сонечнае надвор'е. У вясёлай кампаніі мы не заўважылі, як села сонца. Апошняя гульня - і трэба адыходзіць. Усе, хто быў на фестывалі ў гэтым годзе, абяцалі абавязкова прыехаць у наступным, а некаторыя нават вырашылі прыехаць да нас на бліжэйшыя Каляды. Каго зацікавіла наша свята, то чакаем ў наступным годзе. Запэўніваю вас, час будзе праведзены не марна!

Ільініч Дар'я, в. Талька 11 клас, Пухавіцкі раён

уверх