![]() |
|||||||||||
| |||||||||||
![]() Талькаўскі фэст Фэст 2009 |
Талькаўскі фэст-2009 адбыўся!
Свята паэзіі, народнай і бардаўскай музыкі прайшло ўжо дзевяты раз у Тальцы. Ад 2007 года фэст праходзіць толькі на прыродзе - Коласавай паляне (тут стаяла "стража"-леснічоўка, дзе ў 1930-ыя гады ў лесніка Волеся Бранавіцкага летаваў Якуб Колас), што знаходзіцца ў лесе за Таллю - ужо трэці год мясцовыя ўлады не дазволілі правядзенне свята ля Талькаўскага клуба. Не дазволена вешаць абвесткі ў Тальцы, даць аб'яву ў "Пухавіцкія навіны", забаронена вучням Талькаўскай школы прыходзіць на свята. Але ўсё роўна фэст адбыўся. Андрэй Мельнікаў з Гомелю спяваў свае песні, а Таццяна Барысік з Магілёва чытала ўласныя вершы і гумарэскі, выклікаючы апладысменты і рогат прысутных. Упершыню сёлета да нас прыехаў са сваімі вершамі малады паэт Віталь Быль - і быў цёпла сустрэты публікай. Уразіў гумарам і незвычайнай для такога юнака дабрынёй. Другі раз завіталі з Мінска дуэт Раман Яраш і Юлія Літвінава. Спадабаліся народныя песні ў іх выкананні - манера спявання, рэпертуар з розных куткоў Беларусі, зладжанасць выканаўцаў. Раман Абрамчук таксама другі раз спяваў пад гітару ля нашага вогнішча і зноў не расчараваў прысутных. Цімафей Авілін, Ільля Арэстаў і Аляксей Галіч выканалі трыо некалькі народных песень і здолелі ператварыць усіх гледачоў у агульны хор. Урэшце спевы Аляксея Галіча - "Зорка Венера", "Аксамітны летні вечар", "Пагоня", "Я ня ганю землі чужыя" - завяршылі першую ўрачыстую частку свята. Пасля гэтага новы дудар , які прадставіўся Лесавіком, іграў танцавальныя мелодыі, а моладзь танчыла "Падыспань", "Базар", "Ойру", "Кракавяк", гулялі у Шуляка, Цяцерку, Баяроў. Раз'язджацца сталі, калі ўжо сонца зайшло і стала імкліва цямнець, наракаючы, які кароткі дзень стаў у кастрычніку. Надвор'е было цудоўнае: сонца, празрыстае паветра і сіняе-сіняе неба, быццам гэта не кастрычнік. Пра восень нагадваў прахалодны ветрык, што калі-нікалі прарываўся на паляну, жоўтая лістота на дрэвах ды журавіны, якіх паспелі набраць некаторыя госці ў Руднянскім балоце. уверх![]() |
||||||||||