![]() |
||||||||||||||||||||||
| ||||||||||||||||||||||
![]() Талькаўскі фэст Фэст 2010 |
Уражанні ад Талькаўскага фэста - 2010Сёлета свята рыхтавалася разам з Талькаўскім клубам. Адзінай умовай сумеснага правядзення мерапрыемства ля клуба была просьба яго работнікаў "не называць мерапрыемства фэстам". Сышліся на назве "Свята музыкі і паэзіі". Абвесткі была развешаныя ў Тальцы за 3 тыдні да свята, сталі рэпеціраваць з дзецьмі народныя песні і танцы. Узнікла спадзяванне, што мінулагоднія забароны - гэта ўсяго толькі ініцыятыва былога старшыні Талькаўскага сельсавета Палазніка С. М., якога людзі не абралі больш дэпутатам у красавіку 2010 года. Але 1 кастрычніка, у пятніцу, мне патэлефанавала мастацкі кіраўнік клуба Вінтэр Маргарыта Віктараўна і сказала, што яны атрымалі ад свайго кіраўніцтва загад: клуба ў нядзелю 3 кастрычніка не адчыняць, мерапрыемства не праводзіць. Так што мы апынуліся зноў у такім жа становішчы, як і ў папярэднія 3 гады - мерапрыемства не дазволенае, трэба ісці ў лес. Палазніка няма, але справа яго жыве. Сістэме не патрэбны Талькаўскі фэст, не патрэбна ніякая ініцыятыва знізу, яна баіцца і ненавідзіць усё, што робіцца не па яе загаду, нават такія нявінныя і зусім апалітычныя рэчы, як беларускія песні, вершы, танцы і гульні. Значыць, "месца сустрэчы змяніць нельга" - Коласава паляна за Тальлю. Сёлета разынкай нашага свята стаў удзел Адася Матафонава і Тамаша Сідаровіча з прэзентацыяй "Дзіцячага альбома". Славуты музыка Зміцер Сідаровіч і спявачка Таццяна Матафонава разам са сваімі дзецьмі зрабілі гэты цікавы праект, альбом толькі што выйшаў, таму аўтары ласкава прынялі нашу прапанову прэзентаваць яго ў Тальцы. Зміцер расказаў пра альбом, усе жадаючыя змаглі яго набыць у аўтараў. Каштоўнасць праекта яшчэ і ў тым, што дыск змяшчае тэксты песень, ноты і фанаграмы без голасу. Так што любы жадаючы можа вывучыць гэтыя песенькі. Мы пачулі ў выкананні квартэта Матафонавых-Сідаровічаў некалькі беларускіх народных дзіцячых песень: "Сонейка", "Дзядок рыбачку злавіў", "Ай, куры-куры", "Ту-лю-лю", "Гэй ты, воўчанька". Асабіста для мяне гэтыя песні былі поўным адкрыццём, я ніколі іх не чула. Ёсць на дыску і больш вядомыя фальклорныя творы: "Кура-шчабятура", "Цяцерка", "Ехаў мазур да млына", "Баю-баю". Дыск будзе цікавы бацькам, хто хоча навучыць сваіх дзяцей і сам мае патрэбу навучыцца беларускім народным песням, выкладчыкам музыкі - дыск стане выдатным дапаможнікам у іх справах.
Некалькі сваіх новых песень праспявала Таццяна Беланогая. Мы ўжо чулі яе ў пазамінулым годзе на нашым свяце, уражанні і тады і цяпер - самыя найлепшыя, яе песні ні з чыімі не зблытаеш, ды і манера спеваў вельмі адметная. "Высокае мастацтва" - сказала мая суседка па "глядзельнай зале" пра песні Таццяны і я з ёю цалкам згодна. Яшчэ адна Таццяна Барысік - прыехала да нас з Магілёва. Гэта наша пастаянная госця: за ўсе гады існавання фэсту Таццяна ніводнага разу не прапусціла яго. Яе дар надзвычай рэдкі: бачыць смешнае там, дзе звычайныя людзі бачаць толькі паўсядзённасць ці ўбоства. Таццяна піша іранічныя і саркастычныя апавяданні і вершы, умее "падслухоўваць" у размовах беларусаў анекдоты. Яе выступленні заўсёды суправаджаюцца смехам слухачоў, праўда, бывае, што смех гэты горкі, "праз слёзы". Таленавітая літаратарка мае некалькі тоўстых сшыткаў сваіх твораў, хочацца пажадаць ёй у хуткім часе займець уласную кніжку, а пакуль што некаторыя з гэтых твораў можна прачытаць толькі ў газеце "Наша Ніва" і пачуць на радыё "Свабода".
Сёлета з паэтычнага аб'яднання "Мар'інка", што дзейнічае пры раённай газеце "Пухавіцкія навіны", прыехалі Уладзімір Рунцэвіч, Эдуард Білейчык і Яўген Фіцнер. Гэта непрафесійныя паэты, але вершы іх надзвычай прафесійныя, глыбокія. Рунцэвіч мае ўжо некалькі паэтычных зборнікаў вершаў і баек, часта друкуецца ў "Пухавіцкіх навінах", агульнабеларускіх газетах, пры гэтым працуе рабочым льнозавода ў Мар'інай Горцы, просты, сціплы чалавек, не набыў ніякіх сімптомаў "зорнай хваробы". Спадар Эдуард яшчэ піша і музыку да сваіх вершаў і спявае свае творы пад гармонік. Цяпер ён жыве і працуе ў Мінску, але не забывае Пухавіччыну, сваю родную вёску Вераб'ёўку. Шкада, што мала было выдзелена часу для гэтых паэтаў на свяце.
Яшчэ адзін паэт - Віталь Быль - зусім малады чалавек, студэнт гістарычнага факультэта прыехаў да нас другі раз. Яго новыя вершы парадаксальныя, іранічныя, незвычайныя - таленавітыя. Душа радуецца, калі бачыш і чуеш такую моладзь, тады верыцца, што ўсё ў нас атрымаецца. Пацешылі спевамі народных песень Юлія Ліцьвінава і Раман Яраш - "Кацілася зорка па небу", "Ой ляцеў воран да з чужых краёў" і іншыя малавядомыя (для мяне, ў прыватнасці ), сапраўды народныя творы прагучалі ў выкананні гэтага інтэлігентнага дуэта.
Ганна Чумакова, Раман Абрамчук, Ігар Сімбіроў, Аляксей Жораў, Таццяна Матафонава, Зміцер Сідаровіч, Аляксей Галіч, Андрэй Мельнікаў спявалі свае ўласныя, народныя і аўтарскія творы.
Слухаючы іх, забываеш пра тыя забароны і перашкоды, што чынілі нашаму святу некаторыя людзі пры пасадах, радуешся прыгажосці, таленавітасці гэтых людзей і чакаеш ... новых сустрэчаў.
![]() |
|||||||||||||||||||||