![]() |
|||||||||||||||||||||||||||||
| |||||||||||||||||||||||||||||
![]() Талькаўскі фэст Фэст 2011 |
Талькаўскі фэст - 2011У мінулую нядзелю мне пашанцавала апынуцца на сапраўдным свяце Беларускай душы - у мястэчку Талька, а дакладней, ля Талькі, у казачным па сваёй прыгажосці лесе. Чаму фэст не праходзіць у самой вёсцы, куды было б зручней дабірацца гасцям і ўдзельнікам, можна патлумачыць (але і ў гэтым я не ўпэўнены) толькі абмежаванасцю мясцовых улад, якія бездакорна падпарадкоўваюцца загадам зверху. А тым і лепш! Надвор'е спрыяла сяброўскай сустрэчы аматараў не толькі сапраўднай беларускай музыкі і паэзіі, але і людзей, якім неабыякава будучыня сваёй краіны.
Перш за ўсё трэба выказаць падзяку Наталлі Валянцінаўне Ільініч, якая ўжо неаднаразова збірае аднадумцаў у гэтым цудоўным месцы, якое апяваў у сваіх творах Колас, - нягледзячы на ўсе абставіны і перашкоды.
А таксама Андрэю Мельнікаву, які звязаў імя расейскага барда Ігара Талькова з назвай вёскі. Меркаванне хутчэй за ўсё недакладнае, але на падставе гэтага з'явілася добрая традыцыя.
Спачатку ўсім прысутным прапанавалася паслухаць песні і вершы ўдзельнікаў фестывалю. Ганна Чумакова, Раман Абрамчук, Аляксей Галіч, Мікола Рудакоўскі, Андрэй Мельнікаў - гэта не проста спевакі, іх творы шчырыя, выяўляюць сапраўдныя пачуцці не толькі ў дачыненні да роднага краю, а таксама і адзін да аднаго, як, напрыклад, у Ганны Чумаковай.
А тандэм Таццяны Барысік і Ігара Сімбірова ўвогуле ўразіў (са станоўчага боку, вядома) нестандартным выкананнем. Жадаю ім і далей цешыць прыхільнікаў сваімі цудоўнымі творамі. Дэкламаванне вершаў таксама пакінула свой адбітак у сэрцы кожнага.
Балада Віталя Быля, студэнта гістфака, пра мужнага ірландца Роры, які ратаваў сваю краіну, дагэтуль круціцца ў галаве, і на пытанне, дзе знайсці такога для свайго краю, адказ знаходзіцца сам па сабе - Роры жыве ў кожным з нас, вось толькі абудзіць яго не кожнаму пад сілу.
Хвалюючыя, па-свойму выдатныя творы прапанавалі нам Аляксей Карпенка з Магілёва, Таццяна Маслоўская з Міханавічаў, Уладзімір Рунцэвіч з Мар'інай Горкі.
Усіх удзельнікаў і не ўзгадаю, але дзякуй усім, хто лічыць высакародным выказваць свае думкі праз сапраўднае майстэрства слова. Сярод гасцей фэсту былі і такія людзі, якія сваімі справамі заслугоўваюць статуса герояў - Абразоўскі Сяргей са Свіслачы, арганізатар пратэстаў супраць будаўніцтва Дружненскага хімзавода, і Ханжонкаў Сяргей Мікалаевіч, які з таварышамі ў далёкія для нас шасцідзесятыя спрабаваў узарваць "глушылку" замежных радыёстанцый, за што і быў пакараны, апынуўшыся ў ГУЛАГу, але там жа знайшоў сабе сапраўдных сяброў і аднадумцаў. А далей былі і размовы сяброў пад кубак гарачай гарбаты, і гульні, як традыцыйна беларускія ("Баяры", "Шуляк"), так і замежныя (Яўген з Магілева паказаў цікавую шведскую народную гульню), а калі падаспеў дудар, то знайшоўся час і для танцаў, куды ж без іх! "Падыспань", "Базар", "Ойра" і мноства іншых танцаў (усіх і не запомніш) разагрэлі натоўп і… вось толькі часу і не хапіла, бо ў такой вясёлай кампаніі гадзіны ляцяць хутка, і многім трэба адпраўляцца дахаты. Сонца неўзабаве схавалася за велічныя дрэвы, якія штогод бываюць сведкамі свята Беларускай душы…
Андрэй Тылецкі уверх![]() |
||||||||||||||||||||||||||||