на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                       краязнаўчы сайт
 


Экскурсіі

Краязнаўчы музей

Абрадавыя святы

Паходы па краю

Талькаўскі фэст

Працы вучняў пра край

Краязнаўчая канферэнцыя

2004

    2009

памятка

Cвята "Наш край"

 

Краязнаўчая канферэнцыя - 2009
"Вайна вачыма маіх аднавяскоўцаў"

Тэксты выступленняў вучняў будуць у хуткім часе набраныя і размешчаныя на нашым сайце. А зараз толькі некалькі слоў пра тэмы выступленняў, што асабліва ўразіла, запомнілася.

Найбольш змястоўна вывучылі і распрацавалі "сваю" тэму вучні 10 класа - "Акупацыйны рэжым у Тальцы". Слухачы змаглі па іх расказу і паказу па намаляванай карце Талькі выразна ўявіць сабе, што адбывалася ў нашым мястэчку ў тыя далёкія гады.

Выступае 10 клас


11-класнікі выбралі тэму пра маладзёжнае антыфашысцкае падполле ў Тальцы. Мы даведаліся, што ў гады вайны ў нашай вёсцы група маладых людзей, вучняў і выпускнікоў нашай школы, не скарыліся, а як маглі, змагаліся за свабоду. Яны зладзілі праслухоўванне радыёпрыёмніка, слухалі зводкі пра падзеі на франтах і пісалі пра іх лістоўкі для аднавяскоўцаў. Збіралі зброю, медыкаменты, звесткі пра рух на чыгунцы, яе ахову і перадавалі гэта ў партызанскія атрады "Полымя" і імя Суворава ІІ Мінскай брыгады. Аляксандр Пармон, Іван Абрамовіч, Мікалай Паўловіч, Уладзімір Кушнерчык, Іван Пятроўскі, Галіна Бірыла, Эма Лысакоўская, Мікалай, Пётр і Васідь Кульбіцкія, Зінаіда Акульчык - большасць маладых патрыётаў загінулі. Вучні 11 класа яшчэ і паспрабавалі тэатралізавана паказаць "вячоркі", на якіх талькаўская моладзь не толькі танчыла, але і распрацоўвала чарговую ўлётку для аднавяскоўцаў. Журы адзначыла гэтую сцэнку, паказаную11 класам, як ўдалую задуму.

11 клас


Пра талькаўскі Халакост расказвалі 8-класнікі. Гэта, напэўна, самая страшная старонка ў гісторыі вайны ды і ўвогуле ў гісторыі нашага мястэчка. 280 чалавек былі закатаваныя ў талькаўскім лесе толькі таму, што яны належалі да яўрэйскай нацыянальнасці. Гэта ўсвядоміць немагчыма. Прагучала мелодыя яўрэйскага танца Хаванагіла. Як выразна яна перадала веліч, характар гэтага народа! Шкада толькі, што 8-класнікі самі не змаглі яго станцаваць, не было ў каго папытаць, як яго танчаць, - у Тальцы ж сёння няма ніводнага яўрэя.

8 клас


Вучні 7 класа вывучалі гісторыю партызанскай брыгады "Полымя", якая актыўна дзейнічала ў нашым краі. Узнікла яна з маленькай групы акружэнцаў, што перазімавалі першую ваенную зіму ў вёсцы Горадзень, а к лету 1944 ужо налічвала 634 чалавекі. У гэтай брыгадзе было шмат людзей з Талькі, сёння пра сваё партызанскае жыццё ў ёй могуць расказаць Злобіч Мікалай Цітавіч з нашай вёскі, Марцінчык Тамара Мікалаеўна з Церабутаў, Шпілеўскі Уладзімір Казіміравіч з Чаротаў.

Шасцікласнікі выбралі для вывучэння і прадстаўлення тэму пра Талькаўскі бой. Гэтую дзёрзкую аперацыю па падрыве чыгуначнага маста праз Таль ажыццявілі некалькі партызанскіх атрадаў у ноч на 7 кастрычніка 1942 года. Ахоўвалі мост 40 чалавек немцаў, размяшчаліся яны ў блок-пасту і 4 дзотах, мелі тэлефонную сувязь з гарнізонам станцыі Талька, колькасць якога дасягала 300 чалавек. Было вырашана выбіць спачатку з займаемых пазіцый ахову маста, а потым узарваць яго. Адначасова 2 групы падрыўнікоў былі пасланыя на чыгунку па абодва бакі ад станцыі Талька, каб яны ўзарвалі чыгуначныя пуці і папярэдзілі перакідванне немцамі падмацаванняў. Аперацыя была ажыццёўлена па гэтаму плану і на дзіва ўдала. Калі нямецкая ахова была знішчана кулямётным і артылерыйскім агнём, падрыўнікі падвесілі мяшкі з толам (140 кг!) да апораў маста і падпалілі бікфордаў шнур. Гэты выбух да сённяшняга дня памятаюць жыхары Талькі, нават хто спаў, прачнуўся. Рух цягнікоў па чыгунцы Мінск - Гомель быў спынены на 12 дзён. Талькаўская аперацыя апісана у Беларускай гістарычнай энцыклапедыі, энцыклапедыях пра Вялікую Айчынную вайну як прыклад удалай партызанскай аперацыі.

6 клас


Цяжкае пытанне - пра што маўчаць (ці расказваюць?) помнікі ў Тальцы - задалі сабе вучні 5 класа і паспрабавалі на яго адказаць. Помнік на брацкай магіле на станцыі -17 чалавек пахавана, брацкая магіла №1 на могілках - 40 чалавек, брацкая магіла №2 тамсама - 2 чалавекі, брацкая магіла №3 -5 чалавек. Прозвішчы гэтых людзей вядомыя, напісаныя на помніках, пералічаныя ў кнізе "Памяць. Пухавіцкі раён". Праўда, ёсць несупадзенні звестак з помнікаў са спісамі у кнізе, з інфармацыяй, што ёсць у школьным музеі пра загінуўшых. Большасць пахаваных - гэта салдаты Чырвонай арміі, што загінулі ў баі за вызваленне Талькі 29 чэрвеня - 2 ліпеня 1944 г., ёсць некалькі партызан ( Кульбіцкія, Хурсік) з мясцовымі прозвішчамі, што загінулі ў розныя гады, - 1942, 43, 44 - відаць былі перапахаваныя з іншых месцаў пасля вайны. На талькаўскіх могілках ёсць таксама маленькі помнічак з надпісам "Ахвярам фашызму", што стаіць сярод 16 безымянных магіл савецкіх ваеннапалонных. Тут у кожнай магіле пахаваныя па некалькі дзесяткаў акружэнцаў, якія апынуліся ў талькаўскім лагеры, і памерлі потым ад голаду і холаду. Ніводнага прозвішча гэтых людзей мы не ведаем. На магіле талькаўскіх яўрэяў стаяць 4 помнічкі, пастаўленыя прыватным чынам сваякамі замардаваных, а поўнага спісу прозвішчаў 280 закапаных тут яўрэяў няма. Гэтая тэма патрабуе глыбейшага даследавання.

5 клас


Ад 9-класнікаў мы даведаліся, адкуль паходзяць назвы некаторых вуліц у нашым мястэчку. Аказалася, што вуліцы Кузняцова, Пучкова, Зайчанкі, Васільева, Гаўрылава названыя ў гонар салдат і афіцэраў-танкістаў, што загінулі ў баі пры вызваленні Талькі, усе пахаваныя ў брацкай магіле №1 на могілках. Назараў Іван - партызан, загінуў у 1944 г., пахаваны ў брацкай магіле на станцыі. А вось вуліца Віктара Гіліцкага, што вядзе да царквы, названая ў гонар нашага земляка, ураджэнца вёскі Барок, камандзіра партызанскага атрада "Слава". Пасля вайны ён жыў са сваёй сям'ёй на гэтай вуліцы. Яшчэ вучні 9 класа напісалі верш пра сваю памяць пра вайну.

9 клас


Кожная з узнятых на канферэнцыі тэм можа стаць прадметам больш глыбокага даследавання. Ці адбудзецца гэта? Вельмі хацелася б.

Працуе журы


Рыхтуючыся да канферэнцыі, вучні наведалі ветэранаў і проста цікавых людзей, што помняць вайну. Запісаны ўспаміны Шпілеўскага У. К., 1924 г. нар., Кульбіцкай Н. В., 1922 г., Кургановіча І. А., 1920 г., Радзюк Г. У., 1932 г, Глінскай С. Н., 1925 г., Лопухава Дз. А., 1925 г., Жаўнерчыка А. І., 1910 г., Тужык Л. А., 1937 г., Верашчака Р. І., 1928 г. і інш.. Гэтая інфармацыя вельмі цікавая і каштоўная. Добра было б гэтыя ўспаміны таксама набраць на камп'ютэры і памясціць на наш сайт, тады б даведацца пра трагедыю нашага народа маглі б ўсе жадаючыя.

Актыўныя даследчыкі-краязнаўцы атрымалі ў якасці прызоў кнігі, календары "Родны край", дыскі з беларускай музыкай, група вучняў едзе ў тэатр Янкі Купалы на калядных канікулах. Усе удзельнікі атрымалі салодкія прызы.

уверх