на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                       краязнаўчы сайт
 


Экскурсіі

Краязнаўчы музей

Абрадавыя святы

Паходы па краю

Талькаўскі фэст

Працы вучняў пра край

Краязнаўчая канферэнцыя

Cвята "Наш край"

     Гісторыя

Свята 2007

Свята 2008

Свята 2009

Свята 2010

 

Сцэнарый агульнашкольнага свята "Наш край"

Мэты:

1. Папулярызаваць краязнаўчыя веды, прыцягнуць больш вучняў да краязнаўства, падвесці вынікі краязнаўчых спраў за год.

2. Вучыць прасцейшым прыёмам даследавання, сістэматызацыі, абагульнення інфармацыі, сабранай з розных крыніц (пры падрыхтоўцы справы).

3. Выхоўваць свядомых грамадзян Беларусі сродкамі краязнаўства.

Форма падрыхтоўкі і правядзення: калектыўная творчая справа.

І этап - падрыхтоўчы.

Свята "Наш край" традыцыйна праходзіць ў нашай школе ў снежні - як падвядзенне вынікаў краязнаўчых спраў за год. Таму ўсе краязнаўчыя справы ад студзеня да снежня, гэта і ёсць падрыхтоўка да свята.

У мінулыя гады былі святы тэматычныя: "Славутыя людзі нашага краю", "Нашы вёскі", "Гісторыя школьніцтва", "Паўстанне 1863 г. у нашым краі", "Вайна вачыма маіх аднавяскоўцаў" і да т. п..

Тады кожны клас атрымліваў заданне знайсці інфармацыю, даследаваць пэўную з'яву і "прадставіць" вывучанае ў выглядзе нейкага прадукта: альбома, газеты, малюнка, верша, танца, сцэнкі.

У мінулым годзе тэма не была так вузка акрэслена, таму заданні былі прапанаваныя агульныя для ўсіх. На дошцы аб'яў былі змешчаны пытанні і прапанавана ўсім жадаючым прыняць удзел у конкурсе.

Вось пытанні, прапанаваныя вучням.

Краязнаўчы конкурс.

1. Раскажы легенду пра паходжанне назвы "Талька".

2. Якія яшчэ населеныя пункты з коранем "тал" ёсць на Беларусі? Дзе?

3. Назаві і пакажы на карце археалагічныя помнікі нашай мясцовасці.

4. Калі і ў якім гістарычным дакуменце ўпершыню згадваюцца Арэшкавічы і Суцін? Талька?

5. Назаві поўныя назвы храмаў нашага краю.

6. Чаму і да цяперашняга часу значная частка насельніцтва Суціна называюць сябе палякамі?

7. Хто і калі заснаваў касцёл на Сарафіне?

8. У 1844 г. быў складзены інвентар маёнтка Блужа пані Тафілі Завадскай. Якія вёскі нашага краю належалі тады Блужскаму маёнтку?

9. Якія падзеі адбываліся ў нашай мясцовасці ў 1863 годзе?

10. Як былі пакараныя ўдзельнікі паўстання 1863 г. з Суціна? З Арэшкавічаў? З Загібелькі?

11. Жыхары аколіцы Суцін Фама Шпакоўскі і Яўхім Загорскі пісалі ліст самому генерал-губернатару Паўночна-Заходняга краю Мураўёву-Вешальніку. Пра што гэты ліст?

12. Калі і дзе была адчынена першая школа ў нашым краі?

13. У якіх вёсках і калі земства адчыніла адразу аж 4 школы?

14. У нашай мясцовасці працавала славутая дынастыя настаўнікаў. Хто яны? Што вы пра іх ведаеце?

15. Калі Талькаўская школа стала 7-годкай? 10-гадовай?

16. Калі быў пабудаваны гэты школьны будынак?

17. Што такое Талькаўскі Халакост?

18. Назаві прозвішчы талькаўскіх яўрэяў.

19. У гады вайны ў Тальцы існавала антыфашысц-кае маладзёжнае падполле. Назаві прозвішчы вучняў і выпускнікоў нашай школы, што ўдзельнічалі ў ім.

20. Якія партызанскія брыгады дзейнічалі ля Талькі і Арэшкавічаў?

21. Назавіце славутых людзей, што нарадзіліся ў Тальцы? Арэшкавічах? Суціне? Блужы?

22. Як звязаны лёс Якуба Коласа з Талькай? Якія творы ён тут напісаў?

23. Прачытай які-небудзь з вершаў Коласа пра наш край.

24. Назаві прозвішчы паэтаў, пісьменнікаў, што нарадзіліся на Пухавіччыне.

25. Прачытай верш ці праспявай песню на словы

паэта-земляка.

26. За якія справы Талькаўская школа была ўзнагароджана медалём ВДНГ СССР у 1950-ыя гг.?

27. Калі на Сарафіне праходзіць фэст? Чаму ў гэты дзень?

28. Калі і чаму праходзіла храмавае свята ля Блужскай царквы?

29. Праспявайце народную песню - калядную ці веснавую, юр'еўскую ці купальскую.

30. Як ты думаеш, як зменіцца Талька праз 50 год? Праз 100?

31. Правядзі з гледачамі і ўдзельнікамі гульню"Явар", "Баяры", "Цяцерку".

32. Якія рэформы ты б правёў у Тальцы, калі б быў абраны мэрам?

33. У 2002 г. у Арэшкавічах АН Беларусі праводзіла археалагічныя раскопкі, у якіх удзельнічалі вучні нашай школы. Якія індывідуальныя знаходкі былі знойдзены?

Літаратура для падрыхтоўкі:

1. "Памяць. Пухавіцкі раён". Мн., 2004.;
2. Наталля Ільініч "Талька і наваколлі", Мн., 2004.;
3. Матэрыялы школьнага музея.

На працягу года ў школе таксама былі зроблены такія краязнаўчыя справы: праведзены конкурс "Мой радавод", вучні-краязнаўцы ўдзельнічалі ў агульнабеларускіх конкурсах: "Апісанне турыстычнага мршрута "Мой край", "Чарнобыль - мой боль", "Дзень зямлі", "Блізкая гісторыя", "Што я ведаю пра Еўропу?" і інш., атрымалі за ўдзел дыпломы, падзякі, прызы.

Пра ўсё гэта трэба расказаць і паказаць. Для гэтага афармляецца выстава "Імгненні 2006 года", загадзя рыхтуюцца ўдзельнікі гэтых спраў, каб сказаць колькі слоў пра яе. На гэтай выставе таксама абавязкова трэба расказаць пра турыстычны двухдзённы паход краязнаўцаў на гарадзішча Жужлянка, экскурсію па маршруту Нясвіж - Мір, традыцыйныя каляндарна-абрадавыя святы Каляды, Гуканне вясны, Юр'я, што ладзілі гурткоўцы на працягу года. Нельга прамінуць на выставе і свята Талькаўскі фестываль, што прайшло ў 2006 годзе ўжо пяты раз у Талькаўскім клубе і на беразе ракі Таль, таксама дзякуючы намаганням краязнаўчага гуртка.

У школе ёсць краязнаўчы музей, экспанаты для яго прыносяць вучні. Іх трэба заахвочваць да гэтай справы, таму традыцыйнай на свяце "Наш край" з'яўляецца выстава-конкурс "Мой экспанат для школьнага музея". Кожная прынесеная рэч падпісаная, хто яе прынёс, дзе ўзяў, у чым яе навуковая каштоўнасць. Выставу рыхтуецца каменціраваць настаўнік ці падрыхтаваны вучань-экскурсавод. Вызначаецца самы цікавы з экспанатаў, усе вучні - удзельнікі выставы атрымліваюць прызы.

Пры падрыхтоўцы свята трэба пашукаць спонсараў. Гэта могуць быць мясцовыя прадпрыемствы, прыватныя прадпрымальнікі. У нас прызамі былі кнігі, касеты, дыскі, цукеркі, білеты ў тэатр, арганізаваныя экскурсіі.

Месца правядзення свята: актавая (спартыўная) зала.

Удзельнікі: вучні 5-11 класаў.

Абсталяванне:

плакаты "Наш край", "Жыццё кароткае, Айчына вечная", выстава "Мой экспанат для школьнага музея", выстава-калаж "Імгненні 2006 года", тры дарожкі для гульні "Разумніцы і разумнікі" - чырвоная, жоўтая і зялёная, вырабленыя з каляровага картону ордэны для разумнікаў, прызы, прайгравальнік з дыскамі, каб перад мерапрыемствам і ў паўзах гучала прыгожая беларуская музыка - народная ці рок-гуртоў.

ІІ этап - правядзенне свята.

Уступнае слова кіраўніка краязнаўчага гуртка пра мэты мерапыемства. Прадстаўленне журы - у яго могуць уваходзіць адміністрацыя школы,настаўнікі, спонсары, прадстаўнік раённага краязнаўчага музея.

Каментарый да выставы-конкурса "Мой экспанат для школьнага музея", вызначэнне самага цікавага экспаната.

Прадстаўленне выставы "Імгненні 2006 года". Гэта робяць вельмі коратка вучні - удзельнікі тых спраў, якія яны прадстаўляюць.

Краязнаўчы конкурс у форме гульні "Разумнікі і разумніцы".

Перамагае той удзельнік, які раней дойдзе да фініша. На зялёнай дарожцы можна памыліцца 2 разы, а пытанняў будзе зададзена 4. На жоўтай дарожцы 3 крокі, а памыліцца можна толькі адзін раз. Чырвоная дарожка - самая кароткая да перамогі, але на ёй нельга памыліцца ніводнага разу. Мы праводзілі тры туры гульні, астатнія пытанні конкурсу былі зададзены гледачам. Каб разумнікі маглі выбраць дарожкі, ім былі прапанаваныя заданні.

Заданне першай тройцы: на працягу адной мінуты сказаць прамову "Талька - лепшае месца ў свеце".

Другая тройка за гэткі ж час павінна была выказацца на тэму "Ты - мэр Талькі. Якія рэформы б ты правёў у вёсцы, каб палепшыць жыццё людзей?".

"Ты - паспяховы прадпрымальнік. Які б бізнес ты распачаў у роднай вёсцы, каб гэта было выгадна для нашага мястэчка і для цябе?" - на гэтую тэму гаварылі удзельнікі трэцяга тура.

Гэтыя заданні ўдзельнікі ведалі загадзя.

Журы падводзіць вынікі, узнагароджвае пераможцаў, удзельнікаў конкурсаў, актывістаў-краязнаўцаў.

ІІІ этап - падвядзенне вынікаў.

1. Абмеркаванне з гурткоўцамі, з тымі, хто рыхтаваў свята, што атрымалася, што не, чаму, што можна было б зрабіць іначай.

2. Прапанаваць вучням, схільным да творчасці, напісаць артыкул у газету пра свята, пра краязнаўчыя справы ў школе.

уверх