на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                       краязнаўчы сайт
 


Экскурсіі

Краязнаўчы музей

Абрадавыя святы

Паходы па краю

Талькаўскі фэст

Працы вучняў пра край

Краязнаўчая канферэнцыя

Cвята "Наш край"

Гісторыя

Свята 2007

Свята 2008

Свята 2009

     Свята 2010

 

Свята "Наш край" - 2010


Свята "Наш край-2010" адбудзецца 18 снежня.


Сёлета прапануем узяць удзел у конкурсах:


1. Мой экспанат для школьнага музея.

2. Этнаграфія маёй вёскі.


Удзельнікі: 5-11 класы.


Што рабіць?

Этнаграфія (апісанне народа) вывучае матэрыяльную і духоўную культуру народаў. Для ўдзелу ў конкурсе трэба ажыццявіць этнаграфічную экспедыцыю ў вывучаемую вёску, пагутарыць з цікавымі людзьмі, запісаць іх інфармацыю, сфатаграфаваць адметныя мясціны, будынкі, рэчы, скласці апісанне вывучаемай вёскі у выглядзе альбома ці электроннай прэзентацыі, а потым прадставіць сваё даследаванне на свяце "Наш край".

Ты можаш прыняць удзел у складзе каманды ці індывідуальна, скласці апісанне ўсёй вёскі па прапанаванаму плану ці даследаваць толькі адзін элемент матэрыяльнай ці духоўнай культуры - пабудову, прыладу працы, песню ці легенду.

Для чаго гэта трэба?

Мы жывём у свеце, дзе ўсё становіцца аднолькавым, стандартным. На нашых вачах знікае традыцыйная культура народаў - звычаі, абрады, пабудовы, касцюмы, песні - тое, што робіць нас адметнымі ў гэтым свеце. Сваім даследаваннем ты можаш дапамагчы захаваць, выратаваць, вярнуць з нябыту тое, што можа знікнуць назаўсёды.

Што за гэта будзе?

Цікавыя матэрыялы будуць размешчаны на сайце. Пераможцы і ўдзельнікі конкурсу атрымаюць прызы, для іх будзе арганізаваная паездка ў тэатр і экскурсія ў самы старажытны горад Беларусі - Полацк.


Памятка этнографу па збору матэрыялаў


1. Асноўным метадам этнаграфічнага вывучэння культуры і быту народаў з'яўляецца назіранне. Этнографы выязджаюць у экспедыцыі і збіраюць палявыя матэрыялы - запісы назіранняў і размоў з насельніцтвам, фота, малюнкі і чарцяжы, якія фіксуюць прадметы матэрыяльнай культуры (жыллё, адзенне, хатняе начынне, прылады працы, сродкі транспарту) або з'явы духоўнай культуры (запісы песень, фота вясельнага абраду, пахавальнага абраду, народных танцаў, гульняў і да т. п.).

2. Збіраюцца таксама прадметы быту, якія потым перадаюць у музей у якасці экспанатаў. На сабраныя прадметы складаюць пашпарт: назва прадмета, дзе знойдзены, яго прызначэнне, уладальнік, калі зроблены, хто зрабіў, матэрыял, памеры, канструкцыя, назвы асобных частак, тэхніка вырабу, пераробкі, захаванасць. На буйныя прадметы неабходна скласці апісанне, зрабіць абмеры, сфатаграфаваць або намаляваць.

3. Неабходна правільна выбраць інфарматара. Ім можа быць толькі жыхар той вёскі, дзе праводзіцца даследаванне, пажадана ўраджэнец. Інфарматарамі павінны быць прадстаўнікі розных палоў і ўзростаў.

4. Пры апытанні насельніцтва неабходна фіксаваць два слаі інфармацыі; "як было раней" і "як цяпер" з дакладнымі датамі.

5. Звесткі ад аднаго інфарматара трэба пераправяраць праз іншых інфарматараў.

6. Пажадана весці запіс на магнітафон, дыктафон.

7. Пры запісе размовы з інфарматарам неабходна ўказаць:

-яго прозвішча, імя, імя па бацьку;

-год нараджэння;

-месца нараджэння;

-год вяселля;

-год пераезду (калі не ўраджэнец) у вёску, дзе вядзецца збор інфармацыі;

-род заняткаў, сацыяльны статус.


План этнаграфічнага апісання вёскі


1. Назва паселішча, яго паходжанне са слоў жыхароў, легенда.

2. Планіроўка (вулічная, кальцавая, кучавая), падзел на часткі, іх назвы.

3. Колькасць сядзіб, грамадскіх будынкаў раней і цяпер.

4. Грамадскія пабудовы - школы, цэрквы, крамы - раней і цяпер.

5. Прамысловыя і рамесныя пабудовы - кузні, млыны і г. д.

6. Рамёствы. Якія рамёствы былі развітыя ў вёсцы раней, ці ёсць цяпер майстры - ганчары, кавалі, бондары, цесляры, гарбары, пчаляры, ткачыхі, вышывальшчыцы і г. д.

7. Месцы грамадскіх сходаў.

8. Добраўпарадкаванасць паселішча - масты, дарогі, калодзежы.

9. Могілкі. Самыя даўнія пахаванні раскажуць пра ўзрост вёскі, яе гісторыю, этнічны і рэлігійны склад.

10. Геаграфічная характарыстыка паселішча - прырода, цікавыя прыродныя аб'екты.

11. Кароткая эканамічная, сацыяльная, канфесійная характарыстыка вёскі.

12. Этнічны склад жыхароў.

13. Народнае адзенне. Асноўныя часткі народнага строя (дзявочага, жаночага, хлапечага, мужчынскага, дзіцячага, старых людзей), абутак, галаўныя ўборы.

14. Ежа. Што елі кожны дзень, на святы, правілы паводзін за сталом, абрадавая ежа, посуд. Рэцэпты асобных страў.

15. Народная медыцына. Хваробы, хто лячыў, лекавыя расліны, знахарства.

16. Святы, звычаі, абрады, што адзначаліся ў вёсцы - каляндарныя (Каляды, гуканне вясны, Вялікдзень, Радаўніца, Юр'я, Купалле, Дзяды і інш.) і сямейныя (радзінны абрад, вяселле, будаўніцтва новай хаты і перасяленне, провады ў войска, пахавальна-памінальны абрад).

17. Назвы палёў, лясоў, лугоў, балот, крыніц вакол вёскі. Адкуль яны паходзяць? Легенды і паданні, звязаныя з гэтымі мясцінамі. Пажадана намаляваць тапанімічную карту.

18. Песні, казкі, прымаўкі, прыказкі, легенды, прыкметы, загадкі.


Конкурс "Этнаграфія маёй вёскі"


У ходзе падрыхтоўкі ўтварылася 7 каманд, якія ажыццявілі этнаграфічныя экспедыцыі ў "сваю" вёску, паспрабавалі знайсці элементы матэрыяльнай і духоўнай культуры па прапанаванаму плану. Атрымалася 3 электронныя прэзентацыі - пра Церабуты, Тальку, Суцін і 4 папяровыя - пра Дзям'янаўку, Слабодку, Арэшкавічы, Мацеевічы. Кожная з каманд прэзентавала на свяце знойдзеную інфармацыю. Журы ацэньвала навізну, арыгінальнасць зместу, а таксама форму падачы звестак. 2-гі этап конкурсу - камандам было прапанавана адказаць на пытанні этнаграфічнай гульні, складзеныя па выніках экспедыцыі Ільініч Натальляй Валянцінаўнай.

Этнаграфічная гульня


1. Як называлася пральная машына ў вёсцы Слабодка гадоў 100 таму назад? Што выконвала ролю пральнага парашка? Пра гэта нам расказала на Слабодцы Галіна Мікалаеўна Каралькова (Кульбіцкая).

2. Раней мост праз Свіслач паміж Церабутамі і Арэшкавічамі быў драўляны. На зіму бярвенні здымалі, заставаліся адны апоры (сваі), а вясной на іх зноў вярталі насціл з бярвенняў. Зімой людзі хадзілі-ездзілі па лёдзе, а калі рака яшчэ не стала ці ў разводдзе - плавалі на чоўнах. Для чаго здымалі на зіму насціл з бярвенняў?

3. Раней арэшкаўцы ездзілі ў мястэчка Пухавічы зімою проста па лёдзе ракі Свіслач. Запрагалі каня ў сані і ехалі. Што рабілі людзі, каб коні не падалі на гэтай лядовай дарозе?

4. За ракой Тальлю ў Руднянскім лесе ёсць урочышча Ласіныя ямы. Якуб Колас у паэме "Міхасёвы прыгоды" згадвае пра яго:

Што гэта за ямы? І чаму Ласіны?

Сам сябе пытае розум той дзяціны.

Такое пытанне ўкладвае паэт у вусны малога сына Міхася. Мы таксама спыталі пра паходжанне назвы гэтай паляны ў жыхара Талькі, былога лесніка Мікалая Цітавіча Злобіча. Дык чаму ж паляна ў Руднянскім лесе называецца так - Ласіныя ямы?

5. Храмавыя святы былі ў кожнай з вёсак, дзе была царква ці нават капліца. Сёння ў нашай Талькаўскай царкве гэта Пакровы, у Арэшкавіцкай капліцы - гэта Спас, а калі былі храмавыя святы ў Мацеевічах, на Сарафіне, у Блужы?

6. Марцінчык Васіль Аляксандравіч з Церабутаў расказаў нам, што ў 1930-ыя гады сям'ю яго бацькі аштрафавалі за тое, што бацька закалоў свайго кабана, абсмаліў і разабраў. Прыйшоў участковы і наклаў штраф 100 рублёў. За што аштрафавалі сям'ю Марцінчыкаў. Што яны няправільна зрабілі?

7. Сям'я Жыдовіча Язэпа з Арэшкавічаў была раскулачана ў час калектывізацыі: маёмасць іх забрала дзяржава, а саміх іх арыштавалі. Бацька памёр у мінскай турме, а сын нават змяніў прозвішча (на Жыновіча), каб пазбегнуць лёсу сваіх бацькоў. На гарышчы хаты кулака Жыдовіча знайшлі рэчы, якія сведчылі пра тое, што Жыдовіч Язэп быў працавіты, ашчадлівы гаспадар, але наўрад ці быў багаты. Пра гэта нам расказаў Марцінчык Васіль Аляксандравіч. Што за рэчы былі знойдзены на гарышчы хаты Жыдовічаў?

8. У вёсцы Слабодка нам расказалі, што раней тут праводзілі абрад калядавання, толькі вось называлі яго іначай. Як называлі абрад калядавання ў Слабодцы?

9. У Слабодцы ў 19 ст. жылі людзі толькі з адным прозвішчам. Якім?

10. Што такое боўдзіла? Пра гэту рэч нам расказала жыхарка Слабодкі Каралькова Галіна Міхайлаўна.

11. У 19 ст. у Арэшкавічах была вёска (яна знаходзілася ў правы бок ад дарогі), там жылі праваслаўныя, сяляне: Марцінчыкі, Кургановічы. А налева ад дарогі была аколіца, там жыла дробная шляхта, каталікі: Жангаловічы, Дамброўскія, Грыбоўскія, Быхаўцы, Сухадольскія, Быкоўскія, Грушвіцкія, Аземблоўскія, Змечароўскія, Гіліцкія, Глінскія, Радзіеўскія (НГАБ 160, воп. 1, спр. 354, арк. 28). Марцінчыкаў і Кургановічаў сёння у Арэшкавічах шмат, а вось дзе нашчадкі арэшкавіцкай шляхты? Здаецца, ёсць толькі людзі з адным з названых прозвішчаў - Радзіеўскія. А дзе ж астатнія? Няма нават надмагільных камянёў з такімі прозвішчамі. Якая дэмаграфічная катастрофа адбылася са шляхтай Арэшкавічаў?

12. Світкі рабілі з воўны, кашулі з кужалю, а вяроўкі рабілі з чаго?

13. На Слабодцы Галіна Мікалаеўна Каралькова праспявала нам баладу пра злога бацьку, які выгнаў сваіх дзяцей з дому, "каб іх воўк паеў". Хлопчык і дзяўчынка ператварыліся ў кветку-траву з надзеяй, што калі дзеўкі будуць на Купалле збіраць купальскія зёлкі, то ўспомняць гісторыю няшчасных брата і сястры. Якая кветка ўзнікла ў выніку гэтай няшчаснай падзеі?

14. Талька і Слабодка стаяць на рацэ Таль, Суцін на - Суцінцы, Арэшкавічы і Церабуты - на Свіслачы, а на якой рэчцы стаяць Мацеевічы?

15. Соф'я Пятроўна Старадубец з Мацеевічаў расказала нам, што яе маці назвала свайго першага ўнука рэдкім імем Юльян у гонар нейкага свайго знакамітага земляка. Хто ён? У гонар каго і чаму мацеевіцкая жанчына дала свайму ўнуку такое імя?

16. У нашых вёсках былі развітыя ўсе ніжэй пералічаныя рамёствы. Трэба ўстанавіць адпаведнасць паміж назвай рамяства і вырабамі, якія яны робяць.

Рамёствы

1. Ганчар            а) капаў канавы, студні, сажалкі, пракладваў дарогі

2. Каваль            б) вырабляе скуру для пашыву абутку

3. Бондар            в) робіць раменную вупраж: хамуты, церазсядзёлкі

4. Сталяр            г) скураны абутак

5. Кравец            д) будуе драўляны дом

6. Цясляр            е) шые верхняе адзенне з палатна, сукна, футра

7. Шавец             ж) апрацоўка аўчыны і шкур пушных звяроў для кажухоў

8. Рымар             з) плугі, бароны, сярпы, нажы, сякеры

9. Гарбар            і) гліняны посуд

10. Стэльмах        к) робіць бочкі, кубельцы, дзежкі, жлукты

11. Грабар           л) робіць колы, калёсы, сані, вазкі

12. Кушнер          м) вокны, дзверы, мэблю.

17.Таццяна Пятроўна Радзюк з Мацеевічаў расказала нам пра выпадак, што адбыўся з ёю ў час вайны. У Мацеевічы прыйшлі партызаны (яны часта тут бывалі), а ў гэты час з'явіліся немцы (а гэта было рэдка). Пачаўся бой проста ў вёсцы, кулі разбівалі шыбы, а ў яе ў гэты час пачаліся роды - на свет з'явіўся яе першынец. На шчасце, усё абышлося добра, але ж во дужа не ў час пачаліся гэтыя роды, - кажа Таццяна Пятроўна. І дадае наконт гэтага трапную беларускую прыказку. Якую?

18. Згодна пісьмовых крыніц адным з асноўных заняткаў жыхароў Арэшкавічаў спрадвеку было бортніцтва - збор мёду дзікіх пчол. Так, у інвентары 1596 года гаворыцца, што жыхары Арэшкавічаў маюць 1096 калод пчол. Не забыты гэты занятак і сёння ў нашай мясцовасці. У садзе Васіля Аляксандравіча Марцінчыка ў Церабутах мы ўбачылі вулей, зроблены з кавалка 200-гадовай сасны. Такі вулей знаходзіўся на дрэве ў лесе, а галоўным шкоднікам у справе збору мёду ў лесе былі мядзведзі. Залезе мішка ў дупло, мёд выдзера і рой разбурыць. Як бортнікі змагаліся з гэтым шкоднікам, нам расказаў наш субяседнік. А як думаеце вы, як бортнікі змагаліся з мядзведзямі?

19. Усе ведаюць, што бор - гэта лес. Аказваецца, гэта слова азначала не проста лес, а адзінку вымярэння - чаго?

20. Недалёка ад Дзям'янаўкі ёсць ўрочышча Лысая Гара. Аказваецца, гэта вельмі распаўсюджаная назва мясцовасцей - на Беларусі такіх назваў зафіксавана этнографамі каля 100. Што за мясціны называлі нашы продкі такім дзіўным імем?

Вынікі конкурсу

Найбольш змястоўнай прэзентацыяй журы прызнала працу пра Арэшкавічы (адказная - Марцінчык Наста), на другім месцы аказалася каманда з Дзям'янаўкі (Усцінчык Ганна), а трэцяе месца было прысуджана тым, хто збіраў матэрыял пра Церабуты (Слуцкі Міхаіл). Асобна была адзначана суцінская каманда - атрымала падзяку "за ініцыятыву і самастойнасць" (Вернікоўская Ганна).

Фота з этнаграфічнага конкурса:

Марцінчык Наста арганізавала працу арэшкавіцкай каманды
Прэзентацыя Арэшкавічаў аказалася найбольш змястоўнай
Хоць Дзям'янаўка і малая вёска, ды Усцінчык Ганна і Пышная Каця знайшлі там ўсё
7 клас распавёў пра Мацеевічы - найперш пра капліцу і маёнтак Юльяна Булгака
Ганна Вернікоўская самастойна арганізавала экспедыцыю ў Суцін і падрыхтавала электронную прэзентацыю
Слуцкі Міхаіл і Пешаходзька Дзмітрый "адкрылі" Церабуты, найперш для сябе
уверх