на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                       краязнаўчы сайт
 


Экскурсіі

Краязнаўчы музей

Абрадавыя святы

Паходы па краю

Талькаўскі фэст

Працы вучняў пра край

Чарнобыль у лёсе адной сям'і

Чужы сярод сваіх

Беларуская свабода

Дзікая прырода ў квадраце

Звяно ў ланцугу

Што я ведаю пра Еўропу

Фатаграфія як жывая гісторыя

Талька і наваколлі

Талькаўскія скарбы

Алена Мазанік

Прэзентацыі

Два тыдні для грамадства

    С.П. Аляшкевіч

Талькаўскі край у гады вайны

Краязнаўчая канферэнцыя

Cвята "Наш край"

 

Конкурсная праца

Станіслаў Паўлавіч Аляшкевіч - ветэран Вялікай Айчыннай вайны, настаўнік Талькаўскай школы.

Гайдучонак Уладзімір, вучань 9 класа Талькаўскай школы

Кіраўнік - Наталля Валянцінаўна Ільініч


Станіслаў Паўлавіч не вельмі гаваркі чалавек. Некалькі разоў мы наведвалі яго, каб дапамагчы яму ў хатніх справах, прасілі расказаць пра сваё жыццё, сям'ю, пра вайну, пра Тальку, пра школу. У выніку атрымаўся вось такі аповед. "Нарадзіўся ў 1923 годзе ў сям'і земляробаў у вёсцы Весалова. Вучыўся ў Талькаўскай школе, закончыў у 1940 годзе 9 класаў. Бацька памёр у 1939 г., не было як вучыцца далей.

Калі пачалася вайна, праз Тальку на ўсход пешшу ішлі чырвонаармейцы. У наш двор зайшлі чалавек 10-15 салдат і афіцэраў, прасілі піць. Адзін з іх быў генерал Чырвонай арміі Карбышаў Дзмітрый Аляксандравіч, спецыяліст па будаўніцтву ваенна-інжынерных умацаванняў. Гэта быў ужо немалады чалавек (61 год), стомлены хадою і спёкаю. Папрасіў у нас лягчэйшы абутак, бо ў яго ботах яму было цяжка ісці. Я даў яму свае сандалі, падвёз на кані да палігона ў бок Асіповічаў. Ён вельмі дзякаваў, даў свой адрас ў Маскве, запрашаў пасля вайны ў госці да сябе. Пазней мы даведаліся пра лёс гэтага чалавека: пад Магілёвам 8 ліпеня 1941 г. цяжка кантужаны ў баі, трапіў у нямецкі палон, закатаваны ў канцлагеры Маўтгаузен у Аўстрыі. Адмовіўся супрацоўнічаць з ворагамі, за гэта яны прыдумалі для яго адмысловае катаванне - на марозе яго жывога аблівалі вадой, пакуль цела вучонага не ператварылася ў ледзяную глыбу.

А мы - талькаўская моладзь - думалі, як памагчы Чырвонай арміі, як будзем змагацца з акупантамі, што мы можам зрабіць? Калі адступалі нашы, то ў лесе пакідалі шмат зброі. Мой сябар Мікалай Кульбіцкі са Слабодкі паказаў мне цэлы склад знойдзенай ім зброі, мы яго перахавалі. Марылі пра тое, каб пайсці ў партызаны, перадаць ім гэту зброю.

У Тальцы для кантролю чыгункі паставілі нямецкі гарнізон, стварылі паліцэйскі гарнізон. Бургамістрам назначылі Маланку з Весалова (пазней яго заб'юць партызаны), а начальнікам паліцыі стаў Васіль Кульбіцкі са Слабодкі.

Талькаўскіх яўрэяў сагналі ў школу, а потым перавялі ў домікі летняга піянерлагера на беразе Талі. Ганялі іх адтуль на працу."

Станіслаў Паўлавіч узгадвае аднакласніцу Іду, у якую быў закаханы, і якую ня здолеў выратаваць.

Мы пытаем: "Людзі шкадавалі іх?"

Станіслаў Паўлавіч: "Ну канечне, шкадавалі. Я нават сабе адну яўрэечку прывёў. Аднакласніца мая. Мы яшчэ тады не цалаваліся, як цяпер усе цалуюцца. Маці мая гаворыць: "Навошта ты прывёў? Даведаюцца немцы, заб'юць". Я кажу: "Не даведаюцца. Яна не падобная на яўрэйку". Дома ў мяне жыла з тыдзень. А іх загналі туды, у піянерскі лагер за рэчку. Яе маці прыйшла і забрала. Маўляў, наш лёс такі, што загінуць трэба. Дык я яе праводзіў да моста. Вярнулася назад, пацалавала мяне і пайшла..."

Стары Станіслаў заплакаў. Напэўна, ён плача кожнага разу, калі ўзгадвае сваё юнацкае каханне.

"У 1942 годзе акружэнцы стварылі ў суцінскіх лясах партызанскі атрад імя Суворава, уваходзіў у 2-ю Мінскую брыгаду. Я і мае сябры хацелі туды пайсці, але не маглі, бо немцы арыштавалі б і знішчылі нашы сем'і. Таму прыдумалі такі план: быццам бы на танцы ў Весалоў прыходзяць партызаны і сілай забіраюць хлопцаў у лес. Некаторых маіх сяброў так "забралі". А я зрабіў іначай: у адну з нядзеляў паехаў у Асіповічы быццам бы за пакупкамі, побач са мной ехалі талькаўскія паліцаі. Па дарозе неўпрыкмет ад іх я саскочыў з прыступкі, калі цягнік на пад'ёме прыцішыў ход, недзе ля Верайцоў - і пайшоў да партызанаў. Маці назаўтра ў паліцыю ў Тальку: "Дзе мой сын? Ён жа з вамі ўчора паехаў у Асіповічы і не вярнуўся!" Ніхто мяне не прадаў.

Атрад наш размяшчаўся каля Клятнога за Суціным, штаб брыгады быў у Гарэльцы. Камандаваў атрадам Шапашнікаў. Хадзілі ў разведку верхам на конях з Міхаілам Яфрэменкам з Суціна, быў у нас ён камандзірам узвода, потым стаў Героем Савецкага Саюза. Памятаю, быў такі выпадак з нашым камандаваннем у атрадзе. Прыбыў з Масквы самалётам лётчык Тарасаў і прыняў камандаванне нашым атрадам, адсунуўшы былое кіраўніцтва, быццам бы ў яго такі загад з Масквы. Некаторы час так пакіраваў, усё з сабакам хадзіў. А потым высветлілася, што гэта ніякі не Тарасаў, а самазванец, які забіў лётчыка, узяў яго дакументы і выдаў сябе за Тарасава. Пазнаў гэтага Ілжэтарасава Ціхаміраў, камандзір іншага атрада, што прыехаў да нас у атрад. Ён ведаў у твар гэтага самазванца і выкрыў яго. Кінуўся ўцякаць гэты здраднік, даганялі яго на конях з дапамогай ягонага ж сабакі і дагналі, расстралялі.

Наш атрад рабіў дыверсіі на чыгунцы, нападаў на паліцэйскія гарнізоны, ратаваў ўцеклых і вывезеных з мінскага гета дзяцей: размясцілі іх у партызанскай зоне ў вёсцы Парэчча. Большасць засталіся жывыя, іх гадавалі сялянскія сем'і з гэтай вёскі, пры наездзе немцаў на вёску хаваліся ў балоце.

Побач з нашым атрадам дзейнічаў яўрэйскі партызанскі атрад, там ваявалі тыя, хто ўцёк з гета ў Мінску. Называлі яго чамусьці ў нас "Гоп-са-смыкам".

А яшчэ у нашым атрадзе быў такі выпадак. Прыйшлі з Мінскага гета дзве маладыя прыгожыя дзяўчыны-яўрэйкі, а з імі нямецкі афіцэр са зброяй, перайшоў на наш бок, вывеў дзяўчат і сам прыйшоў у наш партызанскі атрад ваяваць. Аказалася, што ў гэтага немца любоў з адной з гэтых дзяўчат. Убачыў гэта аднойчы вартавы, далажыў камандаванню. А каханне ў атрадзе было забаронена. Што з ім рабіць на вайне? Супрацоўнік НКУС з асобага аддзела аб'явіў, што па партызанскіх законах каханню не месца ў атрадзе, а гэтыя маладыя людзі парушылі закон і павінны быць пакараныя. Іх абодвух расстралялі. Адна партызанка ўзяла з валасоў расстралянай дзяўчыны прыгожы грабянец, а з-пад яго выпала ампула з нейкай вадкасцю. Праверылі на кошцы: накапалі на ежу і далі з'есці. Жывёліна праз гадзіну здохла. Значыць, у ампуле была атрута. Арыштавалі і другую дзяўчыну-яўрэйку, абшукалі - быццам бы і пры ёй была ампула з атрутай і яна быццам бы прызналася, што яны былі засланыя немцамі ў атрад, каб атруціць усіх у атрадзе. За гэта быццам бы немцы абяцалі выпусціць з гета іх сем'і. Вось так усё складана было і на вайне, дзе , здавалася, павінна было б быць усё проста: гэта свае, а там чужыя.

Сябар мой Коля Кульбіцкі са Слабодкі страціў у атрадзе зрок. Везлі на падводзе зброю, выбуховыя рэчывы, ад траскі адбылася дэтанацыя, выбух - і Мікалай на ўсё жыццё застаўся сляпы. Жыў побач з намі на Рудні са сваёй сям'ёй, усё жыццё працаваў, выгадаваў дзяцей. Вось ужо некалькі год як яго няма з намі.

З маёй жонкай Марыяй Кульбіцкай мы сышліся яшчэ ў вайну. Жылі яны на Рудні недалёка ад гэтай хаты. Марыя вучылася перад вайной у Мінску на настаўніцу ў Белпедтэхнікуме, была вельмі прыгожая, ганарлівая. Потым усё жыццё прапрацавала ў Талькаўскай школе ў пачатковых класах. Для трэцяй часткі талькаўскіх жыхароў яна была першай настаўніцай. Нарадзілася ў нас трое сыноў: Міша ў 1944, Коля ў 1948, а Алег у 1951. Міша не выжыў у вайну. Цяжка ім было. Калі наступала Чырвоная армія, немцы і паліцаі спалілі Рудню і Слабодку, Марыя Іванаўна з маленькім Мішам хавалася ў яме. Пражыў хлопчык некалькі месяцаў і памёр. Алег трагічна загінуў. Гэта моцна падарвала сілы і здароўе жонкі. Застаўся ў нас адзін Коля, цяпер жыве ў Мінску, у яго двое дзяцей, ужо ёсць унукі, цяпер во прыязджаюць на выходныя, дапамагаюць мне. Мы з Марыяй Іванаўнай разам пражылі больш за 50 год. Усяго было за гэтыя гады: радасці і гора. А цяпер во застаўся адзін у хаце.

Калі Тальку вызвалілі, трапіў у Чырвоную Армію - спачатку ў артылерыю наводчыкам. Пасля ранення стаў танкістам, хадзіў ў разведку. Удзельнічаў у вызваленні Беларусі, Усходняй Прусіі. Тройчы паранены, кантужаны, скончыў вайну малодшым лейтэнантам ва Ўсходняй Прусіі, дэмабілізаваўся ў 1947 годзе.

Цяжкае тады было жыццё ў вёсцы. Хаты згарэлі ў вайну, слабодскія і руднянцы сталі будавацца, а за што? Нават есці не было чаго. У калгасе грошай не плацілі, жыві як хочаш.

Кожны хацеў знайсці працу не ў калгасе: у лясніцтве, на чыгунцы, у школе, у бальніцы. А я ж быў камуніст, уступіў у час вайны ў партыю, то прымусілі стаць старшынёй калгаса "Камунар" у Тальцы, прапрацаваў там з 1948 да 1950 года. А сысці адтуль прыйшлося з трэскам.

Калгас быў бедны, грошай на развіццё, на плату людзям не было. Задумаў я купіць 30 цялушак, каб павялічыць колькасць малака. Ды і коні вельмі патрэбныя былі ў гаспадарцы.

Прадаў яблыкі з калгаснага сада, але ж гэта вельмі малая сума. Паехаў ў райкам партыі ў Мар'іну Горку да старшыні райкама, стаў яму расказваць, як мы гаруем, пра нашы планы купіць цялушак і коней, што трэба нам крэдыт 10 тысяч рублёў, інакш не выкруцімся. Старшыня пасмяяўся з мяне і кажа: "Ты і так добра справу вядзеш, калгас твой крэпкі. У нас ёсць нашмат горшыя гаспадаркі". Карацей, адмовіў мне ў крэдыце. У гэты час да яго ў кабінет зайшоў старшыня калгаса з Сінчы, таксама "Камунар" называецца з такой жа самай просьбай, як і мая: просіць 10 тысяч крэдыту на свой калгас. Аказалася, што гэтая вёска - радзіма старшыні райкама, таму сінчанскаму "Камунару" на маіх вачах выдзяляюць крэдыт, аб чым старшыня тэлефануе ў банк і загадвае, маўляў, зараз прыйдзе старшыня калгаса "Камунар", выдайце яму крэдыт 10 тысяч рублёў. Я выйшаў з райкама ды ў банк, кажу: "Дайце калгасу "Камунар" крэдыт 10 тысяч рублёў, вам зараз з райкама званілі". Тыя і выдалі.

Але справа хутка раскрылася, разабраліся, што адбылося. Судзіць мяне не сталі, бо грошы я вярнуў, улічылі, што не дзеля ўласнай карысці стараўся, а за калгас. Старшыня райкама загадаў, каб мяне калгаснікі вызвалілі з пасады старшыні. А людзі не хацелі адпускаць, некалькі разоў збіралі сход, прыслалі з райкама новага старшыню, а народ усё роўна прагаласаваў за мяне. Прыезджы, убачыўшы гэта, сам адмовіўся і з'ехаў. Тады райкам загадаў мне самому зрабіць так, каб людзі прагаласавалі супраць мяне. Прыйшлося хадзіць па хатах, упрошваць, нават мужыкоў падпаіць прыйшлося. Так скончылася мая старшынёўская кар'ера.

З 1951 да 1953 года працаваў участковым аграномам у Сінчанскай МТС, ездзіў з Талькі на веласіпедзе. З 1953 года вярнуўся зноў у талькаўскі "Камунар", аграномам. А з кастрычніка 1955 года і да пенсіі працаваў настаўнікам Талькаўскай школы, выкладаў біялогію, асновы сельскагаспадарчага машынаводства, вёў ваенную справу. Высветлілася, што гэта сапраўды маё, палюбіў школу, сваю працу. Атрымлівалася нядрэнна. Пасадзілі школьны сад (ён і цяпер, праз 50 год дае выдатны ўраджай!), гэта я прывёз па загаду дырэктара Івана Вікулавіча Барысенкі з Лошыцы саджанцы яблыняў, усёй школай садзілі.

Школа стаяла на балоце, вырашылі асушыць гэту балоцістую мясцовасць. Уручную, рыдлёўкамі, дзеці і настаўнікі вырылі канавы, сажалку, зямлю таксама ўручную выносілі на алею, што вядзе да школы. Цяжка было. Балота адступіла. За гэтыя справы наша школа тры гады падрад была ўдзельніцай Усесаюзнай выстаўкі сельскагаспадарчых дасягненняў у Маскве, была ўзнагароджана медалямі. Думаю, у гэтым ёсць часцінка і маёй працы. У школе была вытворчая сельскагаспадарчая брыгада. Садзілі кукурузу квадратна-гнездавым спосабам, добрыя ўраджаі атрымлівалі, зараблялі грошы на рахунак школы.

Я скончыў БСГА на агранома, бо трэба былі веды, каб добра выконваць свае абавязкі."

Узнагароджаны Станіслаў Паўлавіч Ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі "За адвагу", "За баявыя заслугі", юбілейнымі медалямі. Мае шмат дыпломаў, грамат за працоўныя дасягненні ў Талькаўскай школе.

Наш субяседнік мае залатыя рукі. 25-30 дамоў у Слабодцы і Тальцы рубленыя і пастаўленыя яго рукамі, пад яго кіраўніцтвам. Пра гэта гаворыць яго дагледжаны дом, гаспадарка, пасека. Пакуль была Марыя Іванаўна, былі сілы, вясковыя настаўнікі трымалі карову, каня. Станіслаў Паўлавіч любіць сялянскую працу, любіць прыроду, любіць працаваць на зямлі.

Цяжкі лёс дастаўся ветэрану. Цяжкі, але і шчаслівы, бо ён шмат зрабіў у сваім жыцці, змог рэалізаваць сябе не толькі ў ваенных справах, але і ў сям'і, у працоўнай кар'еры.

Крыніцы:

Успаміны Станіслава Паўлавіча Аляшкевіча, запісалі вучні Талькаўскай школы Хмыроў Максім, Сацура Сяргей, Панкратовіч Сяргей, Гайдучонак Уладзімір і настаўніца Ільініч Наталля Валянцінаўна.

уверх