![]() |
|||||
| |||||
![]() Працы вучняў пра край Чужы сярод сваіх |
Конкурсная праца "Чужы сярод сваіх"Ягор Пузына, вучань 9 класа Талькаўскай школы Кіраўнік - Наталля Валянцінаўна Ільініч Чужы сярод сваіх... Хто ён, дзе жыве гэты чужы? Як яго імя? Можна не задаваць гэтыя пытанні, дастаткова азірнуцца, прыгледзецца да людзей, і вы убачыце такіх чужых. "Чужы" - гэта той чалавек, да якога лёс паставіўся сурова, выпрабаваў яго на трываласць. Гэты чалавек можа жыць побач з вамі, быць вашым суседам, пра лёс якога вы нават нічога не ведаеце. ![]() Ян Віктаравіч Корзюк з жонкай Станіславай Адольфаўнай і унукамі. Корзюк Ян Віктаравіч. Гэтага чалавека таксама можна назваць чужым у яго асяродку. Жыццё яго было складанае. У 18 год ён страціў нагу,бацька ў гады вайны быў старастам ў Суціне, а пасля вязнем сталінскіх лагераў. Можна доўга пералічваць усе няшчасці гэтага чалавека, але паведамлю ўсё па парадку. Нарадзіўся Ян Віктаравіч у шляхецкай сям'і ў 1926г. Матулю звалі Мальвінай, з вёскі Рэпішча, з дому Вярыгаў, а бацьку - Віктар Францавіч. Віктар нарадзіўся ў 1890г. у Суціне, быў прызваны на першую сусветную вайну і трапіў там ў нямецкі палон. 6 год працаваў суцінскі хлопец парабкам у старых немцаў ва усходняй Прусіі-даглядаў карову, касіў сена. З палону вярнуўся толькі ў 1921г. У Суціне яго абралі старшынёй сельсавета, прарабіў два гады, потым кінуў, бо загадвалі забіраць скаціну ў людзей. Не падабалася гэта бацьку Яна Віктаравіча, таму перайшоў у сельскую гаспадарку працаваць. Прыстаў у прымы да Мальвіны. У яе было ўжо 2 хлопчыкі - Пётр і Франц. А першы муж юнай удавы Скіндар быў расстраляны бальшавікамі ў Ігуменскім астрозе ў 1920г. За тое, што быццам бы "хацеў стварыць польскую партыю", калі была савецка-польская вайна ў 1919-1920гг. Жылі на хутары на Птычы, бо яшчэ да нараджэння Яна ў 1925г. пераехалі туды. Калі ў Суціне пачалася калектывізацыя, іх сям і дазволілі жыць на хутары, бо бацька касіў сена, а зімой яго старажаваў для саўгаса, і за гэта лічылася, што ён у яго ўваходзіць. У іх была невялікая гаспадарка: 2 каровы, з 10 калод вулляў, таксама сеялі бульбу, жыта,грэчку. Брат Пётр працаваў трактарыстам, а потым шафёрам. Сам Ян летам пасвіў саўгасных цялушак - 53 галавы. Адзежу маці ткала сама. "Спачатку як апранеш - жорстка, а пасля таго, як пасціраюць бялізну 2-3 разы, - мякка. "Ужо ў 1939г. пачалі сцягваць хутары. Нам выдзелілі 60 сотак зямлі, дапамог калгас перавезці хату і іншыя збудаванні ў Суцін, далі для гэтага 10 падвод. За працу ў калгасе давалі жыта, бульбу - жылося някепска" - успамінае Ян Віктаравіч. 1941год. Ян скончыў 7 класаў і збіраўся паступаць у тэхнікум на настаўніка, як старэйшы брат Франц, але не паспеў, бо пачалася вайна. Да таго як прыйшлі немцы ў Суцін, Ян хадзіў капаць меліярацыйныя канавы, за гэта атрымаў 150 кг жыта - і яны выратавалі сям'ю ад галоднай смерці ў пачатку акупацыі. У канцы чэрвеня 1941г. немцы занялі Суцін., да 1942г. не распускалі калгасы. Немцы загадалі выбраць старшыню і бургамістра. Ян Віктаравіч успамінае: "Сабраўся сход ў школе, бацька не хацеў ісці і паслаў на яго мяне. Прыйшоў я, сеў на апошні рад і слухаю. Абралі старшынёю калгаса Анціка Панятоўскага, а яго намеснікам Антося Міцкевіча. Пачалі абіраць бургамістра. Той не можа, той не хоча. Нехта сказаў:" Няхай Віктар будзе, ён жа ў тую вайну быў у палоне і ведае нямецкую мову. "Усе пагадзіліся. Хацеў я сказаць, што мой бацька не згодзіцца, але мяне ніхто не паслухаў, нават прыкрыкнулі: "Маўчы ,малы, не твая справа." Прыйшоў я дамоў, паведаміў пра сход бацьку, ён аж збялеў. Кажа: "Вось не было гора, што ж цяпер рабіць?" Хоць і абралі майго бацьку на такую сабачую працу, але стараўся зрабіць, каб людзям было лепей. Цяжкая гэта праца: днём немцы з паліцаямі, а ноччу партызаны. І усе патрабуюць есці - як ім дагадзіць? 120 акружэнцаў прыпісаў бацька ў Суцін, а калі іх адпраўлялі ў лагер для ваеннапалоных, дык некаторым падказаў, што трэба ўцякаць. Вясной гэтыя акружэнцы арганізавалі атрад імя Суворава. Аднойчы да нас прыйшоў з асобага аддзела партызанскага атрада чалавек Вясялоў і сказаў, каб бацька тэрмінова адмовіўся ад пасады бургамістра. "Мы цябе ведаем, што ты наш чалавек, але ўсім гэта не раскажаш.Цяпер партызан ў лесе шмат, прыйдуць, хату спаляць і заб'юць." Бацька напісаў заяву і перадаў справы Суцінскай воласці ў Тальку." У 1944г. пачалася блакіроўка для знішчэння партызан, але нічога ў немцаў не атрымалася, толькі шуму нарабілі. У гэты ж год Віктар Францавіч быў быў вывезены на прымусовыя работы пад Берлін. У той жа лагер было выгнана паў Суціна людзей. З зімы 1944г. ніякіх звестак ад яго не атрымлівалі, а летам 1945г. вярнуўся, але ўжо сына Яна не заспеў. 1 ліпеня 1944г. быў вызвалены Суцін і Яна прызвалі на фронт. "Ішлі мы шмат дзён пешшу, вайсковай справе вучыліся на хаду". Першы і апошні бой у жыцці Яна адбыўся ля горада Пултуйск на рацэ Нараў, што 90 км лявей ад Варшавы. Быў загад узяць маёнтак на узвышшы. Ён яшчэ не ведаў, што гэта разведка боем ."Як пачалі нас абстрэльваць з мінамётаў, шмат хто загінуў у гэтай "разведцы боем", я дык паспеў прабегчы метраў 300, быў паранены у ногі. Правая нага ў 3-х месцах перабіта, а сасуды цэлыя, а ў левай толькі кавалачак касці адкалоўся."Потым у Яна Віктаравіча на левай назе пачалася гангрэна, і яе ампуціравалі ў Харкаўскім шпіталі.І гэта ў 18 год!!! У 1945г. Ян вярнуўся ў пасляваенны Суцін. Брат Пётр зноў працаваў шафёрам у абласным ваенкамаце, а бацьку арыштавалі за тое, што быу бургамістрам у гады вайны і саслалі ў Мардовію. 2-3 чалавекі партыйцы тады падпісаліся, што кажухі забіраў у людзей - і нічога нікому не даказаў. Хоць людзі і гаварылі, што дрэннага ім Корзюк, як быў старастам, не зрабіў. Ганна Адамаўна Татур, жыхарка Суціна, былая настаўніца сказала нам, што Корзюк быў харошы чалавек, для людзей стараўся. Следавацель Зюзін і слухаць нічога не хацеў. 10 год Віктар Корзюк адбыў у Мардовіі. Перажыў голад, холад, а сям'я яго ў Суціне адчувала адрынутасць: бацька - "вораг народа". Увогуле ў Суціне ў паліцыю, самаахову пайшло шмат людзей - каля 30 чалавек - і не былі яны набрыддзю, падонкамі, якія ратавалі толькі ўласную скуру. Хаця былі і такія. Ян Віктаравіч лічыць, што такая вялікая колькасць людзей, перайшоўшых на бок немцаў, ёсць водгулле таго факту, што Суцін спрадвеку быў падзелены на католікаў і праваслаўных, шляхту і мужыкоў. Гэта процістаянне прагледжваецца праз усю гісторыю Суціна.У паўстанні 1863г. удзельнічала Суцінская шляхта, 22 сям'і былі за гэта сасланыя ў Томскую губерню. А сяляне дапамагалі ўладам лавіць паўстанцаў, рабаваць іх дамы, а потым атрымлівалі іх маёмасць. У 30-ыя гады ў час калектывізацыі сяляне разам з уладамі раскулачвалі шляхту. Ну, а ў вайну многія суцінскія шляхецкія сем'і сталі ўдзельнікамі паліцыі, самааховы. Партызаны палілі іх дамы, растрэльвалі сем'і. Ян Віктаравіч успамінае, што ў Суціне было партызанамі растраляна 22 сям'і. Сапраўдная грамадзянская вайна. Віктар Францавіч расказваў, як у Мардовіі яго выратавала ваўняная даматканая світка - выменяў у аднаго мясцовага жыхара за яе пуд бульбы.Гэта бульба выратавала яго ў самы цяжкі галодны час. Еў па тры бульбіны ў дзень. Так перажыў голад. З Суціна сям'я мала што магла паслаць бацьку, бо самі галадалі. Вельмі цяжка жылося ў пасляваеныя (1946-1947) гады-усяго 9 коней на вёску было. Але Ян не мог працаваць за плугам, бо быў пакалечаны. Што рабіць, як жыць далей, як зарабіць кавалак хлеба? І Ян вырашыў пайсці вучыцца да Гурскага Васіля шыць боты. Потым пайшоў працаваць у арцель, якую арганізаваў Хадкевіч Віктар. За працу ў арцелі атрымліваў 9 кг мукі ў месяц. Праз 4 гады арцель разышлася бо жыццё пачало паляпшацца. У 1948 Ян ажаніўся са Станіславай Адольфаўнай. Жонка працавала ў калгасе, на палявых работах, а Ян Віктаравіч быў дома і працаваў рымарам. Рабіў хамуты, сёдлы, церазсядзёлкі, глядзеў за дзецьмі, займаўся хатняй гаспадаркай, і сам пабудаваў дом для сваёй сям'і. У Станіславы і Яна нарадзілася трое сыноў. Старэйшы Франак, 1949г. нараджэння, названы ў гонар старэйшага брата, што загінуў на фронце. Франак скончыў Рыжскае авіятэхнічнае вучылішча, а потым радыёфізічны факультэт БДУ. Зараз працуе загадчыкам камп'ютарнай школы пры БДУ. У яго двое сыноў: Віталь, Эдуард. Віталь праграміст, а Эдзік працуе на тэлебачанні, наладжвае апаратуру. У другога сына, Віктара, (1950г. нараджэння), што жыве ў Вілейцы, сын Янка і дачка Оля. Віктар (сын Яна), закончыў БІМСГ, але працуе галоўным інжынерам у ЖКГ горада Вілейка. У 1953г. нарадзіўся трэці сын Бронік.Ён скончыў ваеннае вучылішча ў Ленінградзе, жыве там і сёння. Віктар Францавіч вярнуўся з Мардовіі ў Суцін у 1955г. Было яму тады ўжо 65 год. Працаваў яшчэ ў саўгасе, жыў з сям'ёй сына. Памёр ва ўзросце 90 год, у 1980г. Вось якую пакручастую дарогу жыцця даў ім Бог. Бацьку - два нямецкія палоны, стараства ў Суціне, 10 год сталінскіх лагераў. Сыну - калецтва ў 18 год (левую нагу ампуціравалі вышэй калена, а правая ледзь згінаецца, перабіта ў трох месцах), кляймо "сына ворага народа". Марыў стаць настаўнікам, а стаў шаўцом і рымарам. Але, відаць, няма тых выпрабаванняў, якія чалавек не змог бы вытрымаць. Бацька і сын годна прайшлі па жыцці, і засталіся людзьмі. Крыніцы: 1. "Памяць.Пухавіцкі раён."Мінск, 2004 г. 2. Успаміны Яна Віктаравіча Корзюка,жыхара вёскі Суцін. уверх![]() |
||||