на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                       краязнаўчы сайт
 


Экскурсіі

Краязнаўчы музей

Абрадавыя святы

Паходы па краю

Талькаўскі фэст

Працы вучняў пра край

    Чарнобыль у лёсе адной сям'і

Чужы сярод сваіх

Беларуская свабода

Дзікая прырода ў квадраце

Звяно ў ланцугу

Што я ведаю пра Еўропу

Фатаграфія як жывая гісторыя

Талька і наваколлі

Талькаўскія скарбы

Алена Мазанік

Прэзентацыі

Два тыдні для грамадства

С.П. Аляшкевіч

Талькаўскі край у гады вайны

Краязнаўчая канферэнцыя

Cвята "Наш край"

 

Конкурсная праца "Чарнобыль у лёсе адной сям'і"

Выканалі сябры краязнаўчага гуртка Талькаўскай школы.

Кіраўнік - Наталля Валянцінаўна Ільініч


Чарнобыль ад нас далёка?

Арэшкавічы - невялікая прыгожая вёсачка над Свіслаччу - знаходзіцца далёка ад Чарнобылю. Увогуле, Пухавіцкі раён, дзе мы жывём, лічыцца ў Беларусі "чыстым" ад радыёактыўнага забруджвання. Але Чарнобыльская катастрофа закранула ўсю нашу краіну - пятая частка земляў была выведзена з гаспадарчага ўжытку, столькі ж насельніцтва апынулася на забруджаных землях. Каля 200 тыс. чалавек было пераселена ў іншыя месцы Беларусі. Шмат сродкаў з бюджэту было выдаткавана на ліквідацыю матэрыяльных страт. Значыць, усе мы, жыхары Беларусі, аплацілі сваёй працай, змяншэннем сваіх даходаў ліквідацыю наступстваў аварыі. Таму няправільна будзе гаварыць, што Чарнобыль не закрануў нашы Арэшкавічы, Тальку ці Блужу. Усе мы нясём на сваіх лёсах, на сваім здароўі адбітак Чарнобылю, усе мы "дзеці Чарнобылю". Але ёсць у нашай вёсцы сям'я, чый лёс Чарнобыль змяніў цалкам. Гэтую сям'ю Чарнобыльская віхура вырвала з каранямі і перанесла ў нашы Арэшкавічы.

Перасяленцы

Ці лёгка дрэву пасля буры прыжывацца на новым месцы? Пра гэта мы прыйшлі пагаварыць у сям'ю нашых аднавяскоўцаў.

Ёсць людзі "перакаці-поле", што лёгка пераязджаюць з месца на месца і знаходзяць у гэтым задавальненне. Але сям'я Назаранкаў - Буракоў - Сацураў не такая. Гэта спрадвечная сялянская сям'я, што была ўросшы ў сваю зямлю ў вёсцы Рудная на Хойніччыне і любіць яе да сёння, хоць жывуць яны ў Арэшкавічах ужо 16 год. "Землі ў нас там вельмі добрыя, не тое, што тут. Сады харошыя пакідалі, хаты..." - кажанаша суразмоўніца Аляксандра Данілаўна Назаранка. І мы разумеем, што сэрца яе засталося там.

Як вылічыць гэту страту - страту роднай вёскі? Страта знаёмых, сяброў, тых песень, показак, легенд, назваў, родных магілаў ... У якіх адзінках можна вылічыць гэтую страту?

Немагчыма. Бо гэтыя рэчы непаўторныя, а значыць, і цаны ім няма. Не купіш іх ні за якія грошы.

У Арэшкавічах трэба было пачынаць усё нанова: заводзіць гаспадарку, наладжваць быт, знаходзіць сяброў.

Як вам жывецца ў нашых Арэшкавічах? Якое жыццё вы пакінулі там, на сваёй роднай Хойніччыне?

Гэтыя пытанні мы задалі пры сустрэчы Аляксандры Данілаўне Назаранка, 1914 года нараджэння і яе ўнучцы Іне Міхайлаўне Сацура, 1970 года нараджэння.

Аляксандра Данілаўна Назаранка, фота 2006г.

Баба Алеся мае ўжо 92 гады, але нас яна ўразіла: рухавая, акуратна апранутая, добра памятае ўсё, жартуе, іранізуе з сябе, з дзяцей, з жыццёвых абставінаў. Аказваецца, яна ніколі не вучылася ў школе, зусім не ўмее чытаць і пісаць. Пры гэтым у яе аповядзе адчуваецца глыбокая жыццёвая мудрасць і здаровы сэнс. Яна шмат перажыла і многаму навучылася. Усё жыццё яна працавала - дома, у калгасе, у Германіі, зноў у калгасе. Вось ужо 38 год на пенсіі, апошнія гады жыве ў Арэшкавічах з сям'ёй сваёй ўнучкі Іны і ўсё яшчэ дапамагае, што можа, у хаце і па гаспадарцы. У гаспадароў прыгожы дагледжаны дом, паўсюль - на падворку іў хаце - чысціня і парадак. У гэтым, канечне, галоўная заслуга Іны Міхайлаўны, але адчуваецца, што і Аляксандра Данілаўна не проста назіральнік. Бабуля Алеся ўсіх ведае ў Арэшкавічах (спачатку нашай размовы распытала, чые гэта дзеці прыйшлі да яе), у курсе ўсіх вясковых навінаў, ведае, што хвалюе аднавяскоўцаў і нават палітычнымі праблемамі цікавіцца!

Рудная

Аляксандра Данілаўна Назаранка нарадзілася ў 1914 г. у вёсцы Рудная Хойніцкага раёна ў сям'і земляробаў. Калі прыйшоў час ісці ў школу, бацька прынёс у хату прасніцу, паставіў ва ўслон і сказаў:

"Во твая школа, вучыся прасці, ткаць, працаваць па гаспадарцы". Усё тады рабілі ўручную: жорнамі малолі муку, у ступе таўклі крупы, сярпочкам жалі. За дзень Алеся нажынала тры капы, а ў капе 60 снапоў. Спачатку працавалі аднаасобна, а потым як парабіліся калгасы, тую ж працу рабілі і ў калгасе. Бацька адразу ў калгас ісьці не хацеў. Як сталі дужа прыціскаць, то паслаў спачатку двух сыноў, каб паглядзець, што будзе. Але прыйшлося і яму няхоцькі ісці, бо выхаду не было. Сям'я Назаранкаў лічылася серадняцкай, дужа шмат працавалі на зямлі, але ледзь зводзілі канцы з канцамі. А ў калгасе яшчэ цяжэй стала. Грошай за працу не плацілі, толькі ўвосень давалі за працадзень колькі грамаў збожжа. Хлеба не хапала, галадалі.

Паклалі на дзяўчыну 80 сотак лёну - трэба было яго прапалоць, вубраць (гэта значыць вырваць з зямлі і паслаць на дол, каб сох), паставіць у бабачкі, абабіць насенне пранікам, потым зноў паслаць, каб адышоў, пасля гэтага ў церніцу той лён і трапалі траплом - аддзяліць кастрыцу ад валокнаў. Пасля гэтага атрымлівалі валакно, з якога можна было прасці ніткі, ці здавалі яго дзяржаве.

У калгасе вырошчвалі тытунь. Гэта справа была выгадная, за яго калгас атрымліваў неблагія грошы, але апрацоўваць гэту расліну таксама цяжка. Палолі, тры разы пасынкавалі (а ён дужа пэцкаецца!), лісты нанізвалі на нітку і сушылі пад паветкай, пасля гэтага здавалі ў дзяржаву. Калгас ў Рудным быў крэпкі, напэўна, дзякуючы амаль бясплатнай працы вось такіх добрасумленных, працавітых людзей, як Алеся Назаранка.

Беларуская Паша Ангеліна

У 1936 годзе старшыня павёз дзяўчыну ў МТС. Аказваецца, там арганізоўваліся курсы трактарыстак. Тады па ўсяму Савецкаму Саюзу было вядомае імя Пашы Ангелінай - дзяўчыны з Данецкай вобласці, якая ў 1933 г. арганізавала першую ў СССР жаночую трактарную брыгаду. Прызыў Пашы Ангелінай "Сто тысяч сябровак на трактар!" дакаціўся і да палесскага калгаса ў Рудным.

"Пасадзілі нас чацвярых дзяўчат, далі алоўкі, сшыткі, каб мы запісвалі. Сталі вучыць. Іншыя дзяўчаты нешта запісваюць, а я сяджу, уважліва слухаю, але не пішу нічога, бо пісаць жа не ўмею.

І сказаць баюся, што няграматная я, бо смяяца будуць і прагоняць з курсаў. Пытае ў мяне той настаўнік, чаму не пішу, а я адказваю: "Удумляюся", - успамінае з усмешкай Аляксандра Данілаўна.

Так "удумлялася" дзяўчына 22 дні. За такія кароткія стаханаўскія курсы навучыліся дзяўчаты працаваць на трактары. Аказалася, што вывучыць каробку скарасцей прасцей, чым навучыцца грамаце. Ды і часу на вучобу не было, трэба было працаваць. Далі новенькі прыгожы ХТЗ. Цуды рабіла на тым трактары Алеся. Працавала лепш за вопытных мужчын-трактарыстаў. Працавала ўдзень і ўночы: арала, сеяла, упынялася з жаткай-снопавязалкай, камбайнам, малацілкай. Абрабляла ад МТС вёскі Рудная, Дворышча, Валокі, Навасёлкі. "Палі ў нас вялікія: як зоймеш загон, дык кіламетры два па прамой, не спыняючыся, арэш. Зямля ў нас там дужа ўрадлівая, як на Украіне. Камення няма зусім."

Тады за працу сталі лепш плаціць. За працадзень на трактары плацілі 3 рублі і 3 кілаграмы збожжа. Хоць хлеба наеліся ўдосталь.

У 1937 годзе Алесі прапанавалі абірацца дэпутатам у Вярхоўны Савет БССР. Ад МТС з правадніком паехала яна ў Мінск, была на прыёме ў Доме ўрада, паказалі ёй горад. Але Аляксандра Данілаўна адмовілася ад прапановы абірацца ў дэпутаты. Рашыла, што хлеб вырошчваць у яе лепш атрымліваецца, вельмі падабалася ёй гэтая справа. Ды і яшчэ адна прычына адмовіцца была: так і не навучылася яна грамаце. "Прапаноўвалі навучыць, ды сама я ўжо тады не захацела, сорамна было ў такім узросце за парту садзіцца. А хлеб вырошчваць я і без навукі магла".

Вайна

Пачалася вайна. Брат Алёсь, што быў старшынёй калгаса, загадаў ёй эвакуіраваць у Курск худобу: калгасных авечак, кароў. Пагналі пешшу на ўсход два мужчыны, два падлеткі і яна вялізны статак. Некалькі тыдняў гналі, пасвілі, даілі, малако раздавалі адступаючым салдатам, людзям. Нагараваліся. Дзякуй Богу, зрабілі ўсё як трэба: і самі выжылі, і скаціну прыгналі цэлай, не дасталася немцам.

Вярнулася дамоў, зноў працавала на зямлі. У ліпені 1942 сілаю пагналі ў Германію. Прывезлі, высадзілі на нейкую плошчу, адтуль немцы сталі разбіраць сабе рабочую сілу. Алесю забралі ў горад Штольберг, на ваенны завод "Металверф". Там рабілі снарады розных памераў. Горад Штольберг знаходзіцца на захадзе Германіі, на адлегласці 15 км ад мяжы з Галандыяй. На "Металверфі" працавалі рабочыя з розных заваяваных Германіяй краін: галандцы, французы, бельгійцы, палякі, беларусы, рускія. Праца была цяжкая, з гарачым металам. Адразу кармілі дрэнна, а потым харчаванне палепшылася, асабліва для тых, хто добра працаваў. Відаць, наша гераіня працаваць дрэнна не ўмела. " Пражыла я там тры гады, працавала добра, на мяне там ніхто і разу пальцам не кіўнуў. Расказваюць пра жорсткасці, з якімі немцы абыходзіліся з прывезенымі рабочымі. У нас такога не было. Наадварот, былі прыклады добрых адносінаў з боку звычайных немцаў. Спачатку нас пасялілі ў будынку прыватнага рэстарана. У гаспадара гэтага рэстарана сын і зяць былі на ўсходнім фронце, то яны цікавіліся намі, рабочымі з Беларусі і Расіі, хацелі даведацца, якія мы, распытвалі пра падзеі на фронце, што там адбываецца, дзе іх блізкія. Улады нямецкія, відаць, забаранялі простым немцам размаўляць з намі, неяк дапамагаць. Дык было такое: ідзём на працу, а нехта з немцаў кіне рабочым з акна нейкі пакуначак з ежай, помніцца, аднойчы ў ім былі ягады. Простыя немцы былі звычайныя людзі,"- успамінае Аляксандра Данілаўна.

За працу рабочым плацілі маркі, але на іх амаль нічога купіць было немагчыма, немцы і самі цярпелі нястачы ад гэтай вайны. Тавары і для іх размяркоўваліся па картках. Калі камендант дазваляў, можна было выйсці ў горад, пагуляць, купіць піва ці марожанае.

Жанчыны і ў тых умовах заставаліся жанчынамі. На фабрыцы была тэхнічная тканіна, белая, падобная на шоўк, у яе загортвалі нейкія металічныя дэталі. "Дык мы накралі з дзяўчатамі гэтай тканіны, намылі, пашылі сабе кашулі і вышылі нават сваімі ўзорамі. Во, на гэтай фатаграфіі ў Штольбергу я ў такой кашулі," - смяецца наша суразмоўніца. На гэтай фабрыцы Аляксандра пазнаёмілася з Паўлам Кандрацьевым, гэткім жа рабочым з Беларусі. Палюбілі адзін аднаго, там жа ў Германіі, толькі ўжо па дарозе дамоў, ва Усходняй Прусіі нарадзілася дачка - Зіна.

Вызвалялі Штольберг амерыканцы. Аляксандру ўразілі гэтыя людзі: добра апранутыя, дагледжаныя, здаровыя, шмат у іх было тэхнікі, зброі, а асабліва здзівіла, што жанчыны амерыканскія ўсе маглі вадзіць машыны. "Каб не Амерыка, нас бы не было. Немцы хацелі нас расстраляць, нас выратавалі амерыканцы. Я тады зраумела: з Амерыкай ваяваць - адразу паміраць. Дужа вялікая сіла ў іх была",- успамінае Аляксандра Данілаўна. Праз некалькі дзён прыйшлі англічане (відаць, Штольберг трапіў у зону акупацыі Англіі), потым прыйшла Чырвоная Армія. Остарбайтэрам з СССР можна было вяртацца дамоў. Дабіраліся праз Усходнюю Прусію.

Паўсюль стаялі пустыя хутары, гаспадары з іх паўцякалі ад вайны, на палях быў няўбраны хлеб, ламіліся ад яблыкаў бязлюдныя сады.

Спыняліся, убіралі хлеб, збіралі садавіну, зноў рухаліся на ўсход. Ноччу нападалі бандэраўцы, трэба было бараніцца. З нецярпеннем чакалі сустрэчы з Радзімай. Аказваецца, яна таксама іх "чакала": Паўла прамой наводкай забралі ў сталінскія лагеры. Усе, хто быў у Германіі, траплялі пад падазрэнне. Чаму Павел Кандрацьеў, бацька яе дачкі, быў арыштаваны і зняволены ў ГУЛАГу, Аляксандра не ведала. Яны сустрэліся толькі праз 13 год.

Радзіма

З маленькай Зінай на руках Аляксандра вярнулася дамоў. У Руднай іх чакалі невясёлыя навіны. Маці памерла ў 1943 годзе, бацька ажаніўся другі раз, у хаце гаспадарыла мачаха. Брат Раман прапаў на фронце без вестак.

Сталі выжываць, жылі разам з сястрой Лізаветай. Гаравалі: не было чаго есці, не было адзення, абутку. Працавалі ў калгасе за працадні, а на той працадзень увосень давалі па 200 грамаў хлеба. Звалі працаваць на трактар, але Аляксандра вырашыла не ісці, бо трэба было глядзець малую. Хадзіла працаваць на палявыя работы, а гэта самая цяжкая і малааплачваемая праца. Штодзень на сонцы, пад даждом, ветрам.

Адразу пасля вайны калгас быў вельмі слабы, ледзь выжылі. Дзякуй Богу, было па 50 сотак зямлі ў асабістай падсобнай гаспадарцы, з яе і жылі. Трэба было адрабіць у калгасе працадзень, а потым яшчэ на сваіх сотках працаваць. За сезон Аляксандра ўручную зжынала ў калгасе тры гектары хлеба. Абрабляла і ўбірала гектар лёну. Гэты лён сушылі дома на печы, каб потым ён лепш трапаўся. Днём працуеш у полі, а ноччу трэба трапаць і церці гэты лён, каб ні кастрычынкі не засталося. Здавалі дзяржаве прыгожы, чысценькі, быццам залаты, лён. На сваіх сотках таксама лён сеялі, са свайго лёну ткалі і шылі сабе адзенне, пасцель. У бабулі Алесі і цяпер захаваліся палатно, посцілкі, дзяругі і коўдры, тканыя ў той час. На наша пытанне, ці захавалася што вышыванае сваімі рукамі з тых часоў, жанчына адказвае: "Вышыванкі параздала ўнучкам, засталіся толькі накрыўкі на падушкі і на смерць адклала самаробны вышываны хвартух".

Калгас паціху паднялі лёнам і тытунём. Пабагацеў калгас, стала і людзям лягчэй жыць.

Дзяўчынка шукае бацьку

Падрастала Зіна. Павел пісаў з лагеру, з Урала, потым перастаў. Як высветлілася потым, ня проста так, сястра Ліза пастаралася: яму напісала, што Аляксандра выйшла замуж і больш яго не чакае, а ёй, Аляксандры, "прачытала," быццам бы Павел ажаніўся і больш не будзе ёй пісаць. Ліза жыла з імі і вяла перапіску за Аляксандру. Не хацела, каб нехта яшчэ прыехаў да іх жыць. Так Зіна засталася без бацькі, а Алеся самотнай жанчынай. На увесь век... Хто вінаваты? Вайна, што злучыла, а потым развяла іх? Сталін са сваім ГУЛАГАМ? Сястра? Ці гэта нядоля такая ў гэтай моцнай жанчыны - застацца адной, гадаваць дачку, цяжка працаваць у калгасе, галадаць, пастаянна даказваць сваёй працай і жыццём, што яна зусім не горшая за іншых, шчаслівейшых, чые мужы вярнуліся з вайны?

У шостым класе Зіна раптам стала прасіць Аляксандру Данілаўну "паказаць ёй бацьку". А дзе ж яго знайсці? Як? Звярнуліся ў адрасны стол, там доўга шукалі, а потым адказалі: "Жыве ў вёсцы Талька Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці." Аляксандра не хацела, але дачка вельмі ўжо ўпрошвала - і маці адступіла. Прыехалі ў Тальку, знайшлі Паўла Пятровіча, ён меў тут сям'ю. Гэтая сустрэча вельмі ўзрушыла іх усіх. Дый ня дзіва - 13 год прайшло, як яны развіталіся. А дачка фактычна бачыла свайго бацьку ўпершыню. Пагаварылі і разышліся. Прыязджаў Павел Пятровіч у Рудную, хацеў з імі жыць, але тут ужо Аляксандра Данілаўна адмовілася, "не нуждалася ў ім". Напэўна, засталася нейкая крыўда, што не шукаў яе з дачкою, што так лёгка паверыў сястрыной хлусні... Бацька з Зінай дружылі, прыязджаў некалькі разоў, прысылаў грошы. А ў 1978 годзе, прывёз тысячу рублёў (Аляксандра Данілаўна тады атрымлівала калгасную пенсію - 12 руб.), купіў дачцэ адразу тэлевізар, халадзільнік, пральную машыну. У 1990 годзе прыехаў з паперай: купіў для вас дом, пераязджайце ў Арэшкавічы, да мяне бліжэй. Усе былі расчуленыя. Во гэта бацька - дом купіў дачцэ! Тады якраз у 1990 годзе пастанова выйшла: адсяляць з Руднага дзяцей да 16 год. А у Зіны ўжо было тры дачкі. Як ты не паедзеш? Так сям'я апынулася ў Арэшкавічах.

Катастрофа

Расказвае Іна Міхайлаўна Сацура, унучка Аляксандры Данілаўны.

"Я вучылася тады ў 9 класе. Адразу ніхто нічога нам не гаварыў. Упершыню мы пачулі пра аварыю 30 мая ад сваёй настаўніцы фізікі. Зразумелі, што адбылося нешта нядобрае, але, што трэба рабіць, ніхто ня ведаў. 1 мая мы садзілі сваю бульбу, хадзілі босыя па полю, свяціла цёплае сонейка, ласкавы ветрык дзьмуў з поўдня. Раптам бачым - нізка - нізка ляцяць верталёты. Такога ніколі не бачылі. Стала трывожна на душы. У той дзень у Хойніках праходзіла дэманстрацыя, прысвечаная Дню Міжнароднай салідарнасці працоўных.

3 мая сталі абіваць калодзежы плёнкай. У ФАПе сталі даваць таблеткі з ёдам, рэкамендавалі менш знаходзіцца на вуліцы.

6 мая да нас прыйшла мая класная Надзея Іванаўна і сказала, што навучальны год скончыўся, заняткаў больш не будзе, а заўтра ў 5 гадзін раніцы трэба ўсім дзецям сабрацца з рэчамі. Нас вывезлі ў піянерскі лагер ля Гомеля, у вёсцы Цяруха, на ўвесь май .

З чэрвеня да канца жніўня мы жылі ў лагеры ў Віцебскай вобласці, перад школай нас вярнулі ў Рудную.

А там ужо пасялілі салдат, яны здымаюць і вывозяць верхні слой зямлі, мыюць сцены і стрэхі хат. Нам сказалі, што жыць тут можна, але нельга весці гаспадарку, усё трэба купляць у магазіне. Так мы пражылі 4 гады.

У 90-ым выйшаў загад: нельга жыць тут дзецям да 16 год, таму усе сем'і з дзецьмі будуць адселеныя ў чыстыя раёны Беларусі. Ад дзяржавы мы на рукі атрымалі па 500 рублёў на чалавека, а Коля наш яшчэ быў у пялюшках, дык яму было паложана 250. Едзь куды хочаш. Тут якраз наш дзед Павел з'явіўся з быццам бы купленым домам (потым аказалася, што дом той зусім і не куплены, дзед толькі дамовіўся са старшынёй калгаса пра калгасны дом). Але хто там тады высвятляў, селі дый паехалі .

Астатняя вёска перасялілася ўся разам на Гродзеншчыну, пабудаваліся ля вёскі Сенькавічы, нават назвалі свой пасёлак Рудная. Так і жывуць разам! Наша бабуля дык дужа наракае на сваю дачку Зіну, маю маму:"Хай бы і мы паехалі разам са сваімі, а то паслухалі Зіну ды яе бацьку, то апынуліся тут адны."

Прыехалі мы ў Арэшкавічы адразу тры прозвішчы: Назаранка Аляксандра Данілаўна, Бурак Зінаіда Паўлаўна і Сацуры - муж Віктар, ды я, Іна, з Колькам на руках. Калгас даў нам гэты дом, выдзеліў сядзібу. А ўсё астатняе ўжо нажывалі паціху самі. Дом мы потым выкупілі за 21 тысячу, гэта былі на той час немалыя грошы. Пасадзілі сад, трымаем гаспадарку. Мама працавала даяркай, выйшла замуж тут за Кургановіча Івана, жыве ў яго хаце, а бабуля Алеся засталася з нашай сям'ёй. Прывыклі ўжо ў Арэшкавічах, тут у нас нарадзіўся Сяргей, вырас Коля.

Страчаны рай

Пытаем, дзе лепей - у Рудным ці ў Арэшкавічах? Аляксандра Данілаўна адказвае: "Там у нас вёскі вялікія - тры кіламетры цягнуцца, дарогі ўсе заасфальтаваныя, пасадкі вакол. А якія сады! Вясной як зацвітуць - рай... І людзі ў Рудным лепшыя. Магілы там маіх маці, бацькі, двух братоў. Два разы мы ездзілі туды да магілаў. Гэта немагчыма вытрымаць."

Рай страчаны... Але жыццё працягваецца. Сёння бабуля Алеся шчаслівая сваімі ўнукамі, праўнукамі. "Коля і Сярожка добрыя, паслухмяныя. Я з імі дружу, гаманю. Што папрашу, зробяць. Вельмі люблю, каб Сяргей мне пачытаў кніжку, дык ён чытае, як папрашу."

Здзіўляемся стану здароўя Аляксандры Данілаўны. У чым сакрэт?

"Усё жыццё працавала, а бальніц не ведала, не хадзіла туды. Адзін толькі раз прыйшлося: грыжу цяжкімі ношкамі нарвала, дык завезлі ў бальніцу, зрабілі аперацыю. Цяпер, праўда, стала парашкі піць. Ад прастуды п'ю аспірын, а ад болю у суставах нейкія ружовенькія таблетачкі, ногі баляць".

Гэта жанчына сваім жыццём увасабляе нам трывучасць чалавека, моц беларускага духу. Яна перажыла вайну, калгасны прыгон, самоту, Чарнобыль. І аднаго з гэтых выпрабаванняў хапіла б на чалавека, а ёй выпала некалькі. Кажуць, Бог дае нам толькі тыя выпрабаванні, якія мы можам вытрываць. Мы можам павучыцца на лёсе гэтай Жанчыны, гэтай сям'і, як жыць годна.

Крыніцы:

Успаміны жыхарак вёскі Арэшкавічы Назаранка Аляксандры Данілаўны, 1914 года нараджэння, і Сацура Іны Міхайлаўны, 1970.

уверх