на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                       краязнаўчы сайт
 


Экскурсіі

Краязнаўчы музей

Абрадавыя святы

Паходы па краю

Талькаўскі фэст

Працы вучняў пра край

Чарнобыль у лёсе адной сям'і

Чужы сярод сваіх

    Беларуская свабода

Дзікая прырода ў квадраце

Звяно ў ланцугу

Што я ведаю пра Еўропу

Фатаграфія як жывая гісторыя

Талька і наваколлі

Талькаўскія скарбы

Алена Мазанік

Прэзентацыі

Два тыдні для грамадства

С.П. Аляшкевіч

Талькаўскі край у гады вайны

Краязнаўчая канферэнцыя

Cвята "Наш край"

 

Конкурсная праца "Беларуская свабода"

Дар'я Ільініч, 11 клас Талькаўскай школы

Кіраўнік - Наталля Валянцінаўна Ільініч


Свабода - гэта кроплі вады, якія падаюць на перасохлыя вусны знямоглага вязня. Яны жывяць закатаваную душу, напаўняюць энэргіяй кожную клетачку, уліваюць жыццёвую моц у кожны сантыметр мускулаў, падымаюць з каленяў, адкрываюць вочы і даюць сонца...

Прыгожы вобраз, але ўсё ж што гэта за такая дзівосная сіла? Што яна для мяне і майго народа? Ці аднолькавая яна? Дзе яе пачатак і дзе мяжа? Ці мае яна ўвогуле межы?

Напэўна, межы яна, як і ўсе іншыя з'явы, мае. На мой погляд, мяжой маёй свабоды можа быць толькі свабода іншага чалавека. А значыць, выраз: "Свабода - гэта калі я раблю тое, што хачу" - адпадае. Дзяржава спрабуе запісаць гэта ў выглядзе законаў. Але, мне здаецца, што гэта ўсё роўна не дае і не дасць чакаемага плёну. Бо кожны чалавек павінен усведамляцьсвае правы і абавязкі на ўзроўні маралі, а не прававых законаў. Дзяржава не мае права абмяжоўваць маю свабоду, калі яна не шкодзіць свабодам іншых людзей. Чаму ж тады на пытанне: "Чаму ты не парушаеш закон?" - чуем адказ: "Таму што не хачу быць пакараным дзяржавай", чаму тады у нас ёсць бясконцая бюракратыя і нахабная міліцыя? Бо, напэўна, людзі забыліся для чаго стварылі дзяржаву: каб яна змагалася за выкананне правоў чалавека, за недатыкальнасць чалавечай свабоды. Але улада робіць з людзей звяроў, якія забываюцца на свае абавязкі. Таму зараз нам усё часцей даводзіцца напамінаць ёй аб яе абавязках.

На мой погляд, ні адзін дзяржаўны лад не можа забяспечыць чалавеку максімальную свабоду, акрамя аднаго - анархіі. Але анархіі не ў сэнсе беспарадку і хаосу, а ў яе спрадвечным сэнсе - развітой форме дэмакратыі. Лад, калі адсутнічае ўлада зверху, усё вырашае сам народ. (Праўда, для гэтага трэба, каб народ быў цывілізаваны). Лад роўных магчымасцяў і вялікіх перспектыў. І, самае галоўнае, - лад свабоды чалавека ад грамадства, і менавіта таму не рэальны. Бо чалавек "жывёла статкавая", таму ёй неабходна грамадства.У сваім узросце, са сваім характарам і каштоўнасцямі я хачу менавіта такой свабоды, максімальнай незалежнасці асобы ад навакольнага людскога свету, быць своеасаблівым "вольным мастаком", незалежным ні ад чаго, акрамя прыроды. Я разумею, што гэта не магчыма поўнасцю,але я паспрабую зрабіць усё магчымае, каб дасягнуць гэтага.

Са сваёй свабодай я разабралася, а што значыць свабода для майго народа? Мне здаецца, адказ на такое пытанне можна знайсці толькі зазірнуўшы ў гісторыю.

На працягу ста год - тры паўстанні. Што б гэта значыла? Я не Караткевіч (на жаль), таму не буду рабіць з беларусаў "паўстаючы народ", бо, на мой погляд, гэта не так. Ні адно з паўстанняў (1794г., 1830г., 1863г.) не было падтрымана сялянамі. Аралі зямлю, радаваліся адмене часоваабавязанага становішча, а ва ўдалы момант прадавалі галаву паўстанца за тры рублі. Гэта нават уявіць балюча: не толькі не падтрымалі, а яшчэ і гандлявалі ўласнай воляй. І, мне здаецца, паўстанні былі адзін за адным не толькі з-за імкнення да волі, колькі з-за незавершанасці папярэдняга. Канешне, я не спрачаюся, імкненне да незалежнасці - галоўная прычына. Але імкненне да незалежнасці не ўсяго народа, а толькі эліты. У кожнага народа ёсць невялікая група людзей, якая хоча свабоды не толькі сабе, але і свайму народу, таксама і ў Беларусі. Кастусь Каліноўскі прыняў кіраўніцтва паўстаннем, ужо напэўна ведаючы, што паўстанню наканавана быць задушаным. Ён не адрокся ад сваёй мэты. Я лічу яго адным з самых вялікіх герояў Беларусі. Бо Каліноўскі да апошняга ўдара сэрца любіў сваю Радзіму і прагнуў свабоды свайму народу. У нашай мясцовасці таксама ёсць героі, змагары за "за нашу і вашу свабоду". З суседняй вёскі Суцін, былой шляхецкай аколіцы, было выслана 22 сям'і за ўдзел і дапамогу паўстанню 1863г. Некаторыя так і памерлі ў Томскай губерні, а некаторыя вярнуліся. Напрыклад, адзін з унукаў удзельніка паўстання Франца Корзюка - Ян Корзюк. Сёння яму 81, скончыўшы 7 класаў, разумее і разумеў праблемы сваёй Радзімы і ўсёй душой пратэставаў супраць савецкай несвабоды. Напэўна, гэта шляхецкая кроў, гены, сямейнае выхаванне зарадзілі ў чалавеку дух пратэсту, імкненне да свабоды. Ды што казаць, калі ўся шляхецкая аколіца была такая ж. У кожным доме хоць і дробнага шляхціца (44 дамы) была або зброя, або порах. Пра гэта даносіць казацкі старшына Цітоў, які з атрадам казакоў падышоў да Суціна праз некалькі дзён пасля таго як тут стаяў паўстанцкі атрад С. Ляскоўскага. У сваім рапарце пра Суцін Цітоў піша. "Сутин населён большею частию шляхтой... При обыске селения в редком доме не было найдено пороха, свинца, патронов и прочих принадлежностей огнестрельного оружия, кроме того одно ружъё, 1 пистолет и пистолетный ствол; вообще здешнее население неприязненно настроены против правительства, вспомоществуя своими детьми, находящимися ныне в их шайке и вообще всем для них полезным". (Н. Ільініч "Талька і наваколлі", Мн, 2004 год, с.96).Са шляхты Суціна ў атрад паўстанцаў пайшлі: Казімір Захарэвіч, 25 гадоў, Франц Корзюк, 25 гадоў, Антон Гарэцкі, 32 гады, Гіляры Татур, 19 гадоў, Франц Акаловіч, 17 гадоў, Іван Матусевіч. 6 чалавек. Няшмат...

Сялян было больш, а іх нядужа хвалявалі "праблемы шляхты": нейкая там свабода, вольнасці, аднаўленне дзяржавы.

Колькі лепшых беларускіх сыноў паклалі жыцці за свабоду свайго народа! А народу тому хоць бы хны, і ведаць не ведалі, і думаць не думалі, чаго хочуць тыя інсургенты, і навошта змагацца за нешта абстрактнае і незразумелае. Тым больш, што улады сказалі, што шляхта хоча вяртання прыгоннага права, а не наадварот. Чаму б і не паверыць, асабліва калі не трэба задумвацца. Пэўна, гэта рыса беларускага менталітэту склалася з-за гістарычных ператрусаў, якія прывучылі народ запабягаць перад уладамі, прыстасоўвацца. Толькі невялікая група пачынала змагацца за незалежнасць, а цяпер гэта не група, а цэлая грамада. Але, на жаль, за 150 год народ амаль не змяніўся, а можа стаў яшчэ больш пасіўны і не зацікаўлена ў справах сваёй краіны. Часамі здаецца, што гісторыя, смеючыся з нас, ідзе па аднаму і таму ж колу. Зараз таксама ёсць людзі, якія любяць сваю радзіму і хочуць свабоды. Але, дзякуй богу, дзяржаўны спрут не пакараў іх смерцю, а толькі душыць маральна: садзіць на хімію ў "заспіртаваную максімкам" вёску, дзе няма цэркваў і тэлефонаў; хапае ля пад'ездаў уласных дамоў, абвінавачваючы ў "нецэнзурнай лаянцы (цікава, на каго яны там лаяліся?); закрывае адзіную незалежную газету "што галоўны рэдактар лаяўся матам і за гэта быў арыштаваны".

Калі-нікалі складваецца ўяўленне, што майму народу не трэба свабода. Але такога не можа быць. Кожнаму чалавеку неабходна свабода, як вада, як вецер. Іншае пытанне, што яна для ўсіх розная. Для большасці беларусаў свабода - гэта магчымасць саджаць бульбу, хадзіць на працу, капацца на сваім участку. І іх не хвалюе, будзе Беларусь сябрам ЕС, ці Паўночна-заходнім краем Расійскай імперыі. І, напэўна, менавіта таму народ не падтрымаў шляхецкія паўстанні, таму зрабіў такі выбар 1994, 95, 96гг. і ў 2001г. і менавіта таму не выйшаў на плошчу ў 2006. Невялікая грамада (тысяч 20, а гэта сапраўды мала) не зможа дамагчыся свабоды для ўсяго народа. Толькі аб'яднаўшыся мы зможам даказаць, што мы - народ, які хоча быць незалежным і мае права на самастойнасць. Толькі РАЗАМ мы зможам перамагчы "стабільнасць" і ўстаць ва ў весь рост, трымаючы ў руках незваяваны сцяг нашай свабоды.

Крыніцы:

1. Памяць. Пухавіцкі раён. Мн, 2003.

2. Ільініч Наталля "Талька і наваколлі" 2004.

уверх