на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                          краязнаўчы сайт
 






Экскурсіі

Краязнаўчы музей

Абрадавыя святы

Паходы па краю

Талькаўскі фэст

Працы вучняў пра край

Чарнобыль у лёсе адной сям'і

Чужы сярод сваіх

Беларуская свабода

    Дзікая прырода ў квадраце

Звяно ў ланцугу

Што я ведаю пра Еўропу

Фатаграфія як жывая гісторыя

Талька і наваколлі

Талькаўскія скарбы

Алена Мазанік

Прэзентацыі

Два тыдні для грамадства

С.П. Аляшкевіч

Талькаўскі край у гады вайны

Краязнаўчая канферэнцыя

Cвята "Наш край"






Праца гуртоўцаў у "дзікім
квадраце"

 

Дзікая прырода ў квадраце

або

як суцінцы прыроду вывучаюць


Аляксандр Мікалаевіч Календа з сынамі

Ёсць амаль на краю свету вёска Суцін, дзе ў маленькай школе працуе Аляксандр Мікалаевіч Календа - біёлаг, эколаг і, на маю думку, філосаф. Ён стварыў у школе экалагічны клуб, які складаецца з 12 чалавек, што для вясковай школы нямала. Клуб мае дзіўную назву - "Дзікая прырода ў квадраце". Каб больш даведацца аб "квадратнай прыродзе", я вырашыла пагутарыць з арганізатарам клуба і яго ўдзельнікамі.

Раскажыце пра сябе: адкуль Вы родам, калі зацікавіліся біялогія, як трапілі ў Суцін?

Родам я са Смалявіцкага раёна. Біялогія зацікавіла мяне яшчэ ў школе. Збіраў калекцыі насякомых, гербарыі, фатаграфаваў. Пасля паступіў у Мінскі педагагічны інстытут імя Максіма Горкага (зараз Педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка), па размеркаванню трапіў у Суцін.

Чаму Вы не пайшлі ў навуку?Чаму выбралі шлях простага настаўніка?

Аляксандр Мікалаевіч: Я два разы спрабаваў "пайсці ў навуку". Першы раз - яшчэ ў інстытуце, на працягу пятага курса назіраў уздзеянне тэрэфталевай кіслаты на жывыя арганізмы на прыкладзе мух дразафілаў. Падрыхтаваў неблагую дыпломную работу, якую, на жаль, не змог распрацаваць больш грунтоўна. Другі раз - ужо працуючы ў школе, захапіўся псіхалогіяй, зрабіў працу, у якой аналізаваў асаблівасці вуснай і пісьмовай мовы чалавека. Але таксама чагосьці не хапіла, каб давесці справу да дысертацыі.(аўт. Мне падалося, што нахабства.) Зараз зацікавіўся экалогіяй.

Як вы ацэньваеце экалагічны стан нашай мясцовасці?

А. М.: Як!? Канечне, стан дрэнны. Наш Суцін знаходзіцца сярод лясоў, але каб дайсці да гэтага лесу, трэба некалькі кіламетраў шыбаваць па асушаных тарфяніках ды балотах. Шырачэзныя дарогі, неасфальтаваныя, вытаптаныя каровамі, з-за гэтага ў летнюю спёку ўздымаюцца пылавыя буры. Дрэнны стан пітной вады: побач агарод, хлеў, дарога, канава і калодзеж.

Што, на вашу думку, можна было б зрабіць,каб палепшыць эклагічны стан нашай мясцовасці?

А. М.: Калі б у мяне была ўлада ці сродкі, то я б, канечне, засадзіў бы ўсё дрэвамі, каб было больш зеляніны і менш пылу, па-іншаму перабудаваў бы вядзенне сельскай гаспадаркі, і , канечне, забараніў бы кідаць смецце проста сабе пад ногі. А пакуль што мы з дзецьмі абсаджвалі мясцовасць расліннасцю. Але дрэўцы ламалі, мы іх зноў саджалі, іх зноў ламалі... Таму мы вырашылі перайсці на іншы від дзейнасці.

Раскажыце падрабязней пра "вас з дзецьмі" і пра "іншы від дзейнасці".

А. М.: Спачатку ў нашай школе было арганізавана школьнае лясніцтва, якое і займалася азеляненнем мясцовасці. Крыху пазней нас запрасілі на з'езд школьных лясніцтваў, дзе мы пазнаёміліся з еўрапейскай арганізацыяй "Зберажом наш лес", якая супрацоўнічае з "Грынпісам". Мы сталі яе ўдзельнікамі, пачалі разам з ёй рэалізоўваць праекты. Ужо гэта было даволі цікава: мы выйшлі за рамкі школы, на ўзроўні раёна ўдзельнічалі ў навучальных семінарах. Пасля мне на вочы трапілася невялікая нататка, у якой арганізацыя "Ахова птушак Беларусі" запрашала прыняць удзел у працы гуртка "Крылаты дазор". Я прапанаваў дзецям, аформілі сяброўства ў гэтай арганізацыі і ў хуткім часе нам пачалі прыходзіць заданні і неабходнае абсталяванне. Мы ўдзельнічалі ў зімовых і восеньскіх днях назірання за птушкамі. Пасля была зімовая падкормка птушак і шмат іншых мерапрыемстваў. Праз некаторы час нам прыйшла прапанова паўдзельнічацьу семінары ў рамках праекта ТАСІС "Увядзенне вопыту ЕС па захаванню запаведнікаў і заказнікаў у супрацоўніцтве з мясцовым насельніцтвам і ўладамі", які праводзіла "Ахова птушак Беларусі". Ён накіраваны на настаўнікаў, арганізатараў і дзяцей, што жывуць у вёсках. У нашым раёне гэты праект быў прапанаваны 5 школам, але падтрымала толькі наша. Я паехаў на семінар, аформіў сяброўства ў праекце. Праект называецца "Дзікая прырода ў квадраце". (Шчыра кажучы, сэнс назвы я зразумела не адразу.) Ён накіраваны на вывучэнне і захаванне біялагічнай разнастайнасці мясцовасці. Рэгіянальным каардынатарам па Мінскай вобласці з'яўляецца Шайкін Руслан, а кіраўніком усяго праекта - Парэчына Наталля.

Раскажыце падрабязней, што Вы робіце, і што значыць такая назва - "Дзікая прырода ў квадраце".

А. М.: Гэта англійская методыка, якая прадугледжвае паслядоўнае (на працягу некалькіх палявых сезонаў) вывучэнне жывога і расліннага свету на тэрыторыі квадратаў велічынёй 100 х 100 метраў, якія размячаюць удзельнікі праекта. Месцазнаходжанне квадратаў вызначана ўмовамі праекту. У нас ужо закладзены квадраты ў сасновым лесе і на сухадольным лузе, трэба было б яшчэ на пойменным лузе, але ён ад нас далёка. Першы год мы вывучаем 5 відаў жывёл, 5 відаў раслін, 5 відаў насякомых. Наша задача - нанесці на карту месцы іх распаўсюджвання. Пры наведвані нашага месца працы мы праходзілі па маршрутах, якія закладзены па перыметру і па дыяганалях квадрата . У час агляду запісваем у дзённік назірання, у якім дакладна месцы бачылі тую ці іншую расліну ці жывелу. У канцы года мы падагульняем веды і ствараем карту, на якой паказаны месцы пражывання запланаваных відаў. Калі праца праводзіцца на працягу некалькіх год, то па картах можна будзе ўбачыць, павялічваецца ці памяншаецца тэрыторыя пражывання пэўных відаў. Паколькі зараз на тэрыторыі Беларусі арганізавана больш за 70 клубаў "Дзікі квадрат", якія больш-менш раўнамерна размеркаваны па тэрыторыі нашай краіны,то ўжо можна праводзіць маніторынгі экалагічнага стану ўсёй краіны.

Для вывучэнне насякомых у цэнтры і па сярэдзіне кожнай дыяганалі мы ставім паўлітровыя слоікі з фіксатарам ( воцатнай кіслатой), так званыя "пасткі". Туды трапляюць насякомыя (і не толькі) - застываюць, пасля мы іх вымаем, этыкетуем, раскладваем па пакеціках і ў хуткім часе збіраемся адправіць на біяфак БДУ, каб студэнты на практычных занятках дакладна сказалі, што гэта за насякомыя.

Якія планы ёсць у Вас на будучыню, звязаныя з дзейнасцю вашага клуба?

А. М.: Па-першае, на зімовы перыяд у нас запланавана зімовая падкормка птушак. На тэрыторыі вёскі будзе больш за дзесятак пляцовак для падкормкі, куды змогуць прылятаць птушкі, каб падсілкавацца і перажыць зімовыя маразы. Па-другое мы рыхтуемся да правядзення зімовага падліку птушак. Анкеты назіранняў мы потым адправім у "Ахову птушак Беларусі", каб нашыя вынікі трапілі ў езрапейскія справаздачы. Нарэшце, да пачатку гнездавога перыяду мы хацелі б змайстраваць домікі для соў і іншых птушак і развесіць іх на нашых квадратах і ў самой вёсцы. Пасля мы будзем назіраць: якія домікі заселеныя, а якія - не, кім менавіта яны заселеныя, і якое месцазнаходжанне доміка больш падабаецца іх насельнікам. А яшчэ ў планах падрыхтоўка і правядзенне акцый "Жывая вясна" і "Марш шпакоў". Над гэтым мы зараз працуем.

Пытанне удзельнікам клуба: хлопцы, вы хочаце звязаць сваё жыццё з прыродай ці для вас гэта толькі хобі?

Жыдовіч Дзіма: - Зараз часцей паступаюць не туды, куды хочуць, а туды куды могуць. Я пакуль яшчэ не ведаю дакладна, але ўсё можа быць.

Булгак Ігар: - На факультэт біялогіі трэба ўсё роўна здаваць матэматыку, а зараз гэта даволі складана. Пакуль што для мяне экалагічны клуб гэта толькі хобі, і даволі займальнае.

Цуранаў Аляксандр: - Я пакуль яшчэ не думаў над гэтым пытаннем.

Календа Яўген: - На факультэты біялогіі трэба не столькі веды па экалогіі, колькі вельмі глыбокія веды па біялогіі, і тым больш матэматыка. Але калі б усё ж атрымалася, я быў бы вельмі рады.

Ці дапамагаюць вам вашы веды ў засваенні школьнай праграмы па біялогіі?

Календа Яўген: - Зараз па школьнай праграме мы мала праходзім жывёл, больш чалавека. Мае заняткі ў клубе не столькі дапамагаюць мне паспяваць ў школе, колькі змянілі мой погляд на навакольную прыроду.

Жыдовіч Дзіма: - Мы таксама зараз мала праходзім жывёл. Але агульнае ўяўленне аб колькасці і разнастайнасці відаў жывёл у мяне значна пашырылася. У час заняткаў у клубе я ўпершыню ў жыцці жывым, а не на малюнку, убачыў чорнага бусла.

Булгак Ігар: - Калі б зараз я вучыўся ў класе 7-8, калі праходзяць разнавіднасці раслін і жывёл, то напэўна я б вучыўся лепш за ўсіх.

Што далі вам заняткі ў клубе?

Цуранаў Аляксандр: - Я пачаў глядзець на прыроду навокал па-іншаму. Я зразумеў што гэта не бясконцая скарбніца. Яна чымсьці падобная на жывую істоту, якая мае патрэбу ў абароне ад чалавека.

Календа Яўген: - Падчас заняткаў мы навучыліся пазнаваць птушак па спеву. Таму зараз,ідучы па лесу, саду ці лугу, я заўважыў, колькі розных птушак акружае нас. Хаця раней не заўважаў гэта. "Ну прыгожа, ну і добра", быццам так і павінна быць.

Булгак Ігар: - Я даведаўся пра віды птушак, аб існаванні якіх раней нават не падазраваў . Напрыклад, пра барадатую кугакаўку, якая абрана птушкай года Беларусі. Вы толькі сабе ўявіце: на 200 тысяч беларусаў прыпадае ўсяго адна гэтая прыгажуня.

А. М.: для мяне гэта справа стала не раптоўным захапленнем, а вынікам доўгага шляху. Экалогія - даволі набалелая тэма. У клубе мы вывучаем не пінгвінаў ды страусаў, што жывуць на другім канцы свету, а менавіта тое, што нас акружае, што мы топчам і нават не звяртаем увагі. Мне здаецца, што гэткія працы дапамогуць нам па-іншаму паглядзець на навакольны свет, адчуць сувязь чалавека з прыродай і ў нас узнікне жаданне не парушаць гэтую сувязь. Уявіце, калі б большая частка тэрыторыі Беларусі была разбіта на такія квадраты, то гэта, па-першае, дапамагло б падтрымліваць у школьнікаў павагу да прыроды і, па-другое, зменшыць рызыку знікнення якога-небудзь віду ці ўвогуле экалагічнай катастрофы.

Нядоўгай была мая вандроўка ў Суцін. Трэба спяшацца на аўтобус, бо ходзіць ён сюды рэдка, а да маёй Талькі 12 кіламетраў. За гэтыя гадзіны, праведзеныя з Аляксандрам Мікалаевічам і сябрамі экалагічнага клуба ў маленькай вёсачцы на краі раёна, я ўпэўнілася ў слушнасці прымаўкі аб тым, што не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца. Усюды можна жыць цікава, займацца патрэбнай справай - калі ты захоплены ёю. І яшчэ мне падумалася, што не такая ўжо безнадзейная наша будучыня, раз нават тут, у далёкай лясной і балотнай вёсачцы Суцін, ёсць такія настаўнікі, як Аляксандр Мікалаевіч Календа, і яго вучні - сябры экалагічнага клуба.

Ільініч Дар'я, в. Талька

уверх