на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                       краязнаўчы сайт
 







Экскурсіі

Краязнаўчы музей

Абрадавыя святы

Паходы па краю

Паход уверх по Свіслачы

  Паход на Жужлянку

Паход па старых сядзібах і храмах

Талькаўскі фэст

Працы вучняў пра край

Краязнаўчая канферэнцыя

Cвята "Наш край"







На валу гарадзішча





Пасля дажджу





Даследуем гарадзішча Жужлянка,
2005 год





 

Паход на Жужлянку

На гарадзішчы расце вялікі дуб

Вось ужо гучаць апошнія акорды цёплай летняй сімфоніі. Хутка наступіць дажджлівая восень з пажоўклым лісцем, лужынамі і вучобай, але ў памяці яшчэ доўга будуць блукаць светлыя летнія дзянькі, праведзеныя з сябрамі пад цёплым летнім сонейкам. Я хачу з вамі падзяліцца сваімі летнімі прыгодамі, а калі казаць дакладней , успамінамі пра паход на гарадзішча Жужлянку.

Маршрут нашага пахода быў прадуманы загадзя разам з нашай настаўніцай гісторыі Ільініч Наталляй Валянцінаўнай: вывучаны гістарычныя звесткі пра гэтую мясціну. На жаль, нас чарговы раз падмануў гідраметцэнтр, і замест пераменнай воблачнасці на нас 1-ы дзень, як з вядра, ліў дождж - таму настрой наш быў крыху падмочаны. Першым нашым прыпынкам была вёска Верайцы, што знаходзіцца ўжо ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці. Наша Талька ляжыць на самай мяжы Мінскай і Магілёўскай абласцей, таму дабіраліся мы туды ўсяго за 15 хвілін язды на цягніку. Там нашы мясцовыя "шпіёны" (дзеці з Верайцоў давучваюцца 10-11 класы ў нашай Талькаўскай школе ) падказалі нам мясцовых старажылаў, ад якіх мы хацелі пачуць гісторыю Верайцоў, але пачулі толькі ваенныя гісторыі. Мы завіталі да Іосіфа Васільевіча Календы. Нарадзіўся ён у вёсцы Верхі (недалёка ад Верайцоў) у 1923 годзе ў сялянскай сям'і. Вучыўся ў Верайцоўскай школе. У гады вайны фашысты вывезлі яго на прымусовыя работы ў Германію - працаваў у меднай шахце Кунеберг. Жыццё там было дужа цяжкае, ледзь выжыў. Вызвалілі яго амерыканцы, Юзік адразу вярнуўся дамоў, на Асіповіччыну. Спрабавалі мы распытаць Іосіфа Васільевіча пра назвы ўрочышчаў у наваколлях, даведаліся, што ёсць тут балота Салодкае, рычка Сінька. З яго гісторыі мы даведаліся пра жыццё мясцовага люду.

У гэтай лясной і балоцістай мясцовасці людзі жывуць збіральніцтвам. Летам збіраюць у неверагодных памерах суніцы, чарніцы, журавіны, грыбы і прадаюць іх на шашы Мінск-Магілёў, а зімой збіраюць шышкі сасны, пад Новы год святочныя елкі.Так і жывуць. Увогуле, "лясныя" людзі. Я заўжды здзіўляюся, наколькі непадобныя паміж сабою талькаўскі і верайцоўскі люд, хоць і знаходзяцца амаль побач (15 км у маштабах Беларусі амаль нічога не азначаюць). У Тальцы вельмі рэдка можна сустрэць чалавека, які цягне ёлкі на продаж. Гэтым заняткам збіральніцтвам спрыяе і той факт, што цяпер у Верайцах зусім няма добрааплачваемай працы. У савецкія часы тут была даволі вялікая ваенная часць, якая давала працу мясцоваму люду. Мы прайшлі па тэрыторыі гэтага гарадка. Цяпер ваенных тут няма, засталося толькі некалькі чалавек. якія ахоўваюць апусцелыя будынкі і рэшткі тэхнікі. Відовішча ўражвае сваім запусценнем. Казармы з цёмнымі вокнамі, закрыты штаб... Толькі ў некаторых дамах, відаць, жывуць нашчадкі былых ваенных. Большасць з іх шукаюць працу ў Асіповічах ці яшчэ далей.

Зразумеўшы, што не знойдзем ў вёсцы тое, што хацелі, мы вырашылі не губляць час, і адразу накіраваліся да гарадзішча. Шлях перад намі ляжаў яшчэ доўгі. Пад непрыемным дробным дажджом ішла наша экспедыцыя па лесе, знішчаючы на сваім шляху ўсе віды ежы і збіраючы да абеду грыбы. Неўзабаве прыйшлі, дарога нам здалася не такой ўжо і доўгай, як абяцалі, бо была скарочана вясёлымі размовамі і жартамі. Мы выйшлі да гарадзішча памерам з сучасны стадыён, якое ляжыць на абрывістым і нават крыху страшным беразе Свіслачы, амаль поўнасцю зарослым, здаецца, даўно не кранутымі рукой чалавека кустоўем (не ўлічваючы сцежак мясцовых рыбакоў). Адразу па прыходу расклалі намёты, распалілі вогнішча, і паставілі варыцца нешта сярэдняе паміж супам і бульбай з грыбамі. Пасля заканчэння ўладкавання нашага часовага месца жыхарства мы вырашылі прыступіць дагалоўнай мэты нашага пахода - вывучэння гарадзішча. З гэтай мэтай, адчуваючы сябе сапраўднымі археолагамі, заклалі невялікі шурф (раскопчык). Мы знайшлі шмат керамікі (кавалачкі глінянага посуду) , крыцу, вугольчыкі. Кераміка - вельмі каштоўная знаходка для археолага, па ёй можна вызначыць, які народ і калі жыў тут. А зараз я хачу крышачку расказаць вам звестак з гісторыі Жужлянкі, якія былі расказаны нам знаёмым краязнаўцам з Асіповіч - Юрыем Клеванцом.

На гарадзішчы Жужлянка жыццё было заснавана каля 4000 год таму. Спачатку там было неўмацаванае паселішча (аб гэтым сведчыць знойдзеныя там крамянёвыя пласціны ў час раскопак 1965 года археолагам Юрыем Драгуном). А будаўніцтва гарадзішча з умацаваннямі ў выглядзе рвоў і валоў, якія ўражваюць сваёй велічынёй (глыбіня рва 2 м., а вышыня вала ад 3 да 6 м.), пачалося ў апошнія стагоддзі да нашай эры. Побач з гарадзішчам знаходзяцца два "прыгарадныя" селішчы. Гарадзішча знаходзіцца ў месцы, дзе ручай Жужлянка ўпадае ў Свіслач. У Х стагоддзі гарадзішча развіваецца і становіцца "горадам". У ХІ стагоддзі жыццё Жужлянкі рэзка абрываецца пажарам - напэўна, яно было спалена ворагамі. Якраз ў гэты час вельмі хутка пачынае развівацца Свіслацкае княства. Юрый Клеванец лічыць, што гэтыя факт звязаныя - Жужлянка спалена, заняпала, жыццё спынілася, а якраз тады ўзвысілася Свіслач. Наш суразмоўца запэўніў нас: няма на Беларусі другога гарадзішча, якое было б роўнае Жужлянцы па памерах, гістарычнай шматстайнасці і глыбіні, геаграфічнаму ахопу, археалагічнай нявывучанасці і занядбанасці ( амаль цытата Юрыя Клеванца).

Незаўважна наш лагер ахінулі прыцемкі - крылы набліжаючайся ночы. Была з'едзена вячэра і прыгатаваны дровы на ноч.

Захад увогуле вельмі прыгожая з'ява, а ў спалучэнні з вадой - цуд. Дзеля таго, каб лепш разгледзець гэтую прыгажосць, мы спусціліся да самай вады па абрывістых берагах Свіслачы. Пурпурна-чырвонае, месцамі барвовае неба, было злёгка пацягнута цёмнымі воблакамі, якія сёння прынеслі нам дождж. Залаціста-аранжавае сонца пяшчотна распальвала мяккую ваду, удалечыні пабеленую вячэрнім туманам. Апошнія промні амаль не грэлі, але асвятлялі рэчку пунцовым святлом. Карціна незабыўная. Ля вогнішча ў нашым паходзе быў адзін недахоп - ніхто не ўмеў іграць на гітары (ды яе ў нас і не было). Спевы пад гітару мы замянілі гульнёй у яшчура - беларуская народная гульня падобная да фантаў. Сэнс гульні, спадзяюся, мне не трэба будзе тлумачыць, бо яе ведае кожны. Тут былі і прызнанні ў каханні (дарэчы, вельмі праўдападобныя), і цытаты вершаў, а мне давялося адной спяваць "Купалінку". Пасля ненавіснай каманды "Спаць!" мы марудна накіраваліся ў намёты. Але ж якое спаць, калі ў намёце шалеюць камары, а ля вогнішча цёпла і светла. Пасля дзвюх гадзін "сну" нам ўсё ж пашчасціла выйсці (ну, выпаўзці) на свабоду. І тут пачалося сапраўднае паходнае жыццё. Расказы спачатку анекдотаў і вясёлых гісторый паступова ператварыліся ва ўласныя фантазіі пра мясцовыя прывіды. І гэтыя фантазіі былі даволі абгрунтаваныя, бо якое можа быць старажытнае гарадзішча ды без прывідаў. Раней тут жыло вельмі шмат людзей, і кожны чалавек, як і мы, перажываў, марыў, спадзяваўся, кахаў і ненавідзеў. Кожны з іх уклаў у гэту зямлю кавалачак сваёй душы, сваіх пачуццяў. Навокал чуліся нейкія шэпты, крокі, шолахі, трывожна шумелі дрэвы. А можа гэта мне толькі прымроілася?

І вось так у фантазіях і аповядах наша ноч ператварылася ў раніцу. Сонца ўзышло неяк зусім незаўважна для нас. Хлопцы вырашылі палавіць жужлянскай рыбы, а ў нас ужо к сямі гадзінам раніцы была гатова ежа. Пасля сняданку мы перайшлі да другой часткі нашага плана пахода. У 1-ы дзень мы вывучалі гарадзішча знутры, а раніцай вырашылі дасканала азгледзець знешні выгляд, палазіць па валах і равах. Гарадзішча дужа зарасло розным кустоўем, таму добра разгледзець і сфатаграфаваць валы мы не змаглі. Але былая веліч усё роўна праглядвалася нават праз зараснікі вольхі, крушыны, арэшніку. Мы пабачылі прарэзаны ў час раскопак Юрыя Драгуна вал. А калі ўявіць, колькі таямніц хаваюць у сабе гэтыя валы! Яны бачылі, як змянялі адзін аднаго народы (вучоныя называюць іх археалагічныя культуры) на гэтых абшарах, толькі яны ведаюць мірным або ваенным шляхам гэта адбывалася. Маўчыць Гарадзішча. Моўчкі стаіць сабе ўжо 2000 год і, спадзяюся, прастаіць тут яшчэ столькі ж. Чакае дасведчаных. На жаль, мы мала даведаліся пра яго. Але , я спадзяюся, у нас усё яшчэ наперадзе...

Усё калі-небудзь заканчваецца, вось і нам трэба адыходзіць. Былі сабраны рэчы, намёты, патушана вогнішча, акуратна знішчаны ўсе доказы нашага знаходжання на гарадзішчы. І вось тая ж дарога, закінуты ваенны гарадок і вёска з жыхарамі-лесавічкамі. Хутка мы былі дома і ўспаміналі Жужлянку, як дзівосны подых гісторыі, поўны прывідаў і былога бурлівага жыцця .

Ільініч Дар'я, 11 клас, в. Талька

уверх