на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                       краязнаўчы сайт
 


Экскурсіі

Краязнаўчы музей

Абрадавыя святы

Паходы па краю

Талькаўскі фэст

Працы вучняў пра край

Чарнобыль у лёсе адной сям'і

Чужы сярод сваіх

Беларуская свабода

Дзікая прырода ў квадраце

    Звяно ў ланцугу

Што я ведаю пра Еўропу

Фатаграфія як жывая гісторыя

Талька і наваколлі

Талькаўскія скарбы

Алена Мазанік

Прэзентацыі

Два тыдні для грамадства

С.П. Аляшкевіч

Талькаўскі край у гады вайны

Краязнаўчая канферэнцыя

Cвята "Наш край"

 

Конкурсная праца:
"Звяно ў ланцугу... Ці можа што большае?"


Дар'я Ільініч, вучаніца 11 класа Талькаўскай школы

Кіраўнік - Наталля Валянцінаўна Ільініч



На роднай зямельцы ўсе мы ня госці,

Усе мы чыесьці, усе мы кагосьці.

І хоць спарахнелі дзядоў нашых косці,

У нашым абліччы ёсць іхняе штосьці...

Ларыса Геніюш

Я - Ільініч Дар'я. Разглядаючы старыя фотаздымкі, заўважыла, што многія людзі мне незнаёмыя. Прыгажуні-дзяўчаты нагадваюць актрыс з фільмаў 20-30-х гадоў... Статныя хлопцы-вайскоўцы з прыгожымі разумнымі тварамі...

Аказваецца, гэта ўсё мае продкі!

Мой род паходзіць з Пасожжа, з Клімавіцкага раёна, што на Магілёўшчыне.

Там жылі мае дзяды, прадзеды. Кожны з іх меў уласны непаўторны лёс. Кожны з іх любіў, ненавідзеў, радаваўся і смуткаваў, пераадольваў перашкоды прыносіў смутак і радасць іншым. Гэта цяжка, нават немагчыма ўявіць: хоць было гэта вельмі даўно, але кожны з іх такі самы чалавек, як я ці вы. Кожны з іх пражыў доўгае і цяжкае жыццё. Для чаго гэта было? Думаю, дзеля таго, каб я, мае маці, бацька, мае ўнукі, праўнукі маглі пабачыць гэты свет.

Акрамя Ільінічоў ува мне цячэ кроў Шпілеўскіх, Букінічаў, Судзілоўскіх, Асмалоўскіх, Мышкоўскіх і, пэўна, шмат каго іншага.

Я прагледзела Гістарычную Энцыклапедыю: многія Ільінічы займалі ў Вялікім Княстве Літоўскім высокія дзяржаўныя пасады (маршалак дворны, намеснікі лідскія, мінскія, віцебскія, драгічынскія, смаленскія!), мелі шмат зямель, валодалі многімі населенымі пунктамі, былі доблеснымі воінамі.

Мірскі замак заснаваў Юры Ільініч. Нядаўна я была ў Вільні і даведалася, што пахаваны ён у Віленскім кафедральным касцёле.

А хто я? Кім я буду і чаго змагу дасягнуць у гэтым жыцці? Каб стаць чалавекам, трэба ведаць свой род, свае карані. І, каб гэта даведацца, я пачынаю падарожжа па разгалістым вецці майго радавога дрэва.

Прузудэнтаўка

Першы прыпынак майго падарожжа - засценак Прузудэнтаўка на Клімавіччыне. Засценак - гэта месца, дзе жыла шляхта. Назва "Прузудэнтаўка", я мяркую, паходзіць ад таго, што нехта з маіх продкаў быў маршалкам павятовай шляхты, прэзідэнтам ці ў Расійскай імперыі гэта пасада называлася "предводителем дворянства". На памяці маёй бабулі Вольгі, якая нарадзілая там у 1922 годзе, у Прузудэнтаўцы было 8 двароў - і ўсе Ільінічы. Пачынальнікам, корнем майго дрэва быў Язэп Ільініч, Юзька, як называе яго бабця. У кнізе "Памяць" Клімавіцкага раёна пра яго напісана так: "Ильинич Иосиф Иосифович, генерал-майор римско-католического вероисповедания. Имение находится в Будловище, что около Галич и Соболёвки. Все земли - 196 десятин. Право на землю наследовано от 1830 года. Хозяйство ведёт арендатор" . Будловище - гэта вёска Будлаўка, якая знаходзіцца непадалёк ад Прузудэнтаўкі. Пасля вайны мая прабабуля Агата жыла там. Адзін дзядзька з гэтай вёскі расказваў бабе Вользе, што ён памятае жонку Юзькі - прыгожую пані верхам на кані.

Менавіта Юзька - апошні, каго, хоць і па чутках, памятае мая бабуля. Гэта і ёсць апошняе пакуль што вядомае, пятае калена майго радаводу. Колькі было ў Юзькі дзяцей, мне дакладна не вядома. Адзін з яго сыноў Алесь і стаў дзедам маёй бабулі Вольгі.

Алеська таксам жыў у Прузудэнтаўцы. У жонкі ён браў сабе Даміцэлю з дому Мышкоўскіх з Сідараўкі - высокую статную дзяўчыну. Хадзіла яна ў доўгім паліто, мела 5 сясцёр: Дорку, Харыту, Аўдоццю, Таццяну, Наталлю. У Алеся і Даміцэлі ў Прузудэнтаўцы быў вялікі дом з двума ўваходамі і вялікім садам. Мелі яны 8 дзяцей: Данілу, Матрэну, Сцепаніду, Ганну, Арыну, Адашку, Мар'ю і Петрака.

Пятрок - мой прадзед - таксама жыў у Прузудэнтаўцы, ажаніўся з Агатай Судзілоўскай, якую ўзяў з вёскі Бухоўка. Маці Агаты - Арына з дому Асмалоўскіх, а бацька Павел Судзілоўскі родам з Зароя, жылі ж яны ў Бухоўцы. Увесь іх род меў мянушку Мазэпкі, пэўна, з-за нейкай якасці аднаго з продкаў. А можа тут ёсць сувязь з гетманам Мазепам, што ў час Паўночнай вайны адпаў ад саюзу з Расіяй і зхаўрусаваўся з Карлам ХІІ?

Пятрок і Агата пабраліся шлюбам у 1920 годзе. У іх нарадзілася 3 дзетак: Вольга, мая бабуля, яна цяпер жыве з намі, у 1922 годзе, Іван, 1925г. і Зіна, 1930. Але ў Прузудэнтаўцы яны пражылі нядоўга - пачалася калектывізацыя.

Выгнанне

Усіх Ільінічаў раскулачылі: зямлю, хаты, маёмасць іх адабралі, а саміх саслалі (хто не паспеў уцячы). Петрака арыштавалі і пасадзілі ў турму ў Клімавічах, бо ў Ганнаўцы нехта падпаліў будынак МТС і абвінавацілі ў падпале Петрака з братам Данілам. Прыйшлі камісары, павыганялі з хат.

Вольга Пятроўна памятае, як яны з брацікам Іванам стаялі босыя на сенніку, што быў выкінуты проста на снег. Хату іх вялікую, добрую, забралі пад МТС, астатнія хаты з засценка таксама перавезлі ў Сідараўку, Патаронаўку, Родню і парабілі ў іх усякія ўстановы і хаты для бедных. Некаторыя хаты Ільінічаў да цяперашняга часу служаць людзям ў Сідараўцы. На месцы былога засценка Прузудэнтаўка стала калгаснае поле, а ў напамінак пра маю сям'ю там засталіся магутныя ліпы. Шляхецкі фальварак, радавое гняздо Ільінічаў было знішчана. Савецкія ўлады дашчэнту зруйнавалі месца, дзе раней кіпела жыццё: жанчыны выхоўвалі дзяцей, мужчыны абраблялі зямлю. Дзяржава, быццам нейкі велікан магутнаю рукою, узяла ў прыгаршчы людзей, бы насенне, і раскідала іх па ўсяму свету. Зараз Ільінічаў можна сустрэць (гэта што ведаю я) ў Санкт-Пецярбурзе, Адэсе, Маскве, Клімавічах, у Амерыцы, Днепрапятроўску, на Смаленшчыне і ў Тальцы.

Няма іх толькі каля іх роднага гнязда - ніводнага, ні ў Будлаўцы, ні ў Сідараўцы, ні ў Сабалёўцы, ні ў Судзілах. Ніводнага!

А ў напамінак аб цывілізацыі, якая знікла, засталіся ліпы - маўклівыя сведкі мінулага. Яны бачылі і помняць усё...

Бадзянні

Пятрок уцёк з турмы. Паслалі яго па ваду, каня паіць, а ён кінуў вядро і ўцёк.

Брат яго Даніла застаўся ў турме і ўжо ніколі не вярнуўся, прапаў. Пасля ўцёкаў з турмы пачаліся доўгія бадзянні па свету. У пошуках сховішча сям'я маёй бабы спачатку паехала да Агацінай сястры ў Мядзвёдаўку на Клімавіччыне. Але пад уласным прозвішчам жыць Пятрок не мог, таму купіў у нейкіх людзей дакументы і змяніў прозвішча на Грышчанку. Клімавічы, Шасцёраўка, Ворга (пасёлак ля Рослаўля на Смаленшчыне), Макееўка на Данбасе, горад Сокал у Валагодскай вобласці... Гэта толькі тое, што засталося ў дзіцячай памяці маёй бабулі. На Ворге (там была гута - шклозавод) жылі ў бараку, галадалі, было шмат прусоў. Бацькі працавалі на гуце.Пятрок плёў лапці - "ракі". Мясцовыя людзі казалі: беларускія лапці, там такіх не ўмелі рабіць.

Вайна

Там жылі да самай вайны . Перад вайной ужо трохі абжыліся, пабудавалі сабе хату. Але нацешыцца ёю не паспелі - вайна. Хату адабралі на свае патрэбы немцы. Петрака забралі на фронт і больш ён ужо ніколі не вярнуўся. Напісалі, што прапаў без вестак на Проні, калі восенню 1943 пачалі вызваляць Беларусь. І пісьма ніводнага не паспеў прыслаць...

А Агата з дзецьмі зноў гаравала. На пачатку вайны бабці маёй Вользе было 19 год, Івану 16, а Зіне 11. Праўда, у вайну так не галадалі, як у 30-ыя гады: жылі з агарода ды з зарэзанай каровы. Прабабка Агата недзе злавіла каня, паехала на ім з самай Воргі вярхом у Беларусь, на Клімавіччыну, вымяняла яго там на цялушку гадавалую і ўжо пешшу з ёй вярнулася назад.

Недзе ў 42-гім пераехалі ў Сідараўку, на Клімавіччыну. Немцы калгас распусцілі і далі людзям зямлю. Толькі працуй. Агата сама арала і сеяла. Хросны бацька маёй бабці Хомка Судзілоўскі быў старастам у Сідараўцы, дапамог насеннем. Немцы некалькі разоў хацелі забраць Вольгу ў Германію. Тады Агата ехала да бурмістра ў Судзілы і той ратаваў: "Няхай іншыя едуць, вы ўжо і так паездзілі".

Бабця не хацела, каб Івана забралі ў паліцыю, ды і ў партызаны не пускала.

Яго забралі восенню 43-га ў Чырвоную Армію, калі немцаў з Клімавіччыны ўжо прагналі. Удзельнічаў у баях за Усходнюю Прусію, за Кёнігсберг, быў цяжка паранены, але вярнуўся дамоў.

Бабуля Агата памерла ў 1977г.. Мне вельмі шкада, што я яе не ведала. Наколькі я зразумела з аповядаў маіх родных, гэта была вельмі моцная жанчына, сапраўдная шляхцянка.

Малодшая дачка Агаты - Зіна з цяжкасцю ўцякла з калгаса ў горад Днепрапятроўск. Там спачатку без пашпарта працавала чарнарабочай на мясакамбінаце, жыла ў бараку, потым атрымала добраўпарадкаваную кватэру, нарадзіла сына Мікалая, але хутка захварэла і памерла.

Мая бабуля Вольга пасля вайны скончыла Ганцавіцкае педвучылішча, працавала настаўніцай пачатковых класаў у Іванаўскім раёне на Палессі - у Тышкавічах, Радагошчы, а ў 1961 годзе прыехала да сваёй маці Агаты ў Будлаўку, дзе і пазнаёмілася з будучым мужам - Валянцінам Букінічам (таксама настаўнікам). Яго бацькі : Клаўдзія Пятроўна (падкідыш, пакінутая на ганку багатай бяздзетнай сям'і) і Сяргей Яўціхавіч жылі ў Тарасавічах.

Ён быў раскулачаны і сасланы ў Сібір, дзе Сяргей абжыўся зямлёй, гаспадаркай, нават быў абраны дэпутатам, і зноў вярнуўся на Беларусь - тут быў рэпрэсаваны другі раз.

У 1961 годзе ў Вольгі і Валянціна нарадзілася дачка Натка - мая матуля.

Бабін брат Іван, наколькі я зразумела, быў сапраўдны донжуан. Меў тры жонкі (не адразу, паслядоўна) і шмат розных сябровак. Гледзячы стары фотаальбом, знаходжу здымкі дзяўчат, сапраўдных актрыс, з надпісамі, адрасаванымі "дарагому Ванечку".

Маці мая - Ільініч Наталля Валянцінаўна - скончыла 8 класаў Судзілаўскай школы, Горацкае педвучылішча і гістарычны факльтэт БДУ. У 1985 годзе прыехала ў Тальку настаўніцай гісторыі, дзе працуе да гэтага часу. У 1988 годзе нарадзілася я. Так сталася, што мой радавод па мячы мне амаль не вядомы. Ведаю толькі, што мой прадзед быў напалову цыган, таму і я чарнявая.

Калі задумацца, кожная рысачка твару, характару - гэта вынік зліцця біялагічных рысаў столькіх людзей! Усё: вочы, вусны, бровы, нос, пальцы, нават пазногці - усё гэта маленькі кавалачак якога-наебудзь продка. А характары! Колькі розных характараў, тэмпераментаў, пачуццяў, нораваў зліваюцца ў чалавека, як у жбан. У маім радаводзе я ведаю толькі 5 кален, ды і тое фрагментарна. А што было раней? Колькі розных людзей павінны былі пражыць свой жыццёвы шлях і сустрэцца менавіта з тым чалавекам! Колькі маім продкам трэба было перажыць перашкод, каб набыць такі характар, які б пасля зліцця з іншымі, зрабіў мяне менавіта такой, якая я ёсць. Ахоплівае незвычайнае пачуццё, калі пачынаеш разумець, што ты толькі звяно ў ланцугу бясконцага жыцця…

Какой-нибудь предок мой был скрипач,

Наездник и вор при этом.

Не потому ли мой нрав бродяч

И волосы пахнут ветром.

М. Цветаева.


Крыніцы:

1. Энцыклапедыя Гісторыі Беларусі у 6 тамах. Мн., 1993-2003гг.

2. Памяць. Клімавіцкі раён, Мн, 1995.

3. Успаміны Вольгі Пятроўны Ільініч, Наталлі Валянцінаўны Ільініч, Аляксандры Андрэеўны Дабрасельскай.

4. Фота, дакументы з сямейнага архіва.

уверх