<
      на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                       краязнаўчы сайт
 


Экскурсіі

Краязнаўчы музей

Абрадавыя святы

Паходы па краю

Талькаўскі фэст

Працы вучняў пра край

Чарнобыль у лёсе адной сям'і

Чужы сярод сваіх

Беларуская свабода

Дзікая прырода ў квадраце

Звяно ў ланцугу

Што я ведаю пра Еўропу

Фатаграфія як жывая гісторыя

Талька і наваколлі

Талькаўскія скарбы

Алена Мазанік

Прэзентацыі

    Два тыдні для грамадства

С.П. Аляшкевіч

Талькаўскі край у гады вайны

Краязнаўчая канферэнцыя

Cвята "Наш край"

 

Два тыдні для грамадства

З 15 па 29 жніўня 2009 г. ў аграэкасядзібе "Зарачаны" ў Пухавіцкім раёне адбыўся валанцёрскі летнік. Мэтай яго было адраджэнне і захаванне памяці аб сям'і Ельскіх, што раней валодалі буйнымі землямі на тэрыторыі сучаснага Пухавіцкага раёна. Дабраахвотнікі з Беларусі і Польшчы 2 тыдні займаліся добраўпарадкаваннем занядбаных могілак.

Хто ж такія Ельскія? І як яны звязалі моладзь з розных краін? Чым жылі паўтара дзесятка ахвотных па-працаваць бесплатна гэтыя два тыдні?

Род Ельскіх адзін з самых славутых шляхецкіх родаў як на тэрыторыі Беларусі так і за яе межамі. Прадстаўнікі гэтай сям'і былі выдатнымі дзяржаўнымі дзеячамі, вайскоўцамі, навукоўцамі, музыкамі і інш. З канца 18 стагоддзя прадстаўнік аднаго з адгалінаванняў роду - Станіслаў Ельскі - атрымоўвае ў пасаг частку зямель былой Ігуменшчыны. Пазней радавым гняздом гэтай сям'і становіцца маёнтак Дудзічы, які зараз захаваўся ў выглядзе аднайменнай вёскі на мяжы Пухавіцкага і Уздзенскага раёнаў. З гэтага месца выйшла шмат таленавітых і знакамітых на ўвесь свет людзей. Напрыклад, Міхал Ельскі - кампазітар, выканаўца і музычны пісьменнік. Памяць аб ім і дагэтуль захавалася ў яго неўміручых мазурках. Талент гэтага чалавека быў прызнаны амаль ўсімі краінамі тагачаснай Еўропы. Яго родны брат - Аляксандр Ельскі ўвайшоў у гісторыю як рознабаковы краязнавец, энцыклапедыст, стваральнік багатага музейнага збору. Працаваў ён ў маёнтку Замосце, што недалёка ад Дудзіч. Шмат яго артыкулаў ўвайшлі ў буйныя энцыклапедычныя выданні Польшчы. Матэрыяламі з яго музея карысталіся самыя знакамітыя на той час навукоўцы. Часткова яго тытанічная праца была выкладзена ў некаторых краязнаўчых нарысах, што захаваліся і да нашага часу.

Прадстаўнікоў гэтага роду можна пералічваць вельмі доўга. У кожнага з іх быў свой лёс. Але аб'ядноўвае іх адно - ўсе яны зрабілі каласальны ўклад ў развіццё навукі, культуры і гаспадаркі Беларусі і Пухавіччыны ў прыватнасці. Акрамя таго ўсе яны з'яўляюцца нашымі землякамі, бо карані іх паходзяць менавіта з Дудзіч. Месцам сямейных пахаванняў Ельскіх з'яўляецца ўрочышча Кобань ля Дудзіч. Да нядаўняга часу гэтыя могілкі былі ў вельмі занядбаным стане. Зрушаныя надмагіллі, трава ў чалавечы рост - вось як дзякуюць нашчадкі сваім славутым землякам!

Дзесяць год таму актывісты з музею "Дудуткі" спрабавалі аднавіць могілкі. У музеі былі наладжаны "Ельскія чытанні". Навукоўцы па магчымасці ўзгадалі і аднавілі спадчыну сям'і Ельскіх. Канферэнцыю наведалі нашчадкі славутага роду. Але са зменай кіраўніцтва музея змяніліся і адносіны да спадчыны знакамітых землякоў, якая не ўпісвалася ў камерцыйныя планы новай адміністрацыі. У экспазіцыі захавалася зала прысвечаная Ельскім, але могілкі зноў былі закінутыя.

Сітуацыя змянілася ў жніўні гэтага года. Паўтара дзесятка валанцёраў з Беларусі і Польшчы працавалі на дабраўпарадкаванні могілак.

Яны зрабілі вялікую працу: ачысцілі пахаванні і прывялі іх ў належны выгляд, знайшлі і зафіксавалі зрушаныя надмагіллі.

Пасля заканчэння працы на могілках Ельскіх валанцёры перабраліся на старыя яўрэйскія могілкі ў Вузлянах. Там таксама парэшткі надмагілляў былі зафіксаваны і нанесены на адпаведную карту. Праца гэтая была вельмі важная, таму што ўжо праз якіх 5 год некаторыя помнікі канчаткова ўрастуць ў зямлю і ад іх не застанецца і ўзгадкі акрамя гэтых фотаздымкаў ды карты.

Пасля прадуктыўнай працы неабходны і адпаведны адпачынак.

За час летніку Зарачаны наведалі многія беларускія барды, паэты, акцёры - Алесь Камоцкі, Эдуард Акулін, Леанд Дранько-Майсюк, Алесь Мухін і інш. Канцэрты адбываліся ў межах кампаніі "Будзьма беларусамі!".

Канцэрт А. Камоцкага

Сустрэча з Э. Акуліным

Сустрэча з Л. Дранько-Майсюк

Пад час заняткаў студэнты шукалі агульныя і адрозныя рысы іх культур і моў.

Дзякуючы гэтаму моладзь без праблем змагла знайсці агульны дыялог з прадстаўнікамі іншай краіны.

Намаганнямі Таварыства аховы помнікаў былі зладжаны спецыялізаваныя вандроўкі па тэрыторыі старадаўняй Ігуменшчыны і прылежных ваколіц. Удзельнікі летніка наведалі музеі ў Мар'інай Горцы, музей старажытных рамёстваў і тэхналогій "Дудуткі", а таксама шматлікія закінутыя помнікі культуры нашага раёна.

Вандроўка ў Раванічы

Вандроўка ў Ракаў

Сядзіба Я. Наркевіч-Ёдкі ў в. Наднёман

Ля млына ў Дудутках

Арганізатарамі летніка выступілі Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і грамадскае аб'яднанне "Рэгіянэт" (Познань, Польшча). Лагер праводзіцца ў межах міжнароднай праграмы "Меморыя", якая існуе дзеля прыцягнення грамадскасці ў вывучэнне, апісанне і кансервацыю помнікаў гісторыі і культуры на тэрыторыі краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Лагічным завяршэннем летніка было правядзенне чарговых "Ельскіх чытанняў".

Пачатак Ельскіх чытанняў

На жаль, нашчадкі саміх Ельскіх на гэты раз наведаць канферэнцыю не змаглі. Затое ўдзельнікі паслухалі цікавыя даклады аб паходжанні роду, яго гісторыі, які зрабіў загадчык аддзела публікацый Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Зміцер Яцкевіч Спадар Барыс Муха зачытаў даклад пра краязнаўчую дзейнасць Аляксандра Ельскага. Старшыня дабраахвотнага таварыства па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі Антон Астаповіч паведаміў аб выкарыстанні ў турыстычных мэтах спадчыны Пухавіцкага раёна. Прымалі ўдзел ў чытаннях і самі валанцёры - Лізавета Хургіна распавяла аб жыццёвым шляху Міхала Ельскага, Дар'я Ільініч - аб музейным зборы Аляксандра Ельскага.

Грандыёзным было закрыццё летніку 28 жніўня. Валанцёраў наведаў бард Зміцер Бартосік і актор Юры Жыгамонт. Творчая сустрэча з песнямі і танцамі працягнулася да 4 гадзіны раніцы. Назаўтра не абышлося без слёз і абяцанняў сустрэцца ў наступным годзе.

Дзейнасць такіх летнікаў дапамагае аднавіць і захаваць занядбаную гістарычную спадчыну, выхаваць ў моладзі павагу да ўласнай культуры, наладзіць міжкультурны дыялог, хаця б ў невялікай групе людзей. Адчуванне найвялікшай значнасці таго, што ты робіш, дазваляе далучыцца да неабсяжнага сэнсу слова "памяць", адчуць повязь пакаленняў і сваю нікчэмнасць ў параўнанні з няспынным цягам часу. Падчас летніка была зроблена вялікая праца, але гэта вельмі мала ў маштабах краіны і нават аднаго рэгіёна. Нават такія штогадовыя летнікі не змогуць цалкам вырашыць праблемы занядбання культурнай спадчыны. Дзеля гэтага патрэбна дапамога, а не супрацьдзеянне, ўладаў і, самае галоўнае, - актыўнасць грамадства.

Лікбез

(матэрыялы з Вікіпедыі - электроннай энцыклапедыі)

Валанцёр (з фр. Volontaire - дабраахвотнік) - любая фізічная асоба, уключаючы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якая уносіць свой уклад ў развіццё валанцёрства, удзельнічаючы ў валанцёрскай дзейнасці, заснаванай на прынцыпах валантарызма.

Валанцёрская дзейнасць - гэта шырокі круг дзейнасці , уключаючы традыцыйныя формы ўзаемадапамогі і самадапамогі, афіцыйна прадстаўляемых паслуг і іншыя формы грамадзянскага ўдзелу, якая ажыццяўляецца дабраахвотна на карысць грамадства без разліку на грашовае ўзнагароджанне.

Праца валанцёраў не аплочваецца. Валанцёры не толькі альтруісты, яны працуюць дзеля набыцця вопыту, наладжвання асабістых кантактаў. Часта валанцёрская дзейнасць - магчымасць паспрабаваць сябе ў розных сферах дзейнасці і вызначыцца з выбарам жыццёвага шляху.

У краінах Еўропы і Амерыкі валанцёрская дзейнасць вельмі распаўсюджана і паважаная. Яна падтрымліваецца дзяржавай. У краінах жа былога СССР да дабраахвотнікаў адносяцца з грэблівай насмешкай. Бо як жа ж гэта можна - працаваць бясплатна! Зараз адносіны пачынаюць змяняцца, хаця і вельмі павольна. Застаецца толькі спадзявацца, што ў хуткім часе гэтая добрая справа атрымае адпаведную ацэнку з боку грамадскасці.

Дар'я Ільініч, студэнтка 4 курса гістфака БДУ, удзельніца валанцёрскага летніка.

уверх