на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                          краязнаўчы сайт
 



Іосіф Жыновіч

Іван Шаціла

Якуб Колас

Алесь Макарэвіч

Міхась Скрыпка

Ларыса Кароткая

Таццяна Ждановіч

Алена Мазанік

 

Алесь Макарэвіч

Макарэвіч Алесь (Аляксандр) Антонавіч (1918-1967) - літаратуразнаўца, крытык, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, кандыдат філалагічных навук.

Нарадзіўся А. А. Макарэвіч ў 1918 г. у вёсцы Шэлегі Пухавіцкага раёна ў сялянскай сям'і. У 1939 г. скончыў літаратурна-лінгвістычны факультэт Мінскага педінстытута. Працаваў выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў г. п. Хойнікі на Палессі. У лістападзе 1939 г. прызваны ў Чырвоную Армію. 2 кастрычніка 1941 г. у баі пад Ельняй цяжка паранены, трапіў у палон. Вынес жахі фашысцкіх канцлагераў у Баранавічах, Ногібургу (Францыя), Нюрнбергу. 17 студзеня 1945 г. вызвалены з фашысцкай няволі, быў у дзейнічаючай арміі. У снежні 1945 г. дэмабілізаваўся. У 1946-1947 гг. працаваў настаўнікам, потым загадчыкам вучэбнай часткі Талькаўскай СШ. Вучыўся ў аспірантуры пры Мінскім педінстытуце (1947-1949), чытаў лекцыі па беларускай літаратуры для студэнтаў. З 1949 г. выкладчык беларускай літаратуры Магілёўскага педінстытута, з 1959 г. дацэнт кафедры беларускай літаратуры. Быў загадчыкам кафедры, дэканам філалагічнага факультэта гэтага інстытута.

Аўтар прац "Сатыра Кандрата Крапівы" (1962), "Кароткі літаратуразнаўчы слоўнік" (1963), "Ад песень і думак народных" (1965), "Фальклорныя матывы ў драматургіі Янкі Купалы" (1969), сааўтар дапаможнікаў для студэнтаў ВНУ "Беларуская вуснапаэтычная творчасць" (1966), "Беларуская дзіцячая літаратура" (1966).

Успамінае Лагунчык Тамара Антонаўна, жыхарка в. Талька: "Я працавала выхавацелем, а мой муж настаўнікам у Талькаўскай СШ. Пасляваенны час быў вельмі цяжкі для ўсіх людзей. Вакол галеча, голад, але знайшліся ў вёсцы добрыя людзі, якія ўзялі Алеся Антонавіча на кватэру. Ён дружыў з маім мужам, прыходзіў да нас дадому. Гэта быў прыгожы, высокі малады чалавек, крыху хударлявы. Характар у яго быў спакойны, ураўнаважаны. Чалавек ён быў вельмі сціплы, далікатны. Некаторы час кватараваў у Церабутах. У нашай школе Алесь Антонавіч выкладаў беларускую мову і літаратуру. Гэта быў сапраўдны знаўца беларушчыны. Заўсёды размаўляў па-беларуску. У 1947 годзе Алесь Антонавіч пераехаў у Мінск, працаваў выкладчыкам у педвучылішчы. Яшчэ некалькі разоў прыязджаў у госці да нас".

уверх