на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                       краязнаўчы сайт
 


Пачаткі

Талькаўская школа

Суцінская школа

Мацеевіцкая школа

Школа ў Арэшкавічах

Настаўнікі

 

Суцінская школа

Суцінская школа была адчынена ў 1912 г. земствам. Гэта было аднагадовае народнае вучылішча. Настаўніцай тады працавала Аляксандра Бяляева. З 1913г. тут працавалі Наталля Ярмак i яе сын Мікалай.

У 20-30-я гг. у Суціне было дзве школы - беларуская i польская.
У 1925-26 гг. у Суцінскай польскай 4-гадовай школе вучыліся 102 вучні, загадчыцай школы была Вішнеўская Юзэфа, а настаўніцай Вернікоўская Станіслава. У беларускай Суцінскай школе настаўнічаў адзін Мікалай Ярмак.

У канцы 20-х абедзве Суцінскія школы становяцца 7-годкамі. Увесь гэты час школы не маюць свайго будынка i працуюць у наёмных памяшканнях. У пачатку 30-х у Суціне пачалі будаваць новую школу. Была яна драўляная, аднапавярховая, падобная на цяперашнюю Талькаўскую. У адным будынку працавалі польская i беларуская школы. Польскую закрылі ў 1937г.

Ян Віктаравіч Корзюк, 1925 года нараджэння, жыхар Суціна, успамінае сваіх настаўнікаў у 1934-1941 гг. Дырэктарам школы быў Кавалёў, выкладаў гісторыю, першая настаўніца - Шкурдзюк. У 4-м класе вучыла Алена Міхайлаўна Зайцава ( з дому Захарэвічаў) - родам з Суціна, вельмі добрая настаўніца. Ермалюгіна выкладала алгебру i фізіку. Дужа падабаліся Яну ўрокі рускай мовы i літаратуры, што вёў Агееў Іван Мінавіч. Баяліся суцінскія дзеці настаўніка Баброўскага. У польскай школе вучыў Бабіцкі. Запомніўся Блізнюк Іван Іванавіч з урокамі беларускай мовы i літаратуры.

У час рэпрэсій 1937-1938 гг. настаўнікі Бабіцкі, Баброўскі, Шкурдзюк, Станіцкі былі арыштаваны i прапалі. Нядоўга папрацаваў у Суціне, а потым у Тальцы, гісторык Вайлевіч - адукаваны, разумны, прыгожы, таксама трапіў пад каток сталінскіх рэпрэсій.

Тыя суцінскія вучні, што хацелі закончыць 10-годку, мусілі працягваць вучобу ў Тальцы. У 1936/37 навучальным годзе тут быў адкрыты восьмы клас, а ў 1939г. 10 класаў закончыў першы выпуск Талькаўскай 10-годкі. У гэтым класе было 58 вучняў, а скончылі курс толькі 28 чалавек. Сярод ix былі з Суціна Матусевіч Вольга i Булынка Соня, а з Мацеевіч Бурачэўская Яніна. У 1940г. Талькаўскую 10-годку закончылі Якімчык Ганна з Шэлехава i Скіндэр Альбіна з Суціна. Усе, хто вучыўся ў гэты час у Суцінскай школе, добра помняць Альбіну Скіндэр. "Была вельмі прыгожая, вясёлая, артыстычная, iграла на гармоніку. Помню, ставілі ў Талькаўскай школе п'есу К. Крапівы "Партызаны". Пана Ендрыхоўскага iграў Лысакоўскі, а Альбіна іграла яго маці - пані Ендрыхоўскую. Добра ў ix атрымлівалася", - успамінае Ганна Адамаўна Татур (з дому Якімчыкаў). У гады вайны Альбіна Скіндэр выехала ў Германію, цяпер жыве ў Аўстраліі.

Ганна Якімчык i Альбіна Скіндэр разам пасля заканчэння школы паехалі на педкурсы ў Мінск. Не паспелі ix закончыць - пачалася вайна.

У гады вайны школы ў нашым краі працавалі, але не ўвесь час. Мацеевіцкая школа, напрыклад, працавала, пакуль Мацеевічы не сталі партызанскай зонай. Партызаны лічылі настаўнікаў пасобнікамі акупантаў i маглі б забіць іх, а школу спаліць. Так, вясной 1943г. партызаны спалілі Суцінскую школу. Гэта яны зрабілі для таго, каб перашкодзіць пасяленню ў будынку школы роты італьянцаў, якіх прывезлі з-пад Сталінграда. Італьянскую роту немцы размясцілі ў іншых памяшканнях, а вось новы будынак школы (у 1936г. пабудаваны) суцінцы страцілі. З вайны Суцін выйшаў без школы.

У пасляваенныя гады зноў школа стала працаваць у прыстасаваных памяшканнях, у прыватных дамах. Захавалася фота дома Гурскага, у якім у 1944г. была няпоўная Суцінская школа. Цяпер гэты будынак перароблены, у iм знаходзіца ФАП. Сучасная тыпавая 2-павярховая школа ў Суціне была пабудавана ў 1961г. Дырэктарамі ў пасляваенны час працавалі Пашкоўскі, Савельеў, Аляшкевіч, Доўнар Леанід Канстанцінавіч, Ярашэнка Вячаслаў Аляксеевіч, Карнейчык, Кавальчук Мікалай Мікалаевіч i Кавальчук Валянціна Іванаўна.

Славутыя вучні Суцінскай школы: Лухвіч Аляксандр Аляксандравіч (нар. 22.04.1936 г. у Суціне) - фізік, доктар тэхнічных навук, прафесар, з 1960г. працуе ва універсітэце. Miшчанчук Мікалай Іванавіч - беларускі паэт i літаратуразнавец, доктар філалагічных навук, аўтар зборнікаў паэзіі "Вернасць"(1979), "Трывожуся за белы свет" (1984), манаграфій: "Як жыць - дык жыць для Бeлapyci"(1995), "Літаратура беларускага замежжа" (1996). Працуе ў Брэсцкім універсітэце.

Дар'я Ільініч, 7 клас

Матэрыял цалкам узяты са школьнай газеты "Талька" № 2, што выйшла ў 2002г., да 90-годдзя Талькаўскай школы. Падрыхтавана газета была вучнямі і настаўнікамі, а выдадзена пры падтрымцы "Павятовай газеты" і цэнтра "Супольнасць".

уверх