на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                       краязнаўчы сайт
 




Пачаткі

Талькаўская школа

     Гiсторыя

Суцінская школа

Мацеевіцкая школа

Школа ў Арэшкавічах

Настаўнікі









павялічыць

Настаўнікі Талькаўскай школы.
Фота 1952 года.

павялічыць

Настаўнікі і вучні
Талькаўскай школы.
Фота 1957 года.

павялічыць

Выхаванцы дзіцячага дома.
Пасля вайны ў Тальцы быў
дзіцячы дом для дзяцей-сірот.

 

З гісторыі Талькаўскай школы

павялічыць

Першы выпуск Талькаўскай школы 10-годкі. Фота 1939 года.

1-ы рад (злева направа): Іда Зубарава, Аня Доўнар, Вольга Матусевіч, Ніна Мамчанкава, Марыя Траццяковіч.
2-гі рад: Прохар Нічыпаравіч Пятруша, Мікалай Дзянісавіч Лабудзёў, Пётр Мікалаевіч Злобіч, Бірыла, Мендэль Ліўшыц.
3-ці рад: Прановіч, Шлёма Шмідт, Ала Мамчанкава, Лейба Розін, Зіна Акуліч, Іван Лысакоўскі.

павялічыць

Школьны гурток мастацкай самадзейнасці. Фота 1930-ых гадоў.


У 2002г. нашай школе споўнілася 90 гадоў. Я лічу, што гэта вялікі ўзрост для школы і таму зацікавілася яе гісторыяй. Я знайшла цікавыя звесткі і хачу імі з вамі падзяліцца.

Адчынілася Слабода-Талькаўская школа ў 1912г. Першай настаўніцай была Аляксандра Ржэцкая. У пачатку 20-х гг. у Тальцы было 3 школы: беларуская (Слабода-Талькаўская), у якой настаўнічалі Ярмак Людміла і Жлобіч Іван; Талькаўская польская - Альшамоўская Алена і Тамашэўская Браніслава, і яўрэйская, дзе працаваў Кантаровіч Абрам. Вучняў было шмат, а настаўнікаў мала, таму аднаму настаўніку даводзілася вучыць па 2 класы (80 чалавек). Да ліку такіх настаўнікаў адносіцца Ярмак Мікалай, які працаваў у Суцінскай школе, а пасля яго сястра Людміла стала настаўніцай у Слабода-Талькаўскай школе. У 20-я гг. наша школа была пачатковай. У канцы 20-х адбыўся переход да сямігодкі.

У 1932г. быў пабудаваны першы будынак сучаснай школы, да гэтага часу яна размяшчалася ў наёмных памяшканнях, а трохі пазней (у 1933г.?) быў пабудаваны той будынак, у якім мы зараз вучымся, але тады ён быў без прыбудоў. У той час загадчыкам школы быў Ермалінскі Феафіл Зіноўевіч, ён кіраваў будаўніцтвам.

У 1937г. Талькаўская школа пачала пераход да дзесяцігодкі, і ў 1939г. адбыўся першы выпуск 10 класа. Сярод выпускнікоў 1939/40 г. было шмат настаўнікаў i ваенных. Матусевіч Вольга Барысаўна i Бузук Леанід Вячаслававіч сталі настаўнікамі ў Талькаўскай школе.

Гіліцкая Вера Віктараўна стала заслужанай настаўніцай БССР, Якімчык Ганна Адамаўна - у Суціне, Баль Вольга Ільінічна працавала настаўніцай у Лапічах. Лысакоўскі Іван Леапольдавіч стаў генерал-маёрам КДБ БССР, Шлёма Шмідт выкладаў у Маскоўскім ваенным вучылішчы.

Шмат вучняў нашай школы пайшлі на вайну і загінулі ў партызанах ці на фронце. Вось ix прозвішчы: Эма Лысакоўская, Аляксандр Пармон, Іван Абрамовіч, Мікалай Паўловіч, Уладзімір Кушнерчык, Уладзімір Марцінчык, Мота Левін, Іван Нікіфарук, Мікалай Рак.

Перад вайной дырэктарам школы быў Бірыла. Калі пачалася вайна, фашысты дазналіся аб тым, што гэты чалавек камуніст, i павесілі яго на школьным двары. Былі сярод настаўнікаў i рэпрэсаваныя сталінскім рэжымам у 30-я гг.: Самускевіч - загадчык Талькаўскай школы, Вайлевіч - настаўнік гісторыі і Байчык Нічыпар Лаўрэнцьевіч - настаўнік рускай мовы.

У пасляваенныя гады (1947-1957) дырэктарам стаў Барысенка Іван Вікулавіч. Менавіта ён кіраваў асушэннем балота, на якім стаяла школа, а таксама пасадкай саду на прышкольным участку. У гэты час настаўнікамі працавалі: Бузук Леанід Вячаслававіч, Няхаі Аляксандр Сцяпанавіч i Вольга Андрэеўна, Барысенка Вольга Мікітаўна (з дому Матусевічаў), Лагунчык быў завучам, Баешка Paica Іванаўна, Аляшкевічы Станіслаў Паўлавіч i Марыя Іванаўна i інш. З 1957 па 1961 г. дырэктарам Талькаўскай школы быў Хазяеў Іван Ціханавіч.

У 50-я гг. у нашай школе выкладаў беларускую літаратуру знакаміты байкапісец Міхась Скрыпка. У 1962г. Кандрацьева Таццяна Антонаўна, якая працавала бібліятэкарам Талькаўскай сельскай бібліятэкі, дасягнула высокага выніку: у бібліятэцы было 1500 чытачоў, 25 тысяч кнігавыдач. За гэта яна была ўзнагароджана граматамі i два разы ездзіла ў Маскву на Усесаюзны злёт вясковых бібліятэкараў.

Увесь гэты час у нашай школе працавала шмат гурткоў: драматычны, танцавальны, музычны ансамбль.У 30-я гг. стаў працаваць гурток юных краязнаўцаў "Наш край". Яго ўзначальваў Рабцэвіч Анісім Рыгоравіч. Ён быў адукаваным чалавекам: выкладаў рускую мову, літаратуру, батаніку i матэматыку. Анісім Рыгоравіч сабраў i аформіў багаты гербарый раслін Мінскай вобласці i вёсак, размешчаных вакол Шацка i ў Шацку, колькасцю 15 папак i вагой 50 кг. Гурток краязнаўства існуе i сёння. Менавіта ён займаецца даследаваннем гісторыі Талькаўскай школы, у якой, нягледзячы на ўсе намаганні, i цяпер ёсць белыя плямы.

Я вельмі ганаруся тым, што мая родная школа выпусціла з-пад свайго даху шмат знакамітых i проста добрых людзей i зараз працягвае гэта рабіць. I да яе 90-годдзя мне хацелася б пажадаць ёй, каб яна стаяла яшчэ шмат гадоў i ад пражытых летаў толькі прыгажэла. А вучні Талькаўскай школы каб ніколі не забывалі сваю гісторыю i тых людзей, якія зрабілі ўсё магчымае, каб сёння я магла з гонарам сказаць, што мая родная школа - самая лепшая ва ўсім свеце!

Таццяна Губачкіна. 10 клас.

Матэрыял цалкам узяты са школьнай газеты "Талька" № 2, што выйшла ў 2002г., да 90-годдзя Талькаўскай школы. Падрыхтавана газета была вучнямі і настаўнікамі, а выдадзена пры падтрымцы "Павятовай газеты" і цэнтра "Супольнасць".

уверх