на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                       краязнаўчы сайт
 






Храмы


     Блужская Успенская царква

Сарафінава гара i касцёл св. Антонія

Мацеевіцкая царква

Археалагiчныя помнiкi












Іван Ларыёнавіч Рабіза з
прыхажанамі, фота 1950-х гг.




Іван Ларыёнавіч Рабіза -
апошні святар Успенскай царквы,
фота 1970-х гг.




Мікалай Іванавіч Рабіза - сын
апошняга святара Блужскай царквы
шмат расказаў нам

 

Блужская Успенская царква



Некалі гэта быў духоўны цэнтр Блужы і суседніх вёсак. Сюды ў нядзелю ехалі-ішлі сяляне з навакольных вёсак і хутароў. Тут яны звярталіся да Бога, прасілі ў яго шчаслівейшай долі, каяліся ў грахах і марылі пра лепшае жыццё. Пры гэтым душы іх станавіліся высокімі, а справы - добрымі.

Гэты храм быў унікальным творам народнага дойлідства, праяўленнем таленту яго стваральнікаў. Унутры, у разным іканастасе, было 11 старажытных абразоў, у тым ліку славуты ў нашай мясцовасці абраз Маці Божай. Абразы і іканастас былі перанесеныя яшчэ з уніяцкай царквы, якая была тут раней.

Блужская Успенская царква - сведка гісторыі. У ёй вяліся запісы аб нараджэнні, шлюбе, смерці ўсіх праваслаўных гэтага краю. Гэта вельмі каштоўныя звесткі для аднаўлення радаводаў і наогул па гісторыі краю. Калі б гэтыя гістарычныя дакументы з царквы захаваліся, мы маглі б шмат цікавага даведацца пра нашых продкаў, а значыць, і пра сябе.

Царква ў Блужы на гэтым месцы стаяла даўно. Па архіўных дакументах вядома, што ў 1725-1754 гг. уладальнікамі Блужы былі Адам і Аўгусціна Троські. Яны пабудавалі, апекаваліся і рамантавалі уніяцкую царкву святых бессярэбранікаў Казьмы і Дзям'яна. У 1832 г. царкву рамантавалі сяляне з дапамогаю новых уладальнікаў Блужы - Тэафіліі і Пятра Завадскіх. Гэта царква таксама была уніяцкая, называлася Прачысценская, ці Успенская. У "Алфавитным реестре наследных имений Минской губернии Игуменского уезда" 1810-1820-х гг. пералічваюцца храмы нашай мясцовасці. Большасць з іх былі уніяцкімі, было і некалькі каталіцкіх касцёлаў.

У 1839 г. уніяцтва на Беларусі было скасавана расійскім царом, і ўсе уніяцкія храмы гвалтам ператвораны ў праваслаўныя. Так і Блужская царква з уніяцкай ператварылася ў праваслаўную.

У кнізе "Описание церквей и приходов Минской епархии", выдадзенай у Мінску ў 1879 г., гаворыцца, што Блужская царква "до такой степени ветхая, что даже не годна к починке". Відаць, хутка пасля гэтага, у 80-90-я гг. ХІХ ст., была пабудавана новая царква, што прастаяла да 1962 г. (яе вы бачыце на фатаграфіі). У Блужы сярод старажылаў захавалася памяць пра нейкага "героя Шыпкі", "палкоўніка", які ахвяраваў грошы на будаўніцтва царквы. Мы мяркуем, што "герой Шыпкі" - гэта ўдзельнік руска-турэцкай вайны 1877-1878 гг. Блужанцы распавядалі нам, што побач з царквой знаходзіўся склеп, дзе быў пахаваны фундатар з жонкай. На жаль, імя гэтага чалавека не захавалася ў памяці блужан.

Пабудаваная царква была з добрага смалістага лесу і "яшчэ б 100 год прастаяла".

Успенская царква была ўзорам традыцыйнага народнага дойлідства з элементамі класіцызму.

Храм восевай кампазіцыі, складаўся з 4-х частак:

- пяцігранны алтар;

- асноўная частка - прамавугольны зруб, накрыты чатырохсхільным дахам;

- пераходнае памяшканне паміж бабінцом і асноўнай часткай - вузейшае і нізейшае за іх;

- бабінец, а над ім двух'ярусная квадратнай формы чацверыковая званіца з чатырохсхільным дахам.

Быў яшчэ ганак слупавой канструкцыі з балюстрадай.

Храм стаяў на каменным падмурку, а дах быў накрыты ліставым жалезам. Сцены гарызантальна ашаляваны дошкамі. Ніжэй карніза будынак акаймоўваў разны падзор, а вокны аздоблены ліштвамі.

Штогод на Прачыстую, 28 жніўня (у гэты дзень была асвечана царква) ля храма адбывалася царкоўнае свята і вялікі кірмаш. Жыхары в. Блужа Лідзія Амяльянаўна Аляксеенка, 1918 года нараджэння, і Аляксандра Аляксандраўна Падаляка, 1925 года нараджэння, памятаюць гэтыя кірмашы ў 1920-1930-х гадоў. На іх з'язджаліся праваслаўныя з Блужы, Паддзягцярні, Суціна, Арэшкавічаў, Талькі, Мацеевіч. Сяляне прывозілі на продаж збожжа, агародніну, парасят. Яўрэі-гандляры з Талькі і Пухавіч прадавалі "крам" - рамесныя вырабы, печыва, цукеркі. На дваццаць капеек яны, вясковыя дзеці, маглі купіць пяць цукерак-"пальчыкаў". Праводзілася латарэя, рабілі феерверк.

З 1869 г. пры Блужскай царкве стала працаваць школа. Тут вучыліся дзеці з усіх навакольных вёсак. У 1875 г. школа была ператворана ў народнае вучылішча. У ім тады вучылася 24 хлопчыкі і 1 дзяўчынка, настаўніцай працавала Аляксандра Халявінская, а Закон Божы выкладаў святар Іосіф Віторскі45.

Школа пры Блужскай царкве доўгі час была адзінай у нашым краі, толькі ў 1912 г. земства адчыніла 4 новыя школкі - Слабодска-Талькаўскую, Суцінскую, Арэшкаўскую і Спічнікоўска-Сталыпінскую.

У 30-я гг. савецкая ўлада актывізавала барацьбу з рэлігіяй. Душа і цела будаўніка камунізму павінны цалкам належаць камуністычнай партыі, дзяржаве. У час гэтай кампаніі, якую бязбожная ўлада ажыццяўляла рукамі сваіх актывістаў - камуністаў, камсамольцаў - царква была зачынена. А. А. Падаляка ўспамінае, што гэтаму папярэднічаў збор подпісаў. Усё было зроблена "дэмакратычна", "па волі народа". Яна, 13-гадовая дзяўчынка, таксама падпісалася за закрыццё царквы. Цяпер са шкадаваннем успамінае пра гэта. Лічыць, што ў тым, што здарылася з нашым грамадствам, вінаваты мы самі. "Бязбожнікі і не вартыя лепшага жыцця. Чаму не разбурылі храмы ў Блоні, Асіповічах? Бо людзі сталі і не далі разбурыць, а мы дазволілі". У 30-я гг. (напэўна, у 1931-1932 гг.) царква была разрабавана і зачынена. Рызы святара камсамольцы весела палілі на вогнішчы.

У гады Вялікай Айчыннай вайны акупанты дазволілі аднавіць дзейнасць храма. Царква адчынілася ў 1942 г. Зноў былі сабраны іконы, царкоўнае начынне, нават званы былі знойдзены. Службу ў царкве вёў святар Алмазаў.

Зноў зачынілі храм у 1961 г. У 1962 г. па загаду старшыні Блужскага сельсавета Зінаіды Лысак Успенская царква была разбурана. "Рвалі яе трактарам, як ваўкі авечку", - напісана рукою Івана Ларыёнавіча на адваротным баку фотаздымка царквы.

Калі будынак разбурылі, высветлілася, штозроблена яна з вельмі якасных смалістых бярвенняў, без цвікоў. Бярвенні былі выкарыстаны. Па адной версіі, з іх збудавалі бальніцу ў Дукоры, па іншай - кароўнік ці склад. Іконы, іншае царкоўнае начынне было быццам бы перададзена ў Троіцкую царкву ў Блонь. Фундамент разабралі на іншыя будоўлі, бэз выкарчавалі, каштаны спілавалі. Нават вольху, на якой жылі буслы, нехта знішчыў. Больш буслы тут не жывуць. Знік і мармуровы помнік герою Шыпкі, фундатару царквы. Кажуць, што з гэтай глыбы чорнага мармуру злодзеі зрабілі аж тры помнікі. Склеп, дзе былі пахаваны фундатар з жонкаю, разрабавалі. Труны былі зроблены з нейкага белаватага бліскучага металу, дык з іх мясцовыя ўмельцы парабілі адстойнікі для малака. Вось так - усё пайшло ў справу!

Як жа мясцовыя жыхары паставіліся да гэтага варварства? Адны самі ўдзельнічалі ў пагроме, іншыя раўнадушна пазіралі. Былі і такія, што не хацелі знішчэння царквы, нават пісалі пісьмо ў Маскву, прасілі пакінуць ім храм. Адтуль прыйшоў адказ: "Няхай вырашаюць мясцовыя ўлады". Улады вырашылі...

Гісторыі пра разбурэнне храмаў традыцыйна суправаджаюцца мараллю: маўляў, тыя, хто гэта рабіў, дрэнна скончылі. Таму, калі першыя апавядальнікі расказалі нам, што трактарыст Пётр Грыгаровіч, які расцягваў будынак трактарам, моцна захварэў, яму "ногі скруціла", "паралюш разбіў", - мы не паверылі. Але тое ж самае нам расказвалі і іншыя субяседнікі. Гаварылі, што Зінаіда Лысак таксама хутка захварэла: ёй здавалася, што "за ёю чорт ходзіць".

Цікавай асобай быў апошні святар Успенскай царквы - Іван Ларыёнавіч Рабіза (1902-1989). Ён прыехаў у Блужу 5 сакавіка 1953 г. па просьбе прыхажан з Мёраў Віцебскай вобласці і служыў да закрыцця храма ў 1961 г. Але людзі мелі патрэбу ў хрышчэнні дзяцей, яны звярталіся да айца Іаана, і той хрысціў малых таемна проста ў сваім дамку, у Блужы. У 60-80-я гг. амаль усе дзеці з наваколляў былі ахрышчаны ў хаце святара.

Царква стаяла на высокім правым беразе ракі Блужанкі, злева ад дарогі на Тальку. Цяпер на тым месцы блужане паставілі драўляны крыж. Сюды на свята прыязджае бацюшка з Блонскай царквы св. Тройцы. Людзі кажуць, што хацелі б, каб царква была адноўлена.

уверх