![]() |
|||||
| |||||
![]() Другая сусветная вайна Успамінае: Славінская Т.А. |
Другая сусветная вайна (1939-1945)Мы прывыклі чытаць пра Вялікую Айчынную вайну, як пра час высокага гераізму савецкіх людзей. А ва ўспамінах нашых землякоў, якія жылі ў той час, вайна паўстае яшчэ і як страшэнная трагедыя для кожнага чалавека, для кожнай сям'і. Успаміны Таццяны Антонаўны Славінскай Успамінае жыхарка Талькі Таццяна Антонаўна Славінская, 1924 года нараджэння: "Наша сям'я пераехала з Шацка ў 1930 г. у Суцін. Тата мой - Славінскі Антон Іванавіч быў камуніст, у Суціне яго паставілі старшынёй сельсавета. Тады якраз была калектывізацыя, бацька ўдзельнічаў у ёй: раскулачваў суцінскіх багацеяў. Кулакі яго не любілі, нават пабілі там. У 1933 г. з Суціна пераехалі ў Тальку, бацьку паставілі загадчыкам сельпо і абралі народным суддзёй. Мама мая - Аляксандра Ануфрыеўна Шацілоўская асірацела ў 4 гады, дык выхавала і выгадавала яе ў Шацку яўрэйка Рахіль Сямёнаўна Коган. Таму матуля мая ўмела гаварыць на мове ідыш, у Тальцы лёгка сышлася, падружылася з яўрэямі. Многія тут нават думалі, што яна яўрэйка. З яўрэямі мы ўсе сябравалі. Памятаю, як на іх свята пейсах частавалі яны нас, беларускіх дзяцей, мацой. Гэта такія вялікія прэсныя бліны. Немцы, як толькі прыйшлі, спачатку нікога не чапалі, у клубе зрабілі царкву, дазволілі маліцца людзям. А здзекі і глумленне пачаліся пазней, і першымі ахвярамі сталі яўрэі. Яўрэяў сагналі ў піянерскі лагер за Таллю, адтуль іх ганялі на работы. Суседзі, знаёмыя насілі ім у гета ежу. Уцёк з гета толькі адзін - Ара Дрэйзін. 22 верасня немцы і паліцаі павялі іх у лес за Таль, заставілі рыць яму. Потым у гэтую яму іх укладвалі тварам уніз і расстрэльвалі. Так фашысты і паліцаі расстралялі 280 чалавек. Бацьку майго спачатку абралі старастам у Тальцы. Калі яўрэяў гналі на работу, то яго бралі ў заложнікі, каб ніхто з яўрэяў не ўцёк. Памочнікам бацькі быў Пятроў, немец з Паволжа. Гэты Пятроў потым яго і выдаў - расказаў немцам, што ён камуніст і дапамагае людзям. Немцы шукалі ў Тальцы радыёкропкі. Знайшлі ў Шуркі Захарава, хацелі яго расстраляць, дык бацька абараніў, паручыўся за яго. Ваеннапалонным бацька выпісваў пропускі - гэта такія паперы, якія давалі ім магчымасць жыць у вёсцы. Многіх так выратаваў. Шмат хто з ваеннапалонных пайшоў у лес, да партызан, за Шэлехаў. У паліцыю ў Тальцы пайшлі Іван Кароткі, Пётра Кульбіцкі, Маланка. Тату майго Пётр Кульбіцкі арыштаваў і павёз у Асіповічы ў СС, а потым і маму арыштаваў. Паліцаі напісалі, што мама яўрэйка. Мы, дзеці, паехалі ў Асіповічы да мамы, павезлі ёй буханку хлеба, а ў ёй запіску: "Мамачка, чым мы можам табе дапамагчы?" І тату, і мамачку нашых расстралялі ў Асіповічах, мы нават не ведаем, дзе яны пахаваныя. Мы засталіся ўпяцёх сіротамі: Таня 17 год, Валя 15, Клара 13, Толя 11, Валодзя 8. Як жыць? Павесілі торбы і пайшлі жабраваць. Хто дасць бульбіну, хто кавалак хлеба, хто костку якую. Часта галадалі. Школа ў Тальцы працавала ў вайну, але мы не хадзілі, бо не было чаго есці і апрануць. Дапамагалі ежаю Мігуцкія, фельчар Лявонцій Кароткі, настаўніца Серафіма Аляксееўна. Аднойчы, калі хадзілі пабірацца па вёсках, ля Блужы ў ляску ўбачылі кажух. Падышлі бліжэй, ажно гэта не кажух, а авечка здохлая ляжыць. Дзеці дужа ўзрадваліся - во колькі ежы адразу знайшлося! З'елі гэту авечку. 31 мая 1943 г. мяне вывезлі на работы ў Германію. Спачатку працавала ў Франкфурце-на-Майне на чыгунцы. Там у лагерах нас кармілі нядрэнна. Пасля павезлі нас на біржу, і мяне набыла пані Эльза. У яе я працавала на гаспадарцы і ў доме. Пані Эльза трымала 18 кароў, каб сыр, масла, смятану прадаваць, пасылаць для нямецкіх салдат на фронт, а мне давала піць перагон. Эльза вадзіла мяне ў кіно. Памятаю, што рускіх сялян у тым кіно паказвалі ў лапцях, селянін рэжа хлеб касой і есць. Маўляў, во якія адсталыя і дзікія гэтыя рускія. А калі паказвалі хроніку пра бітву на Курскай дузе, дык я стала плакаць, не вытрымала, - Эльза выгнала мяне з кіназалы і больш у кіно ніколі не брала. Муж пані Эльзы ваяваў на Усходнім фронце і загінуў на Беларусі - ля Барысава ці ля Бабруйска, не памятаю дакладна. Калі вайна скончылася, я вырашыла вярнуцца дамоў. На мосце нас абменьвалі: 100 савецкіх - на 100 немцаў. Ехалі дамоў праз Польшчу, Украіну. Везлі ў цялячых вагонах, зусім не кармілі. Прывезлі ў Пухавічы, адтуль пешшу прыйшла ў Тальку. Дома мяне чакала яшчэ адна страшная вестка: наш брацік Толя падарваўся на снарадзе і памёр. Тры хлапцы з ім у лузе разбіралі снарад і загінулі. Яшчэ 7 чалавек у Тальцы падарваліся на міне, што знайшлі ў рацэ. Пасля вайны таксама мае браты і сёстры яшчэ жабравалі, хадзілі збіраць каласкі на палях за Весяловым. Каласкі запарвалі, таўклі і елі". уверх![]() |
||||